НЕАНДЭРТА́ЛЬЦЫ (Homo neandertalensis),

палеаантрапы, стараж. людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту. Назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ў 1856 упершыню знойдзены рэшткі шкілета гэтага выкапнёвага чалавека. Пазней рэшткі Н. знойдзены ў розных мясцінах Еўропы, Азіі, Афрыкі (акрамя Амерыкі і Аўстраліі). Па аб’ёме мозга Н. займаюць прамежкавае становішча паміж сучасным чалавекам і пітэкантрапам, сінантрапам, атлантрапам і гейдэльбергскім чалавекам. Чэрап Н. вызначаецца нізкім скляпеннем, пакатым ілбом, вял. надвочнымі валікамі і вышынёй твару. Падзяляюцца на больш старажытных, звязаных з ашэльскай культурай, і больш позніх, звязаных з мусцьерскай культурай. Паводле шматлікіх прыкмет раннія Н. маюць большае падабенства да сучасных людзей, чым познія. У Н. фарміравалася абстрактнае мысленне, зараджаліся грамадская свядомасць і мастацтва. Лічаць, што Н. былі першымі людзьмі, якія праніклі на тэр. паўд. і паўд.-ўсх. Беларусі ў сярэднім палеаліце.

Літ.:

Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия: некоторые теорет. вопросы. М., 1985;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

Л.І.Цягака.

Неандэрталец (фас і профіль). Рэканструкцыя М.М.Герасімава. 1948.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)