Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРЭ́Н ((Perrin) Жан Батыст) (30.9.1870, г. Ліль, Францыя — 17.4.1942),

французскі фізік і фізікахімік. Чл. Парыжскай АН (1923). Замежны ганаровы чл.

АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1894), дзе і працаваў. З 1898 у Парыжскім ун-це (з 1910 праф.). З 1940 у ЗША. Навук. працы па атамнай і малекулярнай фізіцы, радыеактыўнасці, калоіднай хіміі і інш. Даказаў, што катодныя прамяні з’яўляюцца патокам адмоўна зараджаных часціц (1895). Эксперым. даследаванні броўнаўскага руху дазволілі П. вызначыць Авагадра пастаянную, пацвердзілі тэорыю флуктуацый Эйнштэйна—Смалухоўскага і канчаткова даказалі рэальнае існаванне малекул. Адкрыў седыментацыйную раўнавагу. Устанавіў бімалекулярную структуру тонкіх плёнак. Удзельнік Нар. фронту Францыі. Нобелеўская прэмія 1926.

Тв.:

Рус. пер. — Броуновское движение и молекулы. СПб., 1911;

Атомы. М., 1924.

Літ.:

Вавилов С.И. Памяти Жана Перрена // Природа. 1943. № 3;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 291.

Ж.Б.Перэн.

т. 12, с. 325

ПЕ́РЭС ГАЛЬДО́С ((Pérez Galdós) Беніта) (10.5.1843, г. Лас-Пальмас, Іспанія — 4.1.1920),

іспанскі пісьменнік. Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1897). Вучыўся ў Мадрыдскім ун-це. Аўтар 80 раманаў, 25 драм, шматлікіх апавяданняў. Вяршыня яго творчасці — эпапея «Нацыянальныя эпізоды» (т. 1—46, 1873—1912), у якой адлюстравана гісторыя Іспаніі ад Трафальгарскай бітвы (1805) да паражэння рэвалюцыі 1863—73. Аўтар цыкла «Сучасныя іспанскія раманы» (т. 1—25, 1881—1915). Паклаў пачатак ісп. сац.-рэаліст. драмы («Электра», 1901; «Дзед», 1904). Яго творы адметныя дынамізмам і публіцыстычнай завостранасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Повести М., 1958;

Трафальгар. М., 1961;

Двор Карла IV;

Сарагоса. М., 1970;

Милый Мансо. М., 1971;

19 марта и 2 мая;

Байлен;

Наполеон в Чамартине. М., 1972;

Херона;

Кадис. М., 1973;

Хуан Мартин эль Эмпесинадо;

Сражение при Арапилях. М., 1975.

т. 12, с. 326

ПЕ́РЭС ДЭ КУЭЛЬЯ́Р ((Pérez de Cuéllar) Хаўер) (н. 19.1.1920, Ліма),

перуанскі дыпламат. Скончыў ун-т Сан-Маркас (Ліма). З 1940 на дыпламат. службе, з 1944 на розных пасадах у пасольствах Перу ў Францыі, Вялікабрытаніі, Балівіі і Бразіліі. У 1961—63 дырэктар юрыд. дэпартамента, у 1963—64 — дэпартамента па паліт. і дыпламат. пытаннях мін-ва замежных спраў Перу. У 1964—71 пасол Перу ў Швейцарыі і пасланнік у Аўстрыі, потым пасол у Нац. і Польшчы. З 1971 пастаянны прадстаўнік Перу пры ААН, з 1975 спец. прадстаўнік ген. сакратара ААН на Кіпры. З 1977 пасол Перу ў Венесуэле. З 1978 пам. па спец. паліт. справах, з 1979 — нам. ген. сакратара ААН. У 1982—91 ген. сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 12, с. 326

ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ ((Pérez Esquivel) Адольфа Марыя) (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),

аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац. Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.

А.Перэс Эсківель.

т. 12, с. 326

Пер-Лашэз

т. 12, с. 295