ГЕРАСІМЕ́НКА Васіль Піліпавіч
(24.4.1900, в. Вял. Бурамка Чаркаскай вобл., Украіна — 13.2.1961),
удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1940). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў Мінскую аб’яднаную ваен. школу (1927), ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У пач. Вял. Айч. вайны на Зах. фронце, 21-я і 13-я арміі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў Магілёва абароне 1941, войскі 28-й арміі — у Сталінградскай бітве, вызвалялі Данбас. Да 1953 у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46.
т. 5, с. 170
ГЕРАСІМЕ́НКА Назар Яўстратавіч
(1903, чыг. ст. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — люты 1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1929 працаваў у Мінску. З першых дзён ням.-фаш. акупацыі горада стварыў і ўзначаліў падп. групу (падп. псеўд. Мікалай), з 1942 сакратар Сталінскага падп. райкома КП(б)Б г. Мінск. На яго кватэры збіраліся падпольшчыкі, прымаліся сувязныя партыз. атрадаў, захоўвалася зброя, медыкаменты, нелегальная л-ра. У падп. рабоце ўдзельнічалі яго жонка Таццяна і 12-гадовая дачка Люся. У кастр. 1942 гітлераўцы арыштавалі ўсю сям’ю Герасіменка і пасля катаванняў загубілі. На тэр. сярэдняй школы № 25 у Мінску — бюст Люсі.
т. 5, с. 170
ГЕРАСІМЕ́НКА Юрый Паўлавіч
(9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр. маст. Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.Віткі (1983), «Знак бяды» В.Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.
Г.А.Фатыхава.
т. 5, с. 170
ГЕРАСІМО́ВІЧ Аляксандр Ніканоравіч
(н. 26.3.1939, в. Танежыцы Слуцкага р-на, Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай электратэхнікі. Д-р тэхн. н. (1994). Скончыў БПІ (1961). З 1970 у БПА (з 1995 праф.). Навук. працы па краявых задачах тэхн. электрадынамікі. Распрацаваў метады разліку эл.-магн. характарыстык токавядучых частак і правадніковых канструкцый электраўстановак, што забяспечваюць іх эфектыўнае праектаванне.
Тв.:
Итерационный метод решения краевой задачи при исследовании электромагнитных процессов в металлических листах и полосах, расположенных в переменном поле токопроводов // Изв. ВУЗов и энергетич. объединений СНГ. Энергетика. 1993. № 9—10.
А.І.Болсун.
т. 5, с. 170
ГЕРАСІМО́ВІЧ Георгій Ігнатавіч
(н. 18.1.1930, в. Новы Двор Мінскага р-на),
бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956) і з 1959 працуе ў гэтым ін-це (з 1976 заг. кафедры). Навук. працы па метадах кансерватыўнага лячэння дабраякасных пухлін, хірург. лячэнні анамалій развіцця жаночых палавых органаў, прафілактыцы і лячэнні гнойна-запаленчых ускладненняў у акушэрстве і гінекалогіі.
Тв.:
Советы врача молодоженам. 2 изд. Мн., 1986;
Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992 (разам з К.І.Малевічам, П.С.Русакевічам).
т. 5, с. 170
ГЕРАСІМО́ВІЧ Леанід Сцяпанавіч
(н. 7.1.1939, Мінск),
бел. вучоны ў галіне выкарыстання электраэнергіі ў сельскай гаспадарцы. Д-р тэхн. н. (1982), праф. (1985). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1996). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1967). З 1970 у Бел. агр. тэхн. ун-це, з 1989 яго рэктар. Навук. працы па энергетыцы і электратэхналогіі с.-г. вытв-сці. Распрацаваў тэарэт. асновы нізкатэмпературнага паверхнева-размеркаванага электранагрэву ў сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Автоматизация сельскохозяйственных тепловых процессов и установок. Горки, 1983 (разам з М.І.Боханам);
Низкотемпературные электронагреватели в сельском хозяйстве. Мн., 1984 (у сааўт.);
Электротермическое оборудование сельскохозяйственного производства. Мн., 1995 (у сааўт.).
