Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗА́БАЛАЦЦЕ,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 130 км ад Гомеля. 653 ж., 273 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік архітэктуры — парк (2-я пал. 19 ст.).

т. 6, с. 485

ЗА́БАЛАЦЦЕ,

біялагічны заказнік у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1957 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са шматлікімі мінер. ўчасткамі (50% агульнай плошчы). У складзе балотнай расліннасці рэдкалесныя (хваёва-кусцікава-сфагнавыя і інш.) і бязлесныя фітацэнозы, пашыраны журавіны; лясы хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. На мінер. участках пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя лясы кіслічнага, імшыстага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.

т. 6, с. 485

ЗА́БАЛАЦЬ,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Радунь—Астрына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 80 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Бастуны. 1137 ж., 448 двароў (1997).

Вядома з канца 14 ст. З канца 15 ст. да пач. 20 ст. належала Глінскім, Нарбутовічам, Сапегам, Палубенскім, Габаям, Тышкевічам, Волянам, Плямяннікавым і інш. З 1536 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 75 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Радунскага р-на. З 1962 у Воранаўскім р-не. У 1971—892 ж., 321 двор.

Сельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12).

т. 6, с. 485

ЗАБАЛО́ТНЫ (Даніла Кірылавіч) (28.12.1866, с. Забалотнае Вінніцкай вобл., Украіна — 15.12.1929),

украінскі мікрабіёлаг. Акад. АН Украіны (1922). Акад. АН СССР (1929). Скончыў Новарасійскі (1891; Адэса) і Кіеўскі (1894) ун-ты. З 1898 у Пецярбургскім жаночым мед. ін-це, у 1919—23 рэктар Адэскага мед. ін-та. У 1928 арганізаваў у Кіеве Укр. ін-т эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АН, які носіць яго імя. У 1928—29 прэзідэнт АН Украіны. Кіраўнік Сан.-эпідэміял. камісіі Гал. ваенна-сан. ўпраўлення Чырв. Арміі, арганізатар курсаў ваен. і грамадз. урачоў-эпідэміёлагаў. Стварыў вучэнне пра прыродную ачаговасць чумы (1922); эксперыментальна даказаў ідэнтычнасць бубоннай і лёгачнай чумы. Навук. працы па вакцынапрафілактыцы і эпідэміялогіі асабліва небяспечных і інш. інфекц. хвароб.

Д.К.Забалотны.

т. 6, с. 485

ЗАБАЛО́ЦКАЯ (Людміла Васілеўна) (н. 27.12.1949, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). Працавала ў выд-ве «БелСЭ» (1974—84), на Бел. тэлебачанні, нам. гал. рэдактара час. «Пралеска» (1991—95), у выд-ве «Полымя», з 1996 у час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989), «Струны памяці» (1991). Асн. тэма творчасці — жаночая доля, каханне і пошукі жыццёвай гармоніі. Паэтэса чулая да маст. слова, настойлівая ў пошуку сродкаў узбагачэння паэт. тэматыкі. Пераклала на бел. мову раман В.Скота «Айвенга» (1997).

т. 6, с. 485

ЗАБАЛО́ЦКІ (Анатоль Дзмітрыевіч) (н. 16.10.1935, с. Сіда, Краснаярскі край, Расія),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967) і Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1960). У 1960—69 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчай манеры З. ўласцівы выразнасць партрэтных характарыстык, майстэрскае валоданне святлом. Зняў фільмы: маст. «Першыя выпрабаванні» (1960—61), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Маленькія летуценнікі» (1963), «Праз могілкі» (1965), «Альпійская балада» (1966); дакумент. «Сведкі вечнасці» (1965, рэж.-аператар), «Слова маці» (1978, сцэнарыст, рэж.) і інш. Прэмія Ленінскага камсамола 1980.

т. 6, с. 486

ЗАБАЛО́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),

рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед. ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творы груз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Избр. соч. М., 1991;

Столбцы. СПб., 1993;

Бел. пер. — Чырвоныя і сінія. Мн., 1932;

[Вершы] // Далягляды. Мн., 1979;

[Вершы) // Братэрства. Мн., 1986.

Літ.:

Турков А.М. Николай Заболоцкий. М., 1981.

І.У.Саламевіч.

т. 6, с. 486

ЗАБАЛО́ЦЦЕ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 48 км ад Гомеля. 298 ж., 126 двароў (1997). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 486

ЗАБАЛО́ЦЦЕ,

вёска ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на ПдЗ ад горада і 2 км ад чыг. ст. Смалявічы, 36 км ад Мінска. 763 ж., 262 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Георгіеўская царква (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 486

ЗАБАЛО́ЧВАННЕ,

гл. ў арт. Балотаўтваральны працэс.

т. 6, с. 486