Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЫЁФІ́ЗІКА,

галіна фізікі, што вывучае працэсы, звязаныя з узбуджэннем, узмацненнем і пераўтварэннем эл.-магн. ваганняў радыёдыяпазону (радыёхваль), а таксама працэсы іх выпрамянення, распаўсюджання і прыёму. Цесна звязана з матэм. фізікай, радыётэхнікай, электронікай і інш. З Р. вылучыліся радыёастраномія, радыёметэаралогія, радыёспектраскапія.

Радыёфіз. метады даюць магчымасць рашаць задачы аптымізацыі прыёмных, перадавальных і пераўтваральных радыёсістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, эксперым. фізіцы, радыё- і гідралакацыі. Асн. кірункі даследаванняў: дыфракцыя і распаўсюджванне радыёхваль, узаемадзеянне радыёхваль з электроннымі патокамі, радыёгалаграфія, радыёінтраскапія, тэорыя і тэхніка антэн і інш. Значны ўклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Л.Л.Мандэльштам, М.​Дз.Папалексі і інш.

На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

М.​А.​Вількоцкі, П.​Дз.​Кухарчык.

т. 13, с. 238

РАДЫЁХВА́ЛІ,

электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.

Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл. Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш. Гл. таксама Адбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 238

РАДЫЁХВАЛЯВО́Д,

канал (хвалявод), уздоўж якога распаўсюджваюцца радыёхвалі. Для Р. характэрна, што яго папярочныя памеры параўнальныя з даўжынёй перададзеных хваль. Бываюць трубчастыя металічныя круглага, прамавугольнага ці інш. папярочнага сячэння, а таксама стрыжнёвыя дыэлектрычныя (суцэльныя ці пустацелыя). Выкарыстоўваюцца як элементы ЗВЧ-ланцугоў радыётэхн. апаратаў.

Радыёхваляводы: 1 — прамавугольны; 2 — круглы; 3 — П-падобны; 4 — Н-падобны; 5 — кааксіяльны; 6 — з паверхневай хваляй.

т. 13, с. 238

РАДЫЁЦЕПЛАЛАКА́ЦЫЯ,

вызначэнне месцазнаходжання наземных, надводных, паветр. і касм. аб’ектаў па іх радыёцеплавым выпрамяненні; від пасіўнай радыёлакацыі. Выяўленне аб’ектаў адбываецца за кошт кантрастнасці іх радыёцеплавога выпрамянення адносна радыёцеплавога выпрамянення фону. Выкарыстоўваецца ў навігацыі, пры саманавядзенні ракет і інш.

т. 13, с. 238

РАДЫЁЧАСТО́ТЫ,

частоты эл.-магн. ваганняў, якія адпавядаюць радыёхвалям. У верхняй частцы дыяпазону часткова перакрываюцца з інфрачырвоным выпрамяненнем, у ніжняй — з эл. ваганнямі нізкай (гукавой) частаты. У адпаведнасці з міжнар. рэгламентам Р. для радыёсувязі падзяляюцца на 10 дыяпазонаў, якія пазначаюцца нумарамі ад 3 да 12 (гл. табл.).

А.​П.​Ткачэнка.

Размеркаванне радыёчастот на дыяпазонах
Нумар дыяпазону
частот
Дыяпазон Метрычная назва хваль
даўжынь хваль
3 300—3000 Гц 1000—100 км Гектакіламетровыя
4 3—30 кГц 100—10 км Мірыяметровыя (звышдоўгія)
5 30—300 кГц 10—1 км Кіламетровыя (доўгія)
6 300—3000 кГц 1000—100 м Гектаметровыя (сярэднія)
7 3—30 кГц 100—10 м Дэкаметровыя (кароткія)
8 30—300 МГц 10—1 м Метровыя (ультракароткія)
9 300—3000 МГц 100—10 см Дэцыметровыя
10 3—30 ГГц 10—1 см Сантыметровыя
11 30—300 ГГц 10—1 мм Міліметровыя.
12 300—3000 ГГц 1—0,1 мм Дэцыміліметровыя

