Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,

кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц. канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл. Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.

Н.К.Мазоўка.

т. 11, с. 254

НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),

у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.

У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус. сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.

У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.

У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).

У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).

У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац. АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел. ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.

Літ.:

Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;

Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.

У.М.Конан (літаратура), В.М.Чарнатаў (архітэктура).

Да арт. Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.
Да арт. Неакласіцызм Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.

т. 11, с. 254

НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ,

агульны тэрмін, які адносіцца да распрацаваных у межах неакласічнай эканамічнай тэорыі мадэляў эканамічнага росту; асн. ўпор у гэтых мадэлях робіцца на лёгкасць замяшчэння паміж капіталам і працай у вытв. функцыі, што забяспечвае ўстойлівы эканам. рост. У адрозненне ад кейнсіянства на першы план вылучаецца праблема патэнцыяльна магчымага тэмпу росту эканомікі і фактараў, што яго вызначаюць. Выкарыстанне вытв. функцый пры аналізе стат. даных, што характарызуюць працэс эканам. росту ў асобных краінах, стала пачаткам даследаванняў па ацэнцы ролі асобных фактараў росту: колькасных (рост прац. сілы і асн. капіталу) і якасных, якія з’яўляюцца вынікам тэхн. прагрэсу.

т. 11, с. 255

НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у эканоміцы 19 ст., які замяніў дактрыны класічнай эканам. тэорыі (т. зв. «маржыналісцкая рэвалюцыя»), У адрозненне ад кейнсіянства характарызуецца мікраэканам. падыходам да эканам. з’яў. Прадстаўнікі Н.э.т. Л.Вальрас, К.Віксель, У.Джэванс, А.Маршал, В.Парэта, Ф.Эджуарт, эканамісты Дж.Кларк, І.Фішэр (ЗША), К.Менгер (Аўстрыя) і інш. развілі інструментарый гранічнага аналізу эканомікі, падкрэслівалі значэнне дэфіцытнасці даброт для вызначэння іх цаны, заклалі агульнае ўяўленне пра сутнасць аптымальнага размеркавання рэсурсаў і інш. Ідэі тэорыі выкладзены ў кн. Маршала «Прынцыпы эканамічнай навукі» (1890). Н.э.т. з’явілася асновай для тэорыі эканомікі дабрабыту, эканамічнага росту тэорыі; гал. дасягненне — мадэль канкурэнтнай раўнавагі Вальраса.

т. 11, с. 255

НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),

слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаў («камбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.Дубоўка), «грыбазбіры» (П.Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.

Літ.:

Брагина А Неологизмы в русском языке. М., 1973;

Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;

Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.

т. 11, с. 255

НЕАЛАМАРКІ́ЗМ,

сукупнасць ідэалістычных эвалюц. канцэпцый, заснаваных на асобных палажэннях ламаркізму. Узнік на паслядарвінаўскім этапе развіцця эвалюц. вучэння як проціпастаўленне дарвінізму. Вылучаюць 3 асн. кірункі Н.: орталамаркізм сцвярджае, што накіраванасць эвалюцыі абумоўлена зыходнымі ўласцівасцямі арганізма і па сутнасці ўяўляе сабой аўтагенет. канцэпцыю (гл. Аўтагенез); механаламаркізм тлумачыць эвалюц. пераўтварэнні арганізмаў іх зыходнай уласцівасцю мэтанакіравана рэагаваць зменамі структур і функцый на змены навакольнага асяроддзя (эктагенез), якія і вызначаюць эвалюцыю; псіхаламаркізм устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма, яго частак, у т.л. клетак. Агульнае для ўсіх канцэпцый — прызнанне дзеяння натуральнага адбору абмежаваным і залежным ад зменлівасці зыходнага матэрыялу.

Літ.:

Сковрон С. Развитие теории эволюции. Варшава, 1965;

Оно С. Генетические механизмы прогрессивной эволюции: Пер. с англ. М., 1973.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 255

НЕАЛЕ́ЛЬНЫЯ ГЕ́НЫ,

гены, што вызначаюць развіццё неальтэрнатыўных адзнак арганізма (напр., колер вачэй, форма ногцяў). Калі пры меёзе не адбываецца красінговера і Н.г. знаходзяцца ў розных локусах гамалагічных храмасом, тады адбываецца іх поўнае счэпленае наследаванне, а пры наяўнасці красінговера — няпоўнае. Свабоднае камбінаванне Н.г. па 3-м законе Мендэля бывае пры іх знаходжанні ў розных парах гамалагічных храмасом.

Р.Г.Заяц.

т. 11, с. 255

НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),

новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.

