Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГУБНА́Я РЭФО́РМА,

рэформа мясц. кіравання ў Расіі ў 16 ст. У ходзе яе на тэр. губы створаны органы самакіравання — губныя ўстановы, арганізацыю і кампетэнцыю якіх вызначалі губныя граматы (вядомы з 1539) і наказы. Складаліся з губных хат, на чале стаялі 2 губныя старосты, якім дапамагалі губныя цалавальнікі і паліцэйскія чыны, справаводства вялі дзячкі. Падпарадкоўваліся Разбойнаму прыказу. Губныя ўстановы вялі расследаванне асабліва небяспечных крымінальных злачынстваў, практыкавалі павальныя вобыскі і допыты, часта ўжывалі катаванні, а ў адносінах да вінаватых — смяротную кару і жорсткія пакаранні. З 2-й пал. 16 ст. губныя старосты выконвалі і адм. абавязкі (адвядзенне зямель, межаванне і інш.). Пасля ўвядзення ў пач. 17 ст. ваяводскага кіравання, губныя ўстановы паступова пераходзілі пад кантроль ваявод. У 1669—84 скасаваны часова, у 1702 — канчаткова.

т. 5, с. 518

ГУБНЫ́ ГАРМО́НІК,

духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з комплексу метал. язычкоў, замацаваных на абодвух баках планкі, да якой прылягае драўляная або пластмасавая пласцінка з проразямі; праз іх струмень паветра трапляе на язычкі. У кожным канале 2 галасы, адзін з якіх гучыць пры выдыху, другі — пры ўдыху. Існуюць з сярэдзіны 19 ст., найб. пашыраны ў краінах Цэнтр. Еўропы. Вядомы губныя гармонікі розных сістэм з рознымі дыяпазонамі (1—3 актавы), з храматычным гукарадам, з клавішамі і інш. Найб. пашыраны ў строях С, G, F, а.

т. 5, с. 518

ГУ́БСКАЯ (Надзея Аляксандраўна) (н. 3.2.1947, в. Стары Каўрай Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1975). У 1966—77 працавала на Украіне і ў Расіі. З 1977 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам вял. напаўнення, багатай і высакароднай тэмбравай афарбоўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслава («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Графіня, Паміна («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Аіда, Леанора, Лізавета, Амелія («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска ў аднайм. операх Дж.​Пучыні, Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1973).

А.​А.​Саламаха.

т. 5, с. 518