ГУБА́ АВЕ́ЧАЯ,
грыб сям. скутыгеравых; тое, што бяляк.
т. 5, с. 514
ГУ́БЕР Аляксандр Андрэевіч
(1.4.1902, с. Каменка Чаркаскай вобл., Украіна — 16.6.1971),
савецкі гісторык-усходазнавец і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1966). Праф. (1935), д-р гіст. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1925). Працаваў у ін-тах гісторыі (1938—45, 1957—68), усеагульнай гісторыі (з 1968) і ўсходазнаўства (1950—56, у 1954—56 дырэктар) АН СССР. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (з 1937) і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (з 1946). Чл. Гал. рэдакцыі Сав. гіст. энцыклапедыі (з 1958). Гал. рэдактар час. «Новая и новейшая история» (1956—62). Віцэ-прэзідэнт (з 1965) і прэзідэнт (з 1970) Міжнар. к-та гіст. навук. Аўтар прац па гісторыі краін Паўд.-Усх. Азіі; адзін з аўтараў падручнікаў па гісторыі краін Азіі і Афрыкі для ВНУ.
Тв.:
Избр. труды. М., 1976.
т. 5, с. 516
ГУ́БЕР
(Huber) Роберт (н. 20.2.1937, г. Мюнхен, Германія),
нямецкі біяхімік. Чл. Баварскай АН (1988). Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1960). Працуе ў Ін-це біяхіміі імя М.Планка, з 1978 яго дырэктар. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў, у т. л. бялкоў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца фотасінтэзуючым рэакцыйным цэнтрам (1982, разам з І.Дайзенгоферам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.
т. 5, с. 516
ГУБЕРНА́ТАР
(ад лац. gubernator правіцель),
1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.
2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.
В.В.Швед.
т. 5, с. 516
ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,
калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют. Рэв. 1917.
А.М.Марыскін.
т. 5, с. 516
ГУБЕ́РНСКІЯ ВУЧО́НЫЯ АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ,
гл. ў арт. Архіўныя камісіі.
т. 5, с. 517
ГУБЕ́РНСКІЯ ПА СЯЛЯ́НСКІХ СПРА́ВАХ УСТАНО́ВЫ,
мясцовыя кіруючыя органы па правядзенні ў жыццё сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі. Утвораны неўзабаве пасля адмены прыгону. Разбіралі скаргі на дзеянні міравых пасрэднікаў і пав. міравых з’ездаў, зацвярджалі добраахвотныя пагадненні паміж памешчыкамі і сялянамі аб памяншэнні памераў надзелу, павышалі або паніжалі сял. павіннасці і інш. Падпарадкоўваліся непасрэдна міністру ўнутр. спраў. З утварэннем у 1889 у большасці губерняў Расіі інстытута земскіх участковых начальнікаў гэтым установам нададзены і суд. функцыі. У такой кампетэнцыі захоўваліся да Кастр. рэвалюцыі.
В.П.Панюціч.
т. 5, с. 517
«ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйныя газеты, што выдаваліся ў губернях і абласцях Рас. імперыі ў 1838 — 1917 на рус. мове. Перыядычнасць мянялася ад 1 да 6 разоў на тыдзень. У 1838 выдаваліся ў 42 (з 60) губ. цэнтрах. На Беларусі выходзілі «Белостокские областные ведомости» (1838—43), «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилёвские губернские ведомости». Мела афіц. і неафіц. (часам выдавалася самастойна) часткі. Матэрыялы рыхтавалі губ. стат. камісіі, пасля — губ. архіўныя камісіі і к-ты. Спынілі існаванне пасля Лют. Рэв. 1917.
С.В.Говін.
т. 5, с. 517
ГУБЕ́РНЯ,
асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр. СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.
Э.М.Савіцкі.
т. 5, с. 517