Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́ЛЬТЦЭР (Таццяна Іванаўна) (6.6.1904, Масква — 16.7.1992),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1972). На сцэне з 1920. З 1925 працавала ў маскоўскіх т-рах імя Массавета, з 1940 Мініяцюр, з 1947 Сатыры, з 1977 ў т-ры «Ленком». Творчасці ўласціва вострая камедыйнасць з надзвычайнай дакладнасцю сцэн. малюнка, схільнасць да буйнаакрэсленага характару; выкарыстанне гратэскавых прыёмаў спалучалася ў актрысы з псіхал. дакладнасцю, шчырасцю і душэўнасцю выканання. Сярод роляў: Каурава («Снеданне ў прадвадзіцеля» І.​Тургенева), Манефа, Кукушкіна («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), нянька Гінес («Дом, дзе разбіваюцца сэрцы» Б.​Шоу), Марселіна («Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта) і інш. Здымалася ў кіно: «Вяселле з пасагам», «Салдат Іван Броўкін», «Вам і не снілася», «Каранцін», «Формула кахання». Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 12, с. 263

ПЕЛЬТЫГЕ́РА (Peltigera),

род ліставатых лішайнікаў сям. пельтыгеравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, большасць у тропіках і субтропіках Паўд. паўшар’я. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя П.: бураватая (P. rufescens), пухірыстая (P. aphthosa), сабачая (P. canina), шматпальцавая (P. polydactyla). У Чырв. кнігу занесена П. гарызантальная (P. horizontalis). Трапляюцца на глебе, каля асновы ствалоў, на пнях у лясах, на лугах.

Слаявіна буйналопасцевая (дыяметрам 3—30 см). Зверху шэрая або карычневая, пладовыя целы (апатэцыі) размешчаны па краі лопасцяў. Знізу — светлая з жылкамі, на якіх знаходзяцца рызіны (органы прымацавання да субстрату). Сумкі 6—8-споравыя. Споры бясколерныя або карычневыя Фікабіёнт — водарасць пераважна з роду насток.

У.​У.​Галубкоў.

Пельтыгера гарызантальная.

т. 12, с. 263

ПЕЛЬЦЬЕ́ З’Я́ВА Пельцье эфект,

вылучэнне (паглынанне) цеплыні пры праходжанні пастаяннага эл. току праз кантакт (спай) двух розных праваднікоў ці паўправаднікоў: Адкрыты франц. фізікам і метэаролагам Ж.​Пельцье (1834). П.з. адваротная Зеебека з’яве.

Вылучэнне цеплыні змяняецца паглынаннем пры змене напрамку току. Колькасць вылучанай (паглынутай) цеплыні за час t прапарцыянальная сіле току I, што праходзіць праз спай: Q = ПIt, дзе П — каэфіцыент Пельцье, залежны ад рэчыва праваднікоў (найб. у паўправаднікоў) і т-ры. П.з. выкарыстоўваецца для стварэння ахаладжальных і награвальных паўправадніковых прылад. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.

т. 12, с. 263

ПЕ́ЛЬЧАР (Pelczar) Ян, польскі філолаг, лацініст канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. Першы даследчык творчай спадчыны М.Гусоўскага. Падрыхтаваў навук. выданне твораў паэта, напісаў да яго ўступны артыкул і грунтоўныя каментарыі («Творы Міколы Гусоўскага», выд. ў серыі «Збор старажытнейшых лацінскіх паэтаў Польшчы», Кракаў, 1894, т. 4). Аўтар манаграфіі «Мікола Гусоўскі, яго жыццё і творы» (Кракаў, 1900). Яго працы садзейнічалі пашырэнню даследавання творчасці паэта і яе папулярызацыі. П. натхніў паэта Я.​Каспровіча на пераклад паэмы Гусоўскага «Песня пра зубра» на польск. мову.

Я.​І.​Парэцкі.

т. 12, с. 264

ПЕ́ЛЯДЗЬ, сырок (Coregonus peled),

рыба роду сігаў сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў вадаёмах паўн. Еўразіі. Мае 3 экалагічныя формы: рачная хуткарослая, азёрная звычайная і азёрная карлікавая (з прыгнечаным ростам). Чародная рыба. Акліматызавана ў некат. краінах Еўропы. У азёрах Беларусі (Віцебская вобл.) з 1957.

Даўж. да 55 см, маса да 3 (зрэдку да 5) кг. Цела падоўжанае, высокае, цёмна-серабрыстае. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. На галаве і спінным плаўніку невял. чорныя плямы. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі ёсць тлушчавы плаўнічок. Корміцца зоапланктонам (пераважна ракападобнымі). Аб’ект промыслу і гадоўлі.

Пелядзь.

т. 12, с. 264

ПЕЛЯКА́, Пяляка,

рака, левы прыток р. Струна (бас. Віліі) у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. і Літве. Даўж. 25 км, у межах Беларусі -22 км. Пл. вадазбору 82 км². Пачынаецца ў Літве, за 1 км на З ад в. Казнадзеюшкі Пастаўскага р-на перасякае мяжу, упадае ў Струну за 2,2 км на ПдУ ад в. Масцяны Астравецкага р-на. Цячэ пераважна па лесе. Пойма месцамі забалочаная. Рэчышча на працягу 1,8 км ад вусця каналізаванае.

т. 12, с. 264