ДЭМЕ́ТРЫЙ I ПАЛІЯРКЕ́Т (грэч. Dēmētrios Poliorkētēs, каля 337, Македонія — 283 да н.э.),
палкаводзец эліністычнага перыяду. Сын Антыгона I Аднавокага, паплечніка Аляксандра Македонскага. Разам з бацькам прымаў удзел у барацьбе дыядохаў. У 306 перамог флот Пталамея каля Саламіна на Кіпры, разам з бацькам прыняў тытул цара. У 301 каля г. Іпс Антыгон і Д.П. пацярпелі паражэнне, Антыгон быў забіты, Д.П. уцёк. У 295 захапіў Афіны, у 294—288 валодаў Македоніяй. У 287 у М. Азіі пацярпеў паражэнне ад караля Сірыі Селеўка I, трапіў у палон, дзе і памёр. Біяграфію Д.П. дае Плутарх у «Параўнальных жыццяпісах».
т. 6, с. 349
ДЭМІ́ ((Demy) Жак) (н. 5.6.1931, г. Паншато, Францыя),
французскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і ў Ін-це вышэйшай кінематаграфічнай адукацыі ў Парыжы. Вядомасць прынёс яму музычны фільм «Шэрбурскія парасоны» (1964) — вытанчанае, прасякнутае лірызмам апавяданне пра каханне і разлуку. Сярод інш. фільмаў: «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Атэлье мадэляў» (1969, ЗША), «Асліная шкура» (1970), «Пацукалоў» (1972, Вялікабрытанія), «Лэдзі О» (1979, Японія), «Пакой у горадзе» (1982). У фільмах Д. раскрыўся талент К.Дэнёў.
т. 6, с. 349
ДЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мілітарызацыя),
у міжнародным праве ліквідацыя на падставе дагавора ваен. умацаванняў і збудаванняў на пэўнай тэрыторыі, а таксама забарона ўтрымліваць на ёй ваен. базы і ўзбр. сілы або іх абмежаванне. Адрозніваюць поўную (Антарктыка, Аландскі архіпелаг, Шпіцберген, нябесныя целы, у т. л. Месяц) і частковую Д. (напр., стварэнне бяз’ядзерных зон). Д. таксама ўстанаўліваецца з мэтай гарантавання бяспекі дзяржавы-пераможцы з боку пераможанай дзяржавы: напр. Д. Германіі пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і пасля 2-й сусв. вайны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945, Д. Японіі паводле Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
т. 6, с. 349
ДЭМІНЕРАЛІЗАВА́НАЯ ВАДА́,
гл ў арт. Дыстыляваная вада.
т. 6, с. 349
ДЭМІРЧА́Н (Дэрэнік Карапетавіч) (18.2.1877, г. Ахалкалакі, Арменія — 6.12.1956),
армянскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Арменіі (1940). Акад. АН Арменіі (1953). Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай акадэміі (1892—94). Скончыў тбіліскую семінарыю Нэрсісян (1897), Жэнеўскі ун-т (1909). Друкаваўся з 1893. Аўтар паэт. кніг «Вершы» (1899 і 1913), «Вясна» (1920). Найб. ярка яго талент выявіўся ў драматургіі і прозе. Пра гіст. мінулае арм. народа раманы «Вардананк» (т. 1—2, 1943—46), «Месроп Маштоц» (незавершаны, кн. 1, 1956). Аўтар п’ес «Фасфарычны прамень» (1932), «Напалеон Каркацян» (1934), прац па літаратура-, мова- і мастацтвазнаўстве, гістарыяграфіі. На бел. мову творы Д. пераклалі В.Лукша, М.Татур.
Д.Гаспаран.
т. 6, с. 349
ДЭМІРЭ́ЛЬ ((Demirel) Сулейман) (н. 1.11.1924, Іслямкёй, пав. Іспарта, Турцыя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1949). У 1964—80 ген. старшыня Партыі справядлівасці. У 1965—71, 1975—77 (з перапынкамі), 1979—80 і ў 1991—93 прэм’ер-міністр Турцыі. Пасля ваен. перавароту 1980 двойчы інтэрніраваны (1980, 1983), апынуўся ў групе палітыкаў, якім была забаронена любая паліт. дзейнасць. Пасля вяртання ў 1983 да парламенцкага праўлення адзін са стваральнікаў, з 1987 ген. старшыня Партыі правільнага шляху (правапераемніцы Партыі справядлівасці). З 1993 прэзідэнт Турцыі.
т. 6, с. 349
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Т.І.Адула.
т. 6, с. 349
ДЭ́МПА (Dempo),
дзеючы вулкан на ПдЗ в-ва Суматра (хр. Барысан) у Інданезіі. Выш. 3159 м. Складзены з андэзітаў. Магутнае вывяржэнне ў 1908.
т. 6, с. 350
ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),
продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.
т. 6, с. 350
ДЭ́МПФЕР (ад ням. Dämpfer глушыцель),
прыстасаванне для гашэння (паглынання, заспакаення) шкодных ваганняў у машынах, механізмах, прыладах, канструкцыях.
Падзяляюцца на фрыкцыйныя (заспакойваюць ваганні пераўтварэннем энергіі ваганняў у работу трэння, якое ствараецца паміж элементамі Д.) і дынамічныя (змяняюць частату ўласных ваганняў сістэмы адносна частаты вонкавых сіл, каб папярэдзіць рэзананс); паводле канструкцыі — на мех., гідраўл. (напр., поршні ў вязкіх асяроддзях), пнеўматычныя. эл.-магн. і інш. Выкарыстоўваюцца ў рухавіках унутр. згарання, аўтам. рэгулятарах і вымяральных прыладах (гідраўл. і пнеўматычныя), у эл. машынах (у выглядзе шпуль індуктыўнасці, рэзістараў), у мнагаструнных муз. інструментах (калодачкі або планкі, абклееныя лямцам, для спынення ваганняў струн) і інш.
т. 6, с. 350