РА́ДЫЙ (лац. Radium),

Ra, радыеактыўны хім. элемент II групы перыяд. сістэмы, ат н. 88, ат. м. 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ізатоп ​226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду Р. — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10​−10% па масе. Адкрыты ў 1898 П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры; назва ад лац. radius — прамень.

Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльн. 5500—6000 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны на барый, але больш актыўны. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры метал. Р. хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць Р. у выглядзе хларыду RaCl, і інш. солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г Р.); метал. Р. атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі ​228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атм. паветры ​226Ra 3,1∙10​−5 Бк/л.

Літ.:

Погодин С.А., Либман Э.П. Как добыли советский радий. 2 изд. М., 1977.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)