т. 13, с. 238

РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКА,

галіны навукі і тэхнікі, што звязаны з перадачай і пераўтварэннем інфармацыі на аснове выкарыстання радыёчастотных электрамагнітных ваганняў. Ахоплівае радыётэхніку і электроніку, а таксама квантавую электроніку, мікраэлектроніку, оптаэлектроніку. Цесна звязана з радыёфізікай, фізікай цвёрдага цела, оптыкай, аўтаматыкай, тэхн. кібернетыкай, механікай і электронікай. Метады і сродкі Р. выкарыстоўваюцца ў большасці галін навукі і тэхнікі.

т. 13, с. 238

РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ АБАРО́НА,

комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні ўстойлівай работы радыёэлектронных сродкаў; састаўная частка радыёэлектроннай барацьбы. Забяспечвае эл.-магн. сумяшчальнасць сваіх сістэм і аб’ектаў, ахову ад радыёэлектроннага падаўлення і ўздзеяння іанізуючых і эл.-магн. выпрамяненняў, ад паражэння саманаводнай зброяй. Ва ўмовах вядзення «Маланкавай вайны», выкарыстання высокадакладнай зброі і разведвальна-ўдарных комплексаў асн. мерапрыемствамі Р.а. з’яўляюцца: процідзеянне лазерным, цепла-, тэлевізійным і радыёлакацыйным сістэмам разведкі і навядзення кіроўнай зброі; стварэнне перашкод сістэмам навігацыйна-часовага забеспячэння; радыёпадаўленне каналаў сувязі праціўніка і інш.

В.​В.​Гардзей, В.​Л.​Ржэвускі.

т. 13, с. 238

РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ БАРАЦЬБА́,

комплекс мерапрыемстваў па выяўленні і падаўленні радыёэлектронных сродкаў і сістэм праціўніка; спецыфічная форма барацьбы, у якой выкарыстоўваецца зброя з неабмежаваным боекамплектам, здольная дзейнічаць практычна імгненна, на вялікую адлегласць і з апярэджаннем. Задача Р.б.: дэзарганізацыя кіравання войскамі праціўніка, зніжэнне эфектыўнасці вядзення ім разведкі і прымянення баявой тэхнікі (зброі), радыёэлектронная абарона і інш. Мерапрыемствы Р.б. праводзяцца ва ўзаемадзеянні з рознымі родамі войск і спец. войск. З канца 20 ст. тэрмін «Р.б.» ўсё больш трансфармуецца ў паняцце «інфармацыйная вайна» — комплекс дзеянняў па выкарыстанні, скажэнні і разбурэнні інфармацыі праціўніка, парушэнні яе функцый і інш.

В.​В.​Гардзей, В.​Л.​Ржэвускі.

т. 13, с. 238

РА́ДЫЙ (лац. Radium),

Ra, радыеактыўны хім. элемент II групы перыяд. сістэмы, ат н. 88, ат. м. 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ізатоп ​226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду Р. — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10​−10% па масе. Адкрыты ў 1898 П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры; назва ад лац. radius — прамень.

Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльн. 5500—6000 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны на барый, але больш актыўны. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры метал. Р. хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць Р. у выглядзе хларыду RaCl, і інш. солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г Р.); метал. Р. атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі ​228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атм. паветры ​226Ra 3,1∙10​−5 Бк/л.

Літ.:

Погодин С.А., Либман Э.П. Как добыли советский радий. 2 изд. М., 1977.

т. 13, с. 238

РАДЫКА́Л (ад лац. radix корань),

матэматычны знак √ (змененае лац. r), якім абазначаюць дзеянне здабывання кораня, а таксама вынік здабывання кораня (лік віду an).

т. 13, с. 239