ДЭФЛЕ́КТАР (ад лац. deflecto адхіляю, адводжу),

1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.

2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.

3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.

4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.

Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)