РАДЫЁФІ́ЗІКА,
галіна фізікі, што вывучае працэсы, звязаныя з узбуджэннем, узмацненнем і пераўтварэннем эл.-магн. ваганняў радыёдыяпазону (радыёхваль), а таксама працэсы іх выпрамянення, распаўсюджання і прыёму. Цесна звязана з матэм. фізікай, радыётэхнікай, электронікай і інш. З Р. вылучыліся радыёастраномія, радыёметэаралогія, радыёспектраскапія.
Радыёфіз. метады даюць магчымасць рашаць задачы аптымізацыі прыёмных, перадавальных і пераўтваральных радыёсістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, эксперым. фізіцы, радыё- і гідралакацыі. Асн. кірункі даследаванняў: дыфракцыя і распаўсюджванне радыёхваль, узаемадзеянне радыёхваль з электроннымі патокамі, радыёгалаграфія, радыёінтраскапія, тэорыя і тэхніка антэн і інш. Значны ўклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Л.Л.Мандэльштам, М.Дз.Папалексі і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
М.А.Вількоцкі, П.Дз.Кухарчык.
т. 13, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)