Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЗАТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў,

апрацоўка металаў (пераважна сталей) награваннем іх да пэўнай т-ры (пры якой утвараецца аўстэніт) і наступным ахаладжэннем з вытрымкай пры пастаяннай т-ры. Найб. пашыраны ізатэрмічныя загартоўка і адпал.

Ізатэрмічную загартоўку выкарыстоўваюць для змяншэння загартовачных напружанняў і атрымання пэўнай структуры (у сталях найчасцей структуры т.зв. бейніту, якая ўтвараецца ў выніку прамежкавага ператварэння аўстэніту). Ізатэрмічны адпал — награванне вырабу да аўстэнітнага стану, вытрымка пры такой т-ры, ахаладжэнне прыкладна да 600—700 °C, новая вытрымка да заканчэння распаду аўстэніту, ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Гл. таксама Жалезавугляродзістыя сплавы.

т. 7, с. 178

ІЗАТЭРМІ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаяннай т-ры. Напр., кіпенне вадкасці ці плаўленне крышталічных рэчываў пры пастаянным ціску.

І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізатэрмай і падпарадкоўваецца Бойля—Марыёта закону. Для ажыццяўлення І.п. даследаваную сістэму змяшчаюць у тэрмастат з вял. цеплаправоднасцю, дзе т-ра сістэмы практычна супадае з т-рай тэрмастата. І.п. мала змяняе аб’ём цвёрдых цел і большасці вадкасцей, калі не адбываецца фазавы пераход.

т. 7, с. 178

ІЗАТЭ́РМЫ (ад іза + грэч. therme цеплыня),

ізалініі т-ры паветра, вады і глебы.

т. 7, с. 178

І́ЗАЎКА,

назва ракі Ізва ў верхнім і сярэднім цячэнні.

т. 7, с. 178

ІЗАФЕРМЕ́НТЫ (ад іза... + ферменты),

ізаэнзімы, ферменты, што маюць каталітычную актыўнасць аднаго тыпу, але адрозніваюцца структурай, фізіка-хімічнымі і імуналагічнымі ўласцівасцямі. Выяўлены ў тканках жывёл, раслін, мікраарганізмаў. Бываюць у арганізмах аднаго тыпу (ці ў адной тканцы). Напр., з арганізма кураняці выдзелены 2 формы ферменту лактатдэгідрагеназы, адна з якіх характэрна для шкілетных мышцаў, другая — для сардэчнай мышцы. Усяго выяўлена 5 ізаформ гэтага ферменту. Набор І. (ізаферментны спектр) узнікае з прычыны генетычна абумоўленых адрозненняў для розных тканак і органаў, можа мяняцца ў працэсе антагенезу, пры паталаг. зменах тканак. Аналіз ізаферментнага спектра выкарыстоўваецца ў хемасістэматыцы і ў медыцыне для дыягностыкі некат. хвароб.

т. 7, с. 178

ІЗАХО́РА (ад іза... + грэч. chōra прастора),

лінія, якая на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўвае раўнаважны ізахорны працэс. Ураўненне І. ідэальнага газу: р/Т = const, дзе р — ціск, Т — абсалютная т-ра дадзенай масы ідэальнага газу.

т. 7, с. 178

ІЗАХО́РНЫ ПРАЦЭ́С,

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца пры пастаянным аб’ёме сістэмы. З-за малой сціскальнасці многія ізатэрмічныя працэсы ў цвёрдых целах адначасова прыблізна ізахорныя.

І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізахорай і падпарадкоўваецца Шарля закону, які для рэальных газаў выконваецца набліжана з-за наяўнасці сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Мех. работа пры І.п. роўная нулю; змена ўнутр. энергіі цела адбываецца за кошт паглынання (ці выдзялення) цеплаты. Для ажыццяўлення І.п. ў газах і вадкасцях іх змяшчаюць у герметычную пасудзіну з пастаянным аб’ёмам.

т. 7, с. 178

ІЗАХРО́ННАСЦЬ ВАГА́ННЯЎ,

незалежнасць перыяду ўласных ваганняў якой-н. вагальнай сістэмы ад амплітуды гэтых ваганняў. Характэрна для лінейных сістэм (у нелінейных сістэмах, напр., у маятніка пазіраецца пры дастаткова малых амплітудах). На І.в. заснавана работа прылад вымярэння часу (гадзіннікаў, хранометраў і інш.).

т. 7, с. 178

ІЗАЦЫЯНА́ТЫ,

арганічныя рэчывы, якія маюць адну або некалькі ізацыянатных груп (-N=C=O), звязаных з арган. радыкалам. Бясколерныя вадкасці, некат. — цвёрдыя рэчывы з нізкімі т-рамі плаўлення. Высокатаксічныя, у большасці — лакрыматары. ГДК 0,05—1 мг/м³.

Найб. характэрны рэакцыі далучэння нуклеафільных рэагентаў з рухомым атамам вадароду (спірты, вада, аміны і інш.). Уступаюць у рэакцыі цыкладалучэння, ды- і трымерызацыі, полімерызацыі. Атрымліваюць фасгенаваннем амінаў і замешчаных карбамідаў або раскладаннем карбамідаў. Выкарыстоўваюць для атрымання поліурэтанаў, пестыцыдаў, для апрацоўкі тканін і скуры (для надання ім воданепрымальных уласцівасцей), як вулканізавальныя агенты гумавых сумесей, кампаненты поліурэтанавых лакаў.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 7, с. 178

ІЗАЦЫЯНІ́ДЫ, ізанітрылы, карбіламіны,

арганічныя вытворныя ізамернай формы сінільнай кіслаты. Агульная ф-ла RNC, дзе R — арган. радыкал. Структурныя ізамеры нітрылаў. Адкрыты ў 1866 А.В.Гофманам.

Вадкасці з непрыемным пахам, які адчуваецца пры мізэрнай канцэнтрацыі, таксічныя. Не раствараюцца ў вадзе, лёгка раствараюцца ў спірце, эфіры. Устойлівыя да ўздзеяння шчолачаў. Разбаўленымі к-тамі гідралізуюцца з утварэннем першасных амінаў і мурашынай к-ты. Пры гідрыраванні атрымліваюць другасныя аміны, пры акісленні — ізацыянаты, пры тэрмічнай ізамерызацыі (200—250 °C) — нітрылы. Выкарыстоўваюць для атрымання розных злучэнняў, што маюць азот (напр., пептыды, гетэрацыклічныя злучэнні).

т. 7, с. 178