т. 11, с. 256

НЕАМАРКСІ́ЗМ,

сукупнасць філас., сацыялаг. і паліт. ідэй, канцэпцый, тэорый, аўтары і прадстаўнікі якіх звярталіся да вучэння К.Маркса з мэтай абнаўлення яго поглядаў ва ўмовах грамадскай і паліт. рэчаіснасці 1930—80-х г. Прадстаўнікі Н. спалучалі асобныя элементы сац.-філас. поглядаў К.Маркса і У.І.Леніна з палажэннямі неагегельянства, ніцшэанства, філасофіі жыцця, экзістэнцыялізму, неафрэйдызму, розных адценняў анархізму і інш. філас. плыняў. У Н. адрозніваюць 2 процілеглыя кірункі: дыялектычна-гуманістычны і сцыентыстычны. Першы з іх грунтуецца на трактоўцы асобы як суб’екта гіст. дзеяння і ўключае шэраг філас., філас.-этычных, філас.-эстэтычных, філас.-псіхал. плыняў: франкфурцкую школу (Т.Адорна, Ю.Габермас, М.Хоркхаймер), фенаменалагічны марксізм (Э.Пачы, П.Піконе), экзістэнцыялістычны марксізм Ж.П.Сартр, М.Мерло-Панці); фрэйдамарксізм (Г.Маркузе, Э.Фром); групу югасл. філосафаў «Праксіс» (С.Маркавіч, Г.Петравіч) і інш. Сцыентыстычны кірунак Н. прадстаўляюць філас. плыні, у межах якіх разглядаецца праблематыка тэорыі пазнання і навукі (Л.Альцюсер, Г. дэла Вольпе). Да Н. далучыліся некат. тэарэтыкі антыкаланіяльнага нац.-вызв. руху (С.Амін), крытычныя сацыёлагі (Ч.Р.Мілс, Н.Бірнбаўм), некат. ідэолагі фемінісцкіх рухаў. У неамарксісцкай інтэрпрэтацыі малады К.Маркс у якасці «філас. антраполага» проціпастаўлены сталаму — аўтару «Капітала», дзе чалавечая асоба ўжо выпадае з яго поля зроку. Марксава бачанне гуманізму ў іх канцэпцыях звузілася да індывіда; марксісцкая дыялектыка распаўсюджвалася толькі на сац. працэсы; катэгорыі прадукцыйных сіл і вытв. адносін саступалі месца паняццям працы і інтэракцыі (узаемадзеяння); вучэнню Маркса пра сусветна-гістарычную місію пралетарыяту проціпастаўлялася канцэпцыя пра інтэграцыю рабочага класа ў капіталіст. сістэму. Радыкальныя ідэі Н. ў 2-й пал. 1960-х г. былі ўспрыняты ўдзельнікамі «руху новых левых» («крытычная інтэлігенцыя», моладзь, студэнцтва, навучэнцы), у канцы 20 ст. водгукі Н. адчуваюцца ў ідэалогіі руху «зялёных» у канцэпцыі экалагічнага сацыялізму і інш.

В.І.Боўш.

т. 11, с. 256

НЕАНДЭРТА́ЛЬЦЫ (Homo neandertalensis),

палеаантрапы, стараж. людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту. Назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ў 1856 упершыню знойдзены рэшткі шкілета гэтага выкапнёвага чалавека. Пазней рэшткі Н. знойдзены ў розных мясцінах Еўропы, Азіі, Афрыкі (акрамя Амерыкі і Аўстраліі). Па аб’ёме мозга Н. займаюць прамежкавае становішча паміж сучасным чалавекам і пітэкантрапам, сінантрапам, атлантрапам і гейдэльбергскім чалавекам. Чэрап Н. вызначаецца нізкім скляпеннем, пакатым ілбом, вял. надвочнымі валікамі і вышынёй твару. Падзяляюцца на больш старажытных, звязаных з ашэльскай культурай, і больш позніх, звязаных з мусцьерскай культурай. Паводле шматлікіх прыкмет раннія Н. маюць большае падабенства да сучасных людзей, чым познія. У Н. фарміравалася абстрактнае мысленне, зараджаліся грамадская свядомасць і мастацтва. Лічаць, што Н. былі першымі людзьмі, якія праніклі на тэр. паўд. і паўд.-ўсх. Беларусі ў сярэднім палеаліце.

Літ.:

Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия: некоторые теорет. вопросы. М., 1985;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

Л.І.Цягака.

Неандэрталец (фас і профіль). Рэканструкцыя М.М.Герасімава. 1948.

т. 11, с. 256