Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАБЕ́ЛІНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,32 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 126 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, на Пд пад хмызняком. Злучана пратокай з азёрамі Лесава і Арэхаўна.

т. 6, с. 487

ЗАБЕ́ЛЫ,

фальварак, гл. ў арт. Валынцы.

т. 6, с. 487

ЗАБЕ́ЛЫ,

дзярж. дзеячы, шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — баярын Татвойш, які ў 2-й пал. 15 ст. атрымаў ад вял. кн. Казіміра зямлю ў Мядэкшах на Ковеншчыне. Унука Татвойша звалі Забела, ад яго і пайшоў род З. З 17 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя: Ян (? — крас. 1761), кашталян мсціслаўскі з 1752. Антоній (? — 18.8.1776), генерал-паручнік войска ВКЛ (1761), маршалак ковенскі ў 1744—61, вял. лоўчы ВКЛ у 1761—75. Юзаф (?—9.5.1794), сын Антонія, вял. лоўчы ВКЛ у 1775—93, гетман польны ВКЛ з 1793. Маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі, за што пакараны смерцю ў час паўстання 1794. Шыман (?—1793), кашталян мінскі з 1787.

У.М.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 487

ЗАБЕ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 4 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,44 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 2,1 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 11,1 км². Схілы катлавіны выш. 3—9 м, разараныя, на Пд 14—15 м, пад лесам. Берагі пясчаныя, месцамі забалочаныя, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя. Участкамі пойма шыр. да 50 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. На Пд невял. востраў пл. 0,7 га. Зарастае ў прыбярэжнай частцы. Злучана ручаём з азёрамі Марцыбылінскае і Мушкацкае.

т. 6, с. 487

ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,

рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.В.Мальдзіс.

т. 6, с. 488

ЗАБЕ́ЛЬСКІ ДАМІНІКА́НСКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1716—4838 пры дамініканскім кляштары св. Георгія ў фальварку Забелы каля в. Валынцы (Верхнядзвінскі р-н). Засн. на сродкі памешчыка Г.Шчыта. У 1787 калегіуму належала 5 фальваркаў з гадавым даходам 2547 руб. Пры калегіуме дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1802—3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 6 выкладчыкаў, 80 вучняў. З 1803 павятовае вучылішча ў складзе Віленскай навуч. акругі. У 1811 пераўтвораны ў гімназію, але дамініканцы захавалі і фінансавую самастойнасць. У 1817—6 класаў, 6 выкладчыкаў, 126 вучняў, павышаны ўзровень прыродазнаўчых дысцыплін. Пры гімназіі дзейнічала ніжэйшае духоўнае вучылішча. У 1821 дамініканцы прапанавалі міністэрству нар. асветы стварыць на базе гімназіі акадэмію з 3 ф-тамі, але беспаспяхова. У 1838 гімназія закрыта. Сярод вучняў пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. А.Ф.Самусік.

т. 6, с. 487

ЗАБЕ́ЛЬСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 18 ст. ў Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.). Меў багаты разнастайны рэпертуар, створаны мясц. аўтарамі — выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі; яго спектаклі былі асветніцкія па змесце і класіцыстычныя па форме. Росквіт т-ра прыпадае на 1787—91, калі на чале калегіі стаялі Ч.Папроцкі (да 1788) і К.Вяшчыцкі. У гэты перыяд пастаўлены трагедыя на польск. мове «Свабода ў няволі» і бел.польск. «Камедыя» К.Марашэўскага, польск. трагедыя «Сапар» і камедыя «Доктар па прымусе» М.Цяцерскага (перапрацоўка аднайм. п’есы Мальера); у 1789 — польск. трагедыя «Крэз» і камедыя нораваў «Пышнагольскі» І.Юрэвіча і інш. Выконваліся таксама дыялогі — судовая забаўка «Пчолы», школьная гульня «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя віншаванні і падзякі на польск. і лац. мовах.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—324.

т. 6, с. 488

ЗА́БЖЭ (Zabrze),

горад на Пд Польшчы, у Катавіцкім ваяв., у Верхнесілезскай агламерацыі. Вядомы з 1243. 202 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Здабыча каменнага вугалю, вытв-сць коксу, стальных канструкцый, кабелю, горнае машынабудаванне, металаапр., радыёэлектронная, дрэваапр., шкляная, гумавая, харч. прам-сць. Навук. ўстановы АН Польшчы. Тэатр, Дом музыкі і танца, музеі — гарадскі і вугальнай прам-сці.

т. 6, с. 488

ЗАБІ́ЛА (Наталля Львоўна) (5.3.1903, С.-Пецярбург — 6.2.1985),

украінская пісьменніца. Скончыла Харкаўскі ін-т нар. адукацыі (1925). Друкавалася з 1924. Дэбютавала кнігай вершаў для дзяцей «Далёкі край» (1927). Аўтар зб-каў вершаў «Дні трывог» (1945), «Наша Радзіма» (1947), «Вясёлыя сябры» (1975), кн. прозы «Радня» (1934), «Апавяданні, казкі, аповесці» (1962), рамана «Трактарабуд» (ч. 1—2, 1931—32) і інш. Вядома як перакладчыца. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, В.Вярба.

Літ.:

Бичко В.В. Наталя Забіла. Київ, 1963.

т. 6, с. 488

ЗАБЛО́ЦКІ-ЛА́ДА Тадэвуш Гілярыевіч, гл. Дада-Заблоцкі Т.Г.

т. 6, с. 488