ВЕ́РАСКАВА,
вёска ў Беларусі, у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 187 км ад Гродна, 48 км ад чыг. ст. Наваельня. 544 ж., 213 двароў (1996). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 96
ВЕРАСНЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944 у Балгарыі, антыфашысцкае паўстанне ў 2-ю сусв. вайну. 26.8.1944 ЦК Балг. рабочай партыі (БРП) прыняў цыркуляр № 4 — праграму падрыхтоўкі ўзбр. паўстання, якая мела на мэце выгнаць нацыстаў з Балгарыі, скінуць манарха-фаш. дыктатуру і ўстанавіць уладу Айч. фронту. 5 вер. Палітбюро ЦК БРП і Гал. штаб Нар.-вызв. паўстанцкай арміі зацвердзілі план паўстання. 7 вер. ў Плевене, Сілістры, Перніку, Плоўдзіве, Слівене і інш. гарадах адбыліся дэманстрацыі і забастоўкі працоўных, у час якіх вызвалены палітвязні. 6—8 вер. балг. партызаны вызвалілі 164 нас. пункты. Ноччу 9 вер. нанесены ўдар па асн. урадавых установах у Сафіі. Да раніцы захоплены радыёстанцыі, будынак ваен. мін-ва, цэнтр. пошта і тэлеграф, тэлеф. станцыя, цэнтр. вакзал і інш. Перамозе паўстання спрыяла ўступленне на тэр. Балгарыі 8 вер. часцей Чырв. Арміі (у гэты дзень Балгарыя абвясціла вайну фаш. Германіі). У выніку паўстання скінуты ўрад правага «земляроба» (чл. партыі Балг. земляробскі нар. саюз) К.Муравіева і сфарміраваны ўрад Айч. фронту.
Літ.:
Боев Б. Революция 9 сентября 1944 года в Болгарии: Пер. с болг. М., 1981;
Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 425—428.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 96
ВЕРАСНЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923 у Балгарыі, узброенае паўстанне левых сіл супраць ваен. дыктатуры 23—29.9.1923. Стыхійныя антыдыктатарскія ўзбр. выступленні камуністаў і «земляробаў» (членаў партыі Балг. земляробскі нар. саюз; БЗНС) пасля звяржэння ваеннымі левага ўрада А.Стамбалійскага (пераварот 9.6.1923) пацярпелі няўдачу. ЦК Балг. камуніст. партыі 6.8.1923 прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзбр. паўстання. Пазней заключана пагадненне аб адзінстве дзеянняў з БЗНС, створаны Галоўны ваен.-рэв. к-т на чале з Г.Дзімітровым, В.Каларавым і Г.Генавым, план якога прадугледжваў адначасовае паўстанне ў розных акругах і хуткае пашырэнне па ўсёй Балгарыі. Выступленне паскорылі распачатыя ўладамі рэпрэсіі (арышт каля 2 тыс. камуністаў, увядзенне ў краіне ваен. становішча). Найб. паспяхова дзейнічалі паўстанцы (каля 43 тыс. чал.) у паўн.-зах. ч. Балгарыі (занялі 8 гарадоў і 440 сёл). Паўстанне задушана ўрадавымі войскамі з выкарыстаннем артылерыі і кулямётаў; каля 20 тыс. паўстанцаў забіты і пакалечаны.
Літ.:
Георгиев Г. Сентябрь 1923 г.: Ист. очерк: Пер. с болг. М., 1973;
Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С 339—342.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 96
ВЕРАСНЁЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1870 у Францыі, буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Францыі, якая знішчыла Другую імперыю і абвясціла рэспубліку. Падрыхтавана працяглым крызісам банапартысцкага рэжыму, паскорана паражэннямі франц. войск у франка-прускай вайне 1870—71. Непасрэдны штуршок — паражэнне пад Седанам і здача ў палон Напалеона III з арміяй (2 вер. 1870). 4 вер. паўстанцы Парыжа ўварваліся ў Бурбонскі палац і дамагліся ад Заканад. корпуса звяржэння дынастыі Бурбонаў. У той жа дзень у ратушы абвешчана рэспубліка. Перамога працоўных была выкарыстана буржуазіяй, якая узурпіравала ўладу; прадстаўнікі рэв. дэмакратыі ва ўрад не трапілі. Вераснёўская рэвалюцыя дала пачатак Трэцяй рэспубліцы ў Францыі.
т. 4, с. 96
ВЕРАСНІ́ЦА,
вёска ў Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Прыпяць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПдЗ ад г. Жыткавічы, 271 км ад Гомеля, 7 км ад прыстані Тураў, на шашы Давыд-Гарадок—Тураў. 1300 ж., 487 двароў (1995). Станцыя перапампоўвання нафты на нафтаправодзе «Дружба». Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 4, с. 96
«ВЕРАСЫ́»,
вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1974, да 1996 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік нар. артыст Беларусі В.Раінчык. У рэпертуары песенная лірыка, творы бел. (у т. л. У.Будніка, Я.Глебава, Л.Захлеўнага, В.Іванова, І.Лучанка, Раінчыка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Э.Ханка, І.Цвятковай) і зарубежных кампазітараў. З пач. 1980-х г. шырока выкарыстоўвае камп’ютэры і сінтэзатары, выконвае пераважна электронную музыку. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
Г.М.Загародні.
т. 4, с. 97
ВЕРАТРА́ГНА,
у старажытнаіранскай міфалогіі бог вайны і перамогі. Звязаны з богам сонца Мітрам, можа пераўвасабляцца ў вецер, быка, каня, вярблюда, барана, казла ці ў прыгожага воіна. Вератрагна падараваў прароку Заратуштру мужчынскую сілу, дужасць рук і цела, вастрыню зроку. У «Малодшай Авесце» Вератрагна ўключаны ў лік божастваў язатаў.
т. 4, с. 97
ВЕ́РАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка, за 33 км на ПнУ ад г. Гродна. Пл. 1,23 км², даўж. 7,5 км, найб. шыр. 400 м. Катлавіна вузкая, стужкападобная; схілы стромкія, выш. да 10 м, пад лесам. Праз возера цячэ р. Сламянка.
т. 4, с. 97
ВЕРАЦЕ́ЙКА,
Верацця, Вярэцейка, Вярэцця, рака ў Ваўкавыскім, Мастоўскім і Бераставіцкім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток Свіслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 321 км². Пачынаецца каля в. Зборы Ваўкавыскага р-на. Асн. прытокі: Залучанка, Бурчак. Даліна ў вытоку выразная. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 300 м—1,5 км, асобныя ўчасткі забалочаныя. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Створана сажалка, у пойме меліярац. Каналы.
т. 4, с. 97
ВЕРАЦЕ́ННІКІ
(Limosa),
род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.
Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.
т. 4, с. 97