ГЕРАСІМЕ́НКА (Юрый Паўлавіч) (9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.Віткі (1983), «Знак бяды» В.Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.
Г.А.Фатыхава.
Ю.Герасіменка. Ілюстрацыя да «Беларускага календара» на 1992 год.