ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).
Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.
т. 5, с. 533
ГУМНО́,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).
С.А.Сергачоў.
т. 5, с. 533
ГУМО́ЎСКІ
(Gumowski) Марыян (30.9.1881, в. Красценка-над-Дунайцам Новасандэцкага ваяв., Польшча — 1.11.1974),
польскі нумізмат, гісторык, музеязнаўца. З 1900 дырэктар музея Чапскіх і хавальнік Нац. музея (Кракаў). У 1909—19 рэдактар час. «Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя паведамленні»). У 1919—32 дырэктар Велікапольскага музея ў Познані. Пасля 2-й сусв. вайны выкладаў у Торуньскім ун-це нумізматыку і стараж. гісторыю (да 1955). Аўтар каля 400 прац і паведамленняў з галіны нумізматыкі, сфрагістыкі, геральдыкі, гісторыі і мастацтва («Медалі Ягелонаў», 1906; «Пячаткі польскіх каралёў», 1910; «Падручнік польскай нумізматыкі», 1914; «Гербы польскіх гарадоў», 1960; манаграфіі па гісторыі польскіх манетных двароў і інш.).
т. 5, с. 534
ГУ́МУС
(ад лац. humus зямля, глеба),
перагной, высокамалекулярныя цёмнаафарбаваныя арган. рэчывы глебы. Складаецца з гумусавых к-т (гумінавых і фульвакіслот), гуміну і інш. Утвараецца ў выніку гуміфікацыі прадуктаў распаду арган. рэшткаў. Мае элементы жыўлення раслін, якія пасля раскладання гумусу пераходзяць у даступную для іх форму. Глебы, багатыя гумусам, урадлівыя. З колькасцю гумусу ў глебе звязаны яе водны і цеплавы рэжым, біял. актыўнасць, міграцыя ў глебавым профілі прадуктаў глебаўтварэння і інш. Колькасць гумусу ў глебе — характэрная прыкмета пры вызначэнні яе тыпаў (напр., у чарназёмах назапашваецца да 15% гумусу, у падзолістых глебах — да 6%, у шэра-бурых пустынных — менш за 1%).
т. 5, с. 534