Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫСКРЭ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл. Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.

М.П.Савік.

т. 6, с. 293

ДЫСКУ́СІЯ (ад лац. discussio разгляд, даследаванне),

публічнае абмеркаванне якога-н. спрэчнага пытання; спрэчка асобных субяседнікаў.

т. 6, с. 293

ДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад позналац. dislocatio зрушэнне, перамяшчэнне) ў геалогіі, парушэнні залягання горных парод у зямной кары і на яе паверхні. Адбываюцца ў выніку ўнутрызямных (эндагенных) працэсаў: тэктанічных, магматычных, вулканічных, метамарфічных, гідрастатычнага выштурхоўвання, гравітацыйнага пераразмеркавання парод па шчыльнасці і пластычнасці; паверхневых (экзагенных) працэсаў: крыягенных (звязаных са шматгадовай мерзлатой), гляцыягенных (ледавіковых), эразійных (дзейнасці акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў і інш.), гравітацыйных (апоўзні, дэлювіяльна-пралювіяльныя перамяшчэнні), выціскання пластычных парод, карставых, саліфлюкцыйных (апаўзанне глеб на схілах стромкасцю больш за 3°—5°), дзейнасці ветру, тэхнагенных. Істотна ўплываюць на Д. і касм. працэсы: вярчэнне Зямлі, месячныя і сонечныя прылівы і адлівы, а таксама ўздзеянне інш. касм. цел. У выніку Д. адбываюцца дэфармацыі горных парод.

У.І.Шкуратаў.

т. 6, с. 293

ДЫСЛАКА́ЦЫІ ў крышталях,

трансляцыйныя лінейныя дэфекты ў крышталях; лініі, уздоўж і паблізу якіх парушана рэгулярнае размяшчэнне атамных плоскасцей. Могуць выходзіць на паверхню, замыкацца (утвараць дыслакацыйную пятлю), разгаліноўвацца, не абрываюцца ўнутры крышталя. Сярэдняя колькасць ліній Д., што праходзяць праз сячэнне адзінкавай плошчы, вызначае дыслакацыйную шчыльнасць.

У простай кубічнай рашотцы бываюць 2 тыпы Д. — краявая і вінтавая; у больш складаных структурах паміж гэтымі гранічнымі тыпамі могуць існаваць прамежкавыя (напр., у рашотцы алмазу бывае 10 тыпаў Д.). Краявыя Д. — лініі, уздоўж якіх унутры крышталя абрываецца край лішняй атамнай паўплоскасці. Вінтавыя Д. ўтвараюцца ў выніку зруху на перыяд рашоткі адной часткі крышталя адносна другой уздоўж некаторай атамнай паўплоскасці паралельна яе краю. Пры абходзе вакол лініі Д. па вузлах рашоткі ўзнікае незамкнёнасць контуру, якая характарызуецца вектарам Бюргерса b. Даўжыня вектара b роўная аднаму з трансляцыйных перыядаў рашоткі, а напрамак залежыць ад напрамку абходу контуру. Для краявой Д. вектар датычнай L да яе лініі і вектар b перпендыкулярныя, для вінтавой — паралельныя. Існуюць 2 спосабы перамяшчэння Д. па крышталі: слізганне (абумоўлена разрывам і перазлучэннем міжатамных сувязей уздоўж лініі Д.) і перапаўзанне (атамная рэканструкцыя краю лішняй паўплоскасці). У рэальных крышталях Д. — ломаныя лініі, якія складаюцца з участкаў (сегментаў) розных тыпаў. Пры збліжэнні двух Д. аднатыпныя сегменты 3 паралельнымі вектарамі Бюргерса адштурхоўваюцца, а з антыпаралельнымі — прыцягваюцца, і адбываецца «анігіляцыя» сегментаў. Узнікненне Д. абумоўлена пластычнай дэфармацыяй крышталя ў працэсе яго росту або далейшых тэрмаапрацовак. Д. ў крышталі знаходзіцца ў полі пругкіх напружанняў. Пры павелічэнні пластычнай дэфармацыі расце колькасць Д., іх палі перакрываюцца і слізганне ўскладняецца (дэфармацыйнае ўмацаванне). Рух і ўзаемадзеянне Д. вызначаюць змяненне формы крышталя і яго ўласцівасцей. У кавалентных крышталях (германій, крэмній, алмаз) Д. маюць абарваныя хім. сувязі; кожная разарваная (ненасычаная) сувязь можа выступаць як цэнтр захопу электрона. У кавалентных і іонных крышталях Д. праяўляюць сябе ў фотапругкасці, люмінесцэнцыі, анізатрапіі электраправоднасці і інш. Акрамя Д. у крышталях бываюць ратацыйныя лінейныя дэфекты — дысклінацыі (парушэнні сіметрыі напрамкаў).

Літ.:

Судзуки Т., Ёсинага Х., Такеути С. Динамика дислокаций и пластичность: Пер. с яп. М., 1989;

Дроздов Н.А., Патрин А.А., Ткачев В.Д. Рекомбинационное излучение на дислокациях в кремнии // Письма в Журн. экспер. и теорет. физики. 1976. Т. 23, № 11.

М.А.Драздоў, М.А.Паклонскі.

Дыслакацыі: 1 — краявая; 2 — вінтавая.

т. 6, с. 293

ДЫСЛАКА́ЦЫЯ ваенная,

размяшчэнне (раскватараванне) сухапутных войск і ваен. устаноў у мірны час у адведзеных для іх месцах (ваен. гарадках, лагерах і інш.); размяшчэнне вайсковых часцей і злучэнняў на фронце, злучэнняў ВПС па аэрадромах базіравання, караблёў ВМФ па партах для пастаяннага базіравання або на зімовы час. Пры Д. бярэцца пад увагу неабходнасць забеспячэння ўзбр. сіламі аховы інтарэсаў краіны на выпадак вайны.

т. 6, с. 294

ДЫСЛАЛІ́Я (ад дыс... + грэч. lalia мова),

тое, што коснаязыкасць.

т. 6, с. 294

ДЫСМАРФАМА́НІЯ (ад дыс... + марфа... + манія),

псіхічнае расстройства, якое выяўляецца хваравітай упэўненасцю ў наяўнасці выдуманай фіз. заганы. Уласціва пераважна падлеткаваму ўзросту (як і дысмарфафабія) і тычыцца бачных участкаў цела, фігуры і палавых органаў. Часцей праяўляецца ў выглядзе звышцэнных ідэй або трызнення, звычайна суправаджаецца стараннай маскіроўкай сваіх перажыванняў, імкненнем да выпраўлення выдуманага дэфекту любым шляхам. Пры гэтым магчымы імкненне да самагубства, самапашкоджанне, розныя віды самалячэння.

т. 6, с. 294

ДЫСМАРФАФАБІ́Я (ад дыс... + марфа... + фобія),

назойлівы неўратычны страх, звязаны з рэальнай або ўяўнай фіз. заганай. У адрозненне ад дысмарфаманіі працякае звычайна без цяжкіх псіх. расстройстваў. Праяўляецца пераважна ў падлеткаў як часовая ўзроставая з’ява; большасць выпадкаў Д. прыпадае на перыяд палавога выспявання (хоць можа развівацца і ў дарослых людзей, зрэдку і ў дзяцей).

т. 6, с. 294

ДЫСМЕНАРЭ́Я (ад дыс... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),

агульная назва расстройстваў менструальнага цыкла. Гл. таксама Альгадысменарэя.

т. 6, с. 294

ДЫСМІКРАБІЁЗ,

гл. Дысбактэрыёз.

т. 6, с. 294