Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРЫФРА́З, перыфраза (ад грэч. periphrasis апісальны выраз, алегорыя),

сэнсава-непадзельны выраз, утвораны ў маўленні як апісальная назва прадмета або дзеяння, што адначасова паказвае яго адметнасць.

Структурна П. супадаюць са словазлучэннямі («бачыць вачыма памяці» — успамінаць) або сказамі [«Усюды мае сябры, камбайнер і сталь хто варыць...» (П.​Броўка)]. Як вобразны сінонім слова П. і называе пэўную з’яву, і характарызуе яе («крылатая мудрасць народа» — фальклор). Бываюць вобразныя: метафарычныя («раніца жыцця» — маладосць), метанімічныя («зямля Купалы» — Беларусь) і лагічныя («прадзедаў зямля» — радзіма). Амаль у кожным П. ёсць невялічкая загадка. Раскрыць яе дапамагае семантычная арганізацыя самога П. і кантэкст. Пашыраны традыц. П. («пан сахі і касы», «другі хлеб»), некат. з іх патэнцыяльныя фразеалагізмы.

Літ.:

Малажай Г.М. Сучасная беларуская мова: Перыфраза. Мн., 1980.

Г.​М.​Малажай.

т. 12, с. 322

ПЕРЫЦЫ́КЛ (ад перы... + цыкл),

перыкамбій, утваральная тканка з жывых танкасценных клетак; вонкавая ч. праводных восевых органаў маладых раслін, іх каранёў і сцёблаў, якая знаходзіцца вакол цэнтральнага цыліндра. У П. закладваюцца бакавыя і прыдаткавыя карані, у сцёблах П. фарміруе мех. тканкі (склеранхіму).

т. 12, с. 322

ПЕРЫЭ́КІ, перыойкі (грэч. perioikoi літар. суседзі),

непаўнапраўная частка насельніцтва ў стараж.-грэч. дзяржавах (Спарце, Аргасе, Элідзе, Фесаліі). Спартанскія П. — нашчадкі карэннага насельніцтва, якое падпарадкавалі дарыйцы і адцяснілі на ўскраіны Лаконіі. Не мелі паліт. правоў, але ў адрозненне ад ілотаў былі асабіста свабоднымі. Жылі ў пасёлках з абмежаваным самакіраваннем, маглі мець невял. зямельныя ўчасткі, займаліся рамёствамі і гандлем, плацілі спартанцам даніну. У войску павінны былі служыць у цяжкаўзброенай пяхоце.

т. 12, с. 322

ПЕРЫ́ЯД у музыцы,

найбольш простая кампазіцыйная форма, якая ўвасабляе завершаную ці адносна завершаную муз. думку; мае самаст. значэнне ці ўваходзіць у больш буйныя формы музычныя. Нарматыўным лічыцца П. з 2 падобных па структуры частак — сказаў, якія заканчваюцца рознымі кадэнцыямі: 1-ы сказ звычайна палавіннай, 2-і — поўнай (гл. Сказ у музыцы). Метрычная аснова П. — квадратнасць, заснаваная на аднолькавай колькасці тактаў (2, 4, 8, 16, 32) у кожным сказе. Іншыя тыпы П. абумоўлены жанрам, стылем музыкі, прынцыпамі будовы формы, пэўнай маст. мэтай (змяняюцца колькасць і памер сказаў, тыпы кадансавання, метрычная будова і інш.).

П. вядомы з 16—17 ст. у еўрап. прафес. музыцы. Вял. значэнне ў яго фарміраванні мелі нар. і быт. танц. і песенна-танц. жанры. Адсюль тэндэнцыя да квадратнасці — асновы танц. музыкі. Для працяжнай бел., рус. і ўкр. песні квадратнасць не характэрна. У прафес. творчасці П. звычайна ўваходзяць у больш буйныя формы. Як самаст. форма сустракаецца пераважна ў песні, у вакальнай ці інстр. мініяцюры.

Літ.:

Гл. да арт. Форма музычная.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 322

ПЕРЫЯДАНТЫ́Т, перыцэментыт,

запаленне тканак (перыядонту), што акружаюць корань зуба. Адрозніваюць востры, хранічны і хранічны ў стадыі абвастрэння. Паводле ступені пашыранасці паталаг. працэсу П. падзяляюць на ачаговы і дыфузны. Узнікае ад інфекцыі (напр., нявылечаны пульпіт), траўмы (напр., пералом зуба ад удару, раскусвання арэхаў), таксічнага ўздзеяння лек. сродкаў (напр., мыш’яковістай пасты). Прыкметы: ныючы боль, які ўзмацняецца пры націсканні на зуб, прыпухласць і пачырваненне дзясны вакол хворага зуба. Запаленчы працэс пашыраецца ад цеплавых працэдур. Лячэнне стаматалагічнае.

т. 12, с. 322

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ гісторыі літаратуры,

падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.

Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст. сістэм. Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.

Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.​Карскаму, М.​Багдановічу і М.​Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел. літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.

Літ.:

Гл. да арт. Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 322

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

форма колькаснага і якаснага абазначэння гіст. развіцця ў часе. Тыпалагічна адрозніваюць П.г. лінейную, што прадугледжвае падзел гісторыі на раўназначныя па сваіх маштабах і глыбіні ступені, кожная наступная з якіх вырастае з папярэдняй, і іерархічную, што выражаецца ў супадпарадкаванні асобных з’яў і этапаў развