Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЭФІЦЫ́Т (ад лац. deficit не хапае),

1) недахоп чаго-н., няхватка ў чым-н. (напр., Д. матэрыялаў).

2) Страта, перавышэнне расходаў над даходамі (напр., Д. плацежнага балансу).

т. 6, с. 365

ДЭФЛАРА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для знішчэння кветак раслін з мэтаю папярэджання іх плоданашэння. Апрацоўку Д. праводзяць у гасп. мэтах або для абмежавання і прадухілення пашырэння непажаданых відаў раслін.

т. 6, с. 365

ДЭФЛАРА́ЦЫЯ [ад дэ... + лац. flos (floris) кветка, маладосць, дзявоцкасць],

парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы. Звычайна бывае пры першых палавых зносінах. Суправаджаецца нязначным крывацёкам, хоць нярэдкія выпадкі, калі яго няма. Прыблізна праз 3—5 дзён пасля Д. краі парушанай дзявоцкай плявы загойваюцца і палавая блізкасць не выклікае болевых адчуванняў. Іншы раз, у залежнасці ад анат. будовы, дзявоцкая плява расцягваецца і застаецца непашкоджанай пасля неаднаразовых палавых актаў.

т. 6, с. 365

ДЭФЛЕ́КТАР (ад лац. deflecto адхіляю, адводжу),

1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.

2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.

3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.

4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.

Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).

т. 6, с. 365

ДЭФЛЯ́ЦЫЯ (ад позналац. deflatio выдзіманне) у эканоміцы, працэс стрымлівання росту грашовай масы шляхам зняцця часткі залішніх, у параўнанні з патрэбнасцямі грашовага абарачэння, папяровых грошай. Праводзіцца ў мэтах барацьбы з інфляцыяй шляхам павышэння падаткаў, скарачэння бюджэтных выдаткаў, стымулявання скарачэння крэдытаў, росту зберажэнняў і да т.п.

т. 6, с. 365

ДЭФЛЯ́ЦЫЯ, развяванне,

разбурэнне горных парод і глеб пад уздзеяннем ветру з наступным пераносам цвёрдых часцінак (часам на вял. адлегласці) і іх абточваннем. Асабліва моцна праяўляецца ў пустынях. У Беларусі бывае на асушаных тарфяна-балотных і мінер. глебах Палесся, часам у форме пылавых бур.

т. 6, с. 365

ДЭФО́ ((Defoe) Даніэль) (1660?, Лондан — 24.4.1731),

англійскі пісьменнік, публіцыст; адзін з заснавальнікаў еўрап. рэаліст. рамана. Скончыў дысентэрскую (пурытанскую) акадэмію. Пісаў паліт. памфлеты, вершаваныя сатыры («Чыстакроўны англічанін», 1701; «Найкарацейшы шлях расправы з дысентэрамі», 1702), за якія быў прыгавораны да турэмнага зняволення. Аўтар дакумент. прозы («Запіскі кавалера», 1720; «Дзённік чумнага горада», 1722), авантурна-прыгодніцкіх раманаў («Капітан Сінгльтан», 1720, «Гісторыя палкоўніка Жака» і «Моль Флендэрс», абодва 1722). Сусв. вядомасць яму прынёс раман «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (ч. 1—2, 1719). Тэма «рабінзанады» як спроба стварэння асноў матэрыяльнай і духоўнай культуры ў адрыве ад цывілізацыі стала вельмі папулярная і выклікала ў далейшым шмат наследаванняў (у бел. л-ры «Палескія рабінзоны» Я.Маўра). На бел. мову раман пераклала А.Васілевіч (1976).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1971.

Г.Я.Адамовіч.

Д.Дэфо.

т. 6, с. 365

ДЭХКА́Н, дыхкан (перс.),

у раннім сярэдневякоўі ў Іране і Сярэдняй Азіі абшчынныя вярхі, сярэднія і буйныя землеўладальнікі. Тэрмін вядомы з часоў Сасанідаў. Пасля 13 ст. яго ўжывалі пераважна ў значэнні «селянін, земляроб».

т. 6, с. 365

ДЭЦЫ... (ад лац. decem дзесяць), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 1/10 ад зыходных адзінак. Абазначаецца д. Напр., 1 дБ (дэцыбел) = 0,1 Б, 1 дм (дэцыметр) = 0,1 м.

т. 6, с. 365

ДЭ́ЦЫМА,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 6, с. 366