А.І.Болсун.
т. 5, с. 171
ГЕРАСІМО́ВІЧ Пётр Мікалаевіч
(12.3.1912, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 20.4.1990),
бел. мастацтвазнавец і графік. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). Выкладаў у Мазырскім пед. тэхнікуме (1933—41), у 1945—82 працаваў у Дзярж. маст. музеі Беларусі. Аўтар прац пра бел. выяўл. мастацтва, манаграфій пра мастакоў Я.А.Зайцава (М., 1958) і А.М.Тычыну (Мн., 1961). Асн. творы станковай графікі: «Год 1919», «Год 1930» (абодва 1968), «Памятай, таварыш», «Пасля навальніцы» (абодва 1970), партрэты Я.Коласа і Я.Купалы (абодва 1982).
Тв.:
Изобразительное искусство Белорусской ССР. М., 1957 (з П.П.Нікіфаравым);
Изобразительное искусство Белоруссии (з ім жа) // Искусство, рожденное Октябрем. М., 1967;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1976 (з А.К.Рэсінай);
Нацюрморт: [Альбом]. Мн., 1982.
т. 5, с. 171
ГЕРАСІМО́ВІЧ Эльвіра Пятроўна
(н. 5.6.1925, Мінск),
бел. дзеяч тэатр. мастацтва. Канд. мастацтвазнаўства (1956). Праф. (1977). Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыла Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1949), дзе і выкладае (з 1984, у 1968 — 84 рэктар). У 1957—68 інструктар, заг. сектара ЦК КПБ. Даследавала творчасць Бел. т-ра імя Я.Коласа перыяду 1926 — 41. Навук. працы па гісторыі сав. т-ра, акцёрскай і рэжысёрскай творчасці.
т. 5, с. 171
ГЕРАСТРА́Т
(Hērostratos, г. Эфес, Малая Азія, цяпер Турцыя),
грэк, які спаліў у 356 да н.э. храм Артэміды Эфескай (прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету), каб абяссмерціць сваё імя. Паводле падання, храм згарэў у ноч нараджэння Аляксандра Македонскага. Герастрат быў забіты. Па рашэнні жыхароў іанійскіх гарадоў імя Герастрата было аддадзена вечнаму забыццю; стала сімвалам ганебна набытай славы.
т. 5, с. 171
ГЕРА́Т,
горад у Афганістане, у аазісе, які арашае р. Герыруд. Адм. ц. правінцыі Герат. Каля 200 тыс. ж. (1994). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Эканам. цэнтр зах. ч. краіны. Бавоўна-ачышчальныя, тэкст. і харч. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (тканіны, дываны). Гандаль каракулем і інш. с.-г. прадукцыяй. Арх. помнікі 12—15 ст. — цытадэль, маўзалеі, мячэці. У Гераце ў 15 ст. ўзнікла Герацкая школа мініяцюрнага жывапісу.
Заснаванне Герата прыпісваюць Аляксандру Македонскаму (адсюль назва ў грэч. крыніцах Александрыя-Арыяна ці Александрыя Арыйская, сучасная назва з часоў праўлення Сасанідаў). Пасля смерці Аляксандра Македонскага паслядоўна ў складзе стараж. і сярэдневяковых дзяржаў Сярэдняга Усходу. Пры Сасанідах і ў эпоху Халіфата значны горад, пры Саманідах — адзін з гал. гарадоў Харасана. У 1221 зруйнаваны манг. войскамі, да 1236 адноўлены. У 13—14 ст. Герат — сталіца дзяржавы Куртаў. Росквіт прыпадае на 15 ст. пры Цімурыдах, калі Герат стаў буйнейшым гандл., рамесніцкім і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У 16 ст. заваяваны Сефевідамі, з 1716 у складзе Герацкага княства. У 1732 захоплены Надзір-шахам, з 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 19 ст. цэнтр Герацкага княства, прадмет спрэчкі паміж Афганістанам і Іранам, Англіяй і Іранам. У 1863 Дост Мухамед канчаткова далучыў Герат да Афганістана.
т. 5, с. 171