Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЫЯПТА́З (ад дыя... + грэч. optazō бачу),

мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, водны сілікат медзі Cu6[Si6O18]∙6H2O. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, слупкаватыя. Агрэгаты прамяністыя і суцэльныя дробназярністыя. Колер ізумрудна-зялёны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5. Шчыльн. 3,3 г/см³. Трапляецца ў зоне акіслення меднарудных радовішчаў разам з малахітам, кальцытам, кварцам і інш. Д. кампанент некат. медных руд. Празрыстыя крышталі («медны ізумруд») выкарыстоўваюць у ювелірнай справе.

Дыяптаз.

т. 6, с. 314

ДЫЯПТРЫ́Я,

пазасістэмная адзінка аптычнай сілы лінзы ці сістэмы лінзаў. Аптычная сіла, выражаная ў Д., роўна адваротнай велічыні гал. фокуснай адлегласці лінзы, вызначанай у метрах. Абазначаецца дптр. 1 дптр = 1 м−1.

т. 6, с. 314

ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),

від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.

Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.​Ж.​Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.

З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.​Красоўскі, І.​Пешкур), «Мінскі касцёл» (1969—71, П.​Крохалеў, У.​Лагун, Л.​Асядоўскі, Б.​Аракчэеў; абедзве ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.​Дурчын, Ф.​Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.​Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).

Дыярама. «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.​Драчоў. 1991—96.

т. 6, с. 314

ДЫЯРБАКЫ́Р (Diyarbakir),

горад на ПдУ Турцыі, на р. Тыгр. Адм. ц. іля (адм. адзінка) Дыярбакыр. 381,1 тыс. ж. (1990). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., маш.-буд., аўтазборачная. Саматужны выраб тканін і саф’яну. 2 ун-ты. Арх. помнікі: цытадэль 4—12 ст., гар. муры 11—12 ст., мячэці 12 і 16 ст., медрэсэ 12 ст. (цяпер музей).

т. 6, с. 315

ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.

Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 315

ДЫЯРЫ́Т (франц. diorite ад грэч. diorizo размяжоўваю, адрозніваю),

глыбінная поўнакрышталічная магматычная горная парода, складзеная з плагіяклазу (андэзіну ці алігаклазу) і звычайна рагавой падманкі, радзей аўгіту і біятыту, зрэдку — кварцу (кварцавы Д.). Структура буйна- і тонказярністая, раўнамерна-, нераўнамерназярністая, парфірападобная. Колер шэры да зеленавата-шэрага. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Утварае буйныя інтрузіі ў выглядзе баталітаў, штокаў. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. На Пд рэспублікі (р.п. Мікашэвічы) мае прамысл. значэнне. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял, на брук і як абліцовачны камень; некаторыя гатункі — дэкар. камяні.

т. 6, с. 315

ДЫЯ́РЫУШ (ад лац. diarium дзённік),

жанр гістарычна-дакументальнай прозы ў стараж. бел. і польскай л-ры, у якім падзеі грамадска-паліт. або прыватнага жыцця пададзены ў форме датаваных запісаў. На станаўленне жанру ўплывалі летапісы і хронікі, у якіх у 16 ст. выявілася тэндэнцыя да «алітаратурвання» храналагічных запісаў. У 17—18 ст. Д. называліся дзелавыя і аўтабіягр. запісы, сямейныя хронікі, дзённікі падарожжаў і ваен. паходаў, мемуары; каштоўныя гіст. крыніцы — сеймавыя Д. Найб. ранні бел. помнік гэтага жанру — «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.). Ваенным падзеям і нац.-вызв. барацьбе прысвечаны дыярыушы С. і Б.​Маскевічаў (1630, 1649, 1660). Да гэтага жанру належаць творы І.​Будзілы (1612), Я.​Сапегі (1612), Афанасія Філіповіча (1646), С.​Незабітоўскага, Я.​Цадроўскага, сямейная хроніка Абуховічаў і інш.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 6, с. 315

ДЫ́ЯС ((Díaz) Парфірыо) (15.9.1830, г. Аахака, Мексіка — 2.7.1915),

палітычны і дзярж. дзеяч Мексікі, генерал. У гады рэвалюцыі і грамадз. вайны 1854—60 змагаўся на баку лібералаў супраць кансерватараў. У час франц. інтэрвенцыі ў Мексіку (1861—67) камандаваў атрадамі патрыят. арміі. У 1877—80 прэзідэнт Мексікі. У 1884 зноў стаў прэзідэнтам, устанавіў дыктатарскі рэжым. Пры ім узмацнілася эканам. залежнасць Мексікі ад Вялікабрытаніі і ЗША. Скінуты ў 1911 у час Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17.

т. 6, с. 315

ДЫ́ЯС ((Díaz) Хасэ) (3.5.1895, г. Севілья, Іспанія — 20.3.1942),

палітычны дзеяч Іспаніі, дзеяч міжнар. камуніст. руху. У 1920-я г. адзін з кіраўнікоў прафс. руху ў Севільі. Праследаваўся ўладамі. З 1926 чл. Камуніст. партыі Іспаніі, з 1932 яе ген. сакратар. Чл. Выканкома Камінтэрна ў 1935—42. Адыграў значную ролю ў стварэнні ў Іспаніі Народнага фронту (1936) і Нар. арміі, якая ў грамадз. вайну 1936—39 ваявала на баку рэспубліканцаў супраць франкістаў. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць уцягвання ў яе Іспаніі на баку фаш. Германіі.

т. 6, с. 315

ДЫЯСКО́П (ад дыя... + ...скоп),

дыяпраектар, оптыка-механічная прылада для праецыравання з павелічэннем відарысаў празрыстых арыгіналаў (дыяпазітываў, дыяфільмаў і інш.) на ўбудаваны ў прыладу або насценны экран. Д. выкарыстоўваюць для дэманстрацыі рысункаў, чарцяжоў, чытання мікрафотакопій і інш. Разнавіднасць Д. — фільмаскоп.

т. 6, с. 315