НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),

новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)