ДЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мілітарызацыя),

у міжнародным праве ліквідацыя на падставе дагавора ваен. умацаванняў і збудаванняў на пэўнай тэрыторыі, а таксама забарона ўтрымліваць на ёй ваен. базы і ўзбр. сілы або іх абмежаванне. Адрозніваюць поўную (Антарктыка, Аландскі архіпелаг, Шпіцберген, нябесныя целы, у т. л. Месяц) і частковую Д. (напр., стварэнне бяз’ядзерных зон). Д. таксама ўстанаўліваецца з мэтай гарантавання бяспекі дзяржавы-пераможцы з боку пераможанай дзяржавы: напр. Д. Германіі пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і пасля 2-й сусв. вайны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945, Д. Японіі паводле Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)