Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУЛЯ́ЕЎ Дзмітрый Цімафеевіч

(5.11.1915, с. Іванаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 5.9.1943),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Чаркаскі дарожна-буд. тэхнікум (1934), вучыўся ў Маскоўскім ваенна-паліт. вучылішчы. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 у партызанах: да крас. 1942 камісар, потым камандзір атрада, з чэрв. 1943 камандзір 101-й партыз. брыгады імя Аляксандра Неўскага, якая дзейнічала на тэр. Старобінскага р-на Мінскай вобл. Загінуў у баі. На месцы гібелі ў в. Калініна Слуцкага р-на пастаўлены помнік.

т. 5, с. 528

ГУЛЯ́ЕЎ Юрый Аляксандравіч

(9.9.1930, г. Цюмень, Расія — 24.4.1986),

рускі і ўкраінскі спявак (лірычны барытон). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1954). З 1955 у Свярдлоўскім і Данецкім оперных т-рах. З 1960 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета, з 1975 — Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Анегін, Раберт («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), граф ды Луна, Рэната («Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Яго канцэртны рэпертуар уключаў больш як 200 вак. твораў. Аўтар песень, у т. л. «Мне дарыла Расія», «Беражыце сяброў», «Жадаю Вам». Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1975.

т. 5, с. 528

ГУЛЯ́М Хамід

(сапр. Гулямаў Хамід Убайдулаевіч; н. 25.4.1919, Ташкент),

узбекскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Узбекістана (1969). Нар. пісьменнік Узбекістана (1979). Скончыў Ташкенцкі пед. ін-т (1941). Друкуецца з 1934. Аўтар зб-каў вершаў і паэм, кнігі балад «Кантыненты не спяць» (1960), раманаў гіст.-рэв., сац.-псіхал. тэматыкі «Светач» (кн. 1—2, 1958—61), «Галодны стэп» (1963), «Дарога да цябе» (1964), «Ташкентцы» (1967, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1974), «Бессмяротнасць» (1977, Дзярж. прэмія СССР 1980). Перакладаў на узб. мову асобныя творы У.Шэкспіра, Лопэ дэ Вэга, А.Пушкіна.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 5, с. 529

ГУЛЯ́МЫ

(араб. гулям літар. юнак, маладзец, раб),

1) рабы ў сярэдневяковых мусульм. краінах.

2) Пастаянная конная гвардыя ў Абасідаў халіфаце. Стваралася пры халіфе Мамуне [813—833], вербавалася з прывезеных з-за мяжы маладых рабоў пераважна цюрк. Паходжання.

3) Воіны прыдворнай гвардыі ў сярэдневяковых мусульм. дзяржавах (наз. таксама мамлюкі).

4) Радавыя воіны апалчэння ў сярэдневяковай Асманскай імперыі.

5) У Дэлійскім султанаце гвардзейцы-рабы цюрк. паходжання, а таксама іх камандзіры, якія сталі дэлійскімі султанамі (апошнія правілі ў 1206—90-я г.).

т. 5, с. 529

ГУЛЯ́ЎНІК

(Sisymbrium),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, а таксама ў Паўд. Амерыцы (Анды) і Паўд. Афрыцы. На Беларусі ў якасці занесеных і пустазелля трапляюцца 7 відаў: гуляўнік амаль кап’ялісты (S. subhastatum), волжскі (S. wolgense), высокі (S. altissimum), зменлівы (S. polymorphum), Лёзеля (S. loeselii), лекавы (S. officinale) і ўсходні (S. orientale). Растуць на сметніках, каля дарог, на палях і агародах.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м, з галінастым сцяблом, голыя або апушаныя. Лісце простае, надрэзанае або перыстараздзельнае, зрэдку цэласнае. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), рэдка — белыя, сабраныя ў вузкія коласападобныя суквецці. Плод — стручок. Пустазелле; некат. віды — кармавыя, лек., харч. (салатныя), меданосныя, тэхн. (фарбавальныя, алейныя) і ядавітыя расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 529