Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́ДЗЬМА,

паводле нар. уяўленняў, жанчына, якая служыла нячыстай сіле і нібыта валодала звышнатуральнымі здольнасцямі. Паводле павер’яў, ведзьма знешне не адрозніваецца ад звычайных жанчын, аднак можа патаемна насылаць хваробы, псаваць ураджай, шкодзіць жывёле і г.д.

т. 4, с. 55

ВЕ́ДЗЬМА,

Вядзьмянка, рака ў Беларусі, у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл. і Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 267 км². Пачынаецца каля в. Слабада Нясвіжскага р-на. Асн. прыток р. Шавялёўка.

Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, шыр. 300—700 м. На працягу 18,9 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. каналы, каля в. Кавалі Ляхавіцкага р-на сажалка.

т. 4, с. 55

ВЕ́ДЗЬМІНЫ КРУГІ́,

ведзьміны кольцы, характэрныя для некаторых шапкавых грыбоў размяшчэнні пладовых цел па перыферыі круга, абумоўленыя раўнамерным ростам грыбніцы (міцэлію) ад цэнтра да перыферыі. Могуць дасягаць у дыяметры некалькіх дзесяткаў метраў. У сярэдзіне круга пладовыя целы не развіваюцца. Часцей назіраюцца ў апенек лугавых, шампіньёнаў, маслякоў. Трапляюцца на лугах, радзей у лясах. У старажытнасці з’яўленне ведзьміных кругоў прыпісвалі нячыстай сіле, чарам ведзьмаў (адсюль назва).

т. 4, с. 55

ВЕ́ДЗЬМІНЫ МЁТЛЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі, вірусамі, насякомымі, кляшчамі, рэдка бактэрыямі. Утвараюцца часцей на дрэвах у выглядзе шчыльных пучкоў («мяцёлак») тонкіх укарочаных галінак з дробным недаразвітым лісцем. На Беларусі бываюць на вішні, сліве, бярозе, вольсе, грабе і інш. лісцевых дрэвах (узбуджальнікі — паразітныя грыбы з роду тафрына), на хвоі і елцы (узбуджальнікі — найчасцей іржаўныя грыбы).

Узбуджальнік хваробы пранікае ў расліну праз мех. пашкоджанні, роставыя пупышкі і стымулюе анамальныя роставыя працэсы: абуджэнне спячых і інтэнсіўнае развіццё прыдатачных пупышак. Меры барацьбы: абразанне і спальванне заражаных галін, знішчэнне хворых раслін, апрацоўка фунгіцыдамі.

т. 4, с. 55

«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія, першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРАЧ,

гл. Ведрыч.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (працякае праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,22 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 432 км².

Схілы катлавіны выш. 2—3 м, пад лесам, на Пн і ПдЗ разараныя. Берагі сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Вада празрыстая амаль да дна. Зарастае.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫЦКІ БОЙ 1943,

бой паміж партыз. брыгадамі 99-й Калінкавіцкай (камандзір В.А.Караткевіч), 101-й Даманавіцкай (М.А.Чарнавусаў), Васілевіцкай імя П.К.Панамарэнкі (С.А.Смерцін) і ням.-фаш. захопнікамі 23 жн. ва ўрочышчы Ведрыч Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію 2 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, нарабаванай у мясц. насельніцтва. Каб разграміць гарнізон, які ахоўваў базу, партызаны блакіравалі яго з боку чыг. ст. Васілевічы, падавілі дзоты ворага з боку магчымага падыходу падмацавання, авалодалі базай, знішчылі большую частку гарнізона, захапілі больш за 500 галоў жывёлы.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫЧ,

Ведрач, рака ў Беларусі, у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток Дняпра. Даўж. 68 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Уюнішчы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Рэбуска (справа), рэкі Днепрык, Дзяражня (злева). Цячэ па Гомельскім Палессі.

Даліна невыразная, шыр. 0,6—0,8 км. Пойма шыр. 0,3—0,5 км, сухая, лугавая. Ад вытоку 49 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. Каналы.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫЧ,

вёска ў Беларусі, у Васілевіцкім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр племзавода «Ведрыч». За 50 км ад Рэчыцы, 91 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Васілевічы. 1077 ж., 343 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 4, с. 56