Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАЛАТЫ́ ВЕК,

у старажытных уяўленнях многіх народаў самая ранняя пара існавання чалавецтва, калі людзі заставаліся вечна маладыя, не ведалі турбот і засмучэнняў, былі падобныя да багоў, але падуладныя смерці, якая прыходзіла да іх як салодкі сон, З.в. называюцца таксама час росквіту культуры, мастацтва, л-ры, навукі і інш. Адпаведна гіст. працэсам развіцця ў розных краінах перыяды З.в. не супадаюць храналагічна і тыпалагічна. Для Беларусі некат. даследчыкі З.в. называюць 16—1-й пал. 17 ст., што прыпадае на бел. Адраджэнне.

т. 6, с. 511

ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,

цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс. т, Германія — 3,7 тыс. т, Францыя — 3,2 тыс. т, Італія —2,6 тыс. т, Швейцарыя — 2,6 тыс. т (усяго 20,2 тыс. т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс. т, у 1994—34,2 тыс. т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.

В.А.Драздоў.

т. 6, с. 511

«ЗАЛАТЫ́ ПУЛ»,

спецыяльная міжнар. арг-цыя, створаная ў 1961 ЗША і 7 заходнееўрап. краінамі для правядзення сумесных аперацый на Лонданскай залатой біржы з мэтай стабілізацыі рыначнай цаны золата на ўзроўні яго афіц. цаны. Выступала за міждзярж. рэгуляванне цаны на золата. З.п. распаўся ў 1968. Са спыненнем абмену долара ЗША на золата ў 1971 афіц. рынак золата практычна перастаў існаваць.

т. 6, с. 511

ЗАЛАТЫ́ РОГ,

1) бухта каля еўрап. берага праліва Басфор. Даўж. 12,2 км, шыр. 91—122 м, глыб. да 47 м. На берагах г. Стамбул (Турцыя).

2) Бухта ў заліве Пятра Вялікага (Японскае м.). Даўж. 7 км. Шыр. каля ўвахода больш за 2 км. Глыб. 20—30 м. На берагах горад і порт Уладзівасток (Расія).

т. 6, с. 511

ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,

грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв. эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.

В.А.Драздоў.

т. 6, с. 511

ЗА́ЛАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,24 км2, даўж. 870 м, найб. шыр. 370 м, найб. глыб. 12,6 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 140 км2. Схілы катлавіны ў выглядзе озавых град і камавых узгоркаў выш. 10—14 м, пад лесам, на У разараныя. Берагі на Пн і ПдЗ нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбакаводная — сапрапелістая, з упадзінамі. Праз возера цячэ р. Клевель (злучае яго з азёрамі Туравейскае і Каймін).

т. 6, с. 511

ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),

аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.

Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.

Залацістыя водарасці: 1 — гідрурус; 2 — сінура.

т. 6, с. 512

ЗАЛАЦІ́СТЫ СЯВЕ́Ц,

гл. Сявец залацісты.

т. 6, с. 511

ЗАЛАЧЭ́ННЕ,

пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.

Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш. Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.

т. 6, с. 512

ЗАЛА́ШКА (Міхаіл Валянцінавіч) (н. 21.11.1929, г. Грозны, Чэчэнская Рэспубліка),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р біял. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. н. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1953). З 1965 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі, у 1975—82 адначасова ў Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па фізіялогіі мікраарганізмаў і біятэхналогіі ў галіне ліпідагенезу дражджэй. Распрацаваў навук. асновы атрымання новых кармавых і лячэбна-прафілакт. прэпаратаў, абгрунтаваў тэарэт. канцэпцыю пра ўмовы сінтэзу ліпідаў 2 тыпаў у клетцы. Дзярж. прэмія Эстоніі 1985.

Тв.:

Биосинтез липидов дрожжами. Мн., 1971;

Экстрацеллюлярные продукты метаболизма дрожжей. Мн., 1979 (разам з Г.А.Підоплічка);

Биотехнология переработки молочной сыворотки. М., 1990.

т. 6, с. 512