Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕТРАШЭ́ЎСКІ (Буташэвіч-Петрашэўскі) Міхаіл Васілевіч

(13.11.1821, С.-Пецярбург — 19.12.1866),

дзеяч рас. рэв. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). Служыў у Мін-ве замежных спраў. Яго паліт. і філас. погляды адлюстраваны ў «Кішэнным слоўніку замежных слоў, якія ўвайшлі ў склад рускай мовы» (вып. 1—2, 1845—46). У 1845—49 П. праводзіў у сябе сходы, т.зв. «пятніцы», рэв.-дэмакр. інтэлігенцыі (гл. Петрашэўцы). Прыхільнік утапічнага сацыялізму Ш.Фур’ё, адмены прыгоннага права, звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэсп. ладу ў Расіі. У 1848 удзельнічаў у нарадах па стварэнні тайнага т-ва. У 1849 арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу, замененага бестэрміновай катаргай, якую адбываў ва Усх. Сібіры. З 1856 на пасяленні.

Літ.:

Прокофьев В. Петрашевский. М., 1962;

Возный А.Ф. Петрашевский и царская тайная полиция. Киев, 1985.

т. 12, с. 335

ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,

удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.​В.​Ханыкаў, Дз.​Дз.​Ахшарумаў, М.​А.​Мамбелі, М.​С.​Кашкін і інш. Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.

Літ.:

Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

К.​Л.​Патаенка.

т. 12, с. 335

«ПЕТРО́БРАЗ»

(Petróbraz),

дзяржаўная нафтагазавая і нафтахім. кампанія Бразіліі. Праводзіць геолага-разведачныя работы, здабычу, перапрацоўку і збыт нафты і газу ўнутры краіны, а таксама знешнегандлёвыя аперацыі з гэтымі таварамі. Засн. ў 1954. Мае 87 даччыных і асацыіраваных кампаній, 11 нафтаперапр. з-даў, сетку нафтаправодаў, нафтасховішчы і танкерны флот. Вядзе пошукі на нафту ў Лівіі, Конга, Індыі, Іране, Анголе і інш. Аб’ём продажу 14,8 млрд. дол. ЗША, чысты прыбытак 765 млн. дол., занята 67 тыс. чал. (канец 1980-х г.).

т. 12, с. 335

ПЕТРО́НІЙ, Гай Петроній Арбітр (Gaius Petronius Arbiter; ? — 66 н.э.),

рымскі пісьменнік. Арыстакрат, «арбітр элегантнасці» пры двары імператара Нерона. Абвінавачаны ў змове, скончыў самагубствам. Верагодны аўтар рамана «Сатуры» («Сатырыкон»; мяркуюць, складаўся з 20 кніг), напісанага прозай з вершаванымі ўстаўкамі іранічна-сентэнцыйнага зместу. Захаваліся ўрыўкі, у якіх апісаны авантурныя і любоўныя гісторыі герояў з нізоў грамадства. Твору ўласцівы шырокі быт. фон, каларытныя замалёўкі нораваў эпохі Рым. імперыі. Аўтар выкарыстаў моўную характарыстыку для індывідуалізацыі персанажаў, стварыў узоры прастамоўя.

Тв.:

Рус. пер. — Сатирикон // Ахилл Татий. Лонг. Петроний. Апулей. М., 1969;

У кн.: Античный плутовской роман. Л., 1991.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 12, с. 335

ПЕТРУКО́Ў (Міхалка) (сапр. Лотыш Міхаіл Пятровіч; 1880 ?, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1947),

бел. пісьменнік. Ваяваў у 1-ю сусв. і грамадз. войны. Працаваў пісарам у Івянцы, Стоўбцах, Валожыне, рабочым у Ракаве, Радашковічах, настаўнічаў у ваколіцах Івянца. З 1910 друкаваўся ў «Нашай ніве». Пісаў апавяданні, карэспандэнцыі, нататкі, у якіх адлюстроўваў жыццё местачкоўцаў, сялян, норавы мясц. улад. Часта звяртаўся да фальклору.

Тв.:

У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 171—173.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 335

ПЕТРУРГІ́Я,

тое, што каменнае ліццё.

т. 12, с. 335

ПЕТРУСЕ́ВІЧ (Казімір Адамавіч) (4.3.1872, б. фальварак Новіны каля в. Душава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1949),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, адвакат. Бацька К.К.Петрусевіча. Скончыў Кіеўскі ун-т (1895). З 1896 пам. прысяжнага паверанага. У рэв. руху з 1894. Удзельнік Першага з’езда РСДРП у Мінску (1898). Чл. Мінскай арг-цыі РСДРП, удзельнік рэв. падзей 1905—06. Неаднойчы быў арыштаваны, сасланы і зняволены (1897, 1898, 1905). Выступаў абаронцам на суд. працэсах. Абараняў Я.​Коласа (1908) па справе яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, рэвалюцыянераў А.В. і В.​І.​Бонч-Асмалоўскіх. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. З 1918 нам. старшыні савета адвакатаў, старшыня к-та Чырв. Крыжа, акр. суда ў Мінску, з 1920 на адвакацкіх і суд. пасадах у Вільні, праф. Віленскага ун-та. Як юрыст выступаў супраць дыскрымінацыі нац. меншасцей Зах. Беларусі. У 1926 на працэсе 94-х абараняў удзельнікаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у 1928 на працэсе 56-і — дзеячаў Бел. сял.-работніцкай грамады, за што звольнены з ун-та, у 1934 — М.​Танка, зняволенага за рэв. дзейнасць, у 1936 — групу абвінавачваных зах.-бел. яўрэяў і інш. З 1945 у Польшчы: юрыд. саветнік у рэпарацыйных установах, суддзя Вярх. суда, чл. Гал. адвакацкага савета. Аўтар прац па цывільным праве.

Літ.:

Мошинский И.Н. На путях к 1 съезду РСДРП. М., 1928;

Polski słownik biograficzny. Wrocław etc., 1980. T. 25/4. S. 696—699.

У.​М.​Кісялёў.

т. 12, с. 335

ПЕТРУСЕ́ВІЧ (Казімір Казіміравіч) (23.3.1906, Мінск — 26.3.1982),

бел. і польскі вучоны-біёлаг, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Акад. АН Польшчы (1952), д-р біял. н. (1937). Сын К.А.Петрусевіча. Скончыў Віленскі ун-т (1933), у якім працаваў асістэнтам (1928—37). Адзін з арганізатараў і сакратар студэнцкай арг-цыі «Фронт». У 1937 арыштаваны польскімі ўладамі і прыгавораны да 4 гадоў турэмнага зняволення. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) дырэктар сярэдняй школы ў Ганцавіцкім р-не Пінскай вол. У час акупацыі Беларусі ням.-фашыстамі за сувязь з партызанамі схоплены гітлераўцамі і прыгавораны да расстрэлу, аднак паранены цудам выратаваўся. З 1942 у партыз. спецатрадзе НКДБ СССР «Сокалы». З 1944 у Польшчы: нам. міністра харч. забеспячэння, марскога гандл. флоту, заг. аддзела навукі і ВНУ ЦК ПАРП. У 1949—69 праф. Варшаўскага ун-та, адначасова ў 1952—72 арганізатар і дырэктар Ін-та экалогіі АН Польшчы. Аўтар прац па экалогіі і папуляцыі.

У.​М.​Кісялёў.

т. 12, с. 335

ПЕТРУШЭ́ЎСКАЯ (Людміла Сцяфанаўна) (н. 26.5.1938, Масква),

руская пісьменніца. Скончыла Маскоўскі ун-т (1961). Працавала ў друку, на радыё. У п’есах «Каханне» (паст. 1975), «Чынзана», «Дзень нараджэння Смірновай» (абедзве паст. 1979), «Кватэра Каламбіны» (паст. 1986), «Маскоўскі хор» (паст. 1988), аповесцях «Сваё кола» (1988), «Час ноч» (1992), «Маленькая Грозная» (1998), зб. апавяданняў «Бессмяротнае каханне» (1988) і інш. жыццё сучасніка, паказ штодзённасці як нязведанай сферы рэчаіснасці. Аўтар «Дзікіх жывёльных казак» (1993—94), кінасцэнарыяў і інш. Піша для дзяцей. Творчасць П. адметная жорсткасцю псіхал. аналізу, разнастайнасцю персанажаў і моўных стыляў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Харьков, 1996;

Бал последнего человека: Повести и рассказы. М., 1996;

Настоящие сказки. М., 1997;

Дом девушек: Рассказы и повести. М., 1998.

т. 12, с. 335

ПЕТРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Васілевіч) (9.10.1898, г. Лунінец Брэсцкай вобл. — 21.10.1976),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1954). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1919—20. З 1932 на выкладчыцкай рабоце, з 1938 нам. нач. штаба БВА. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Бранскім, 1-м, 2-м і 3-м Укр. франтах: нач. штаба арміі, камандзір корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, Варонежска-Касторненскай, Сеўска-Арлоўскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Балатонскай і Венскай аперацый. Стралк. корпус на чале з ген.-лейт. П. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на тэр. Румыніі. Да 1960 у Сав. Арміі.

А.В.Петрушэўскі.

т. 12, с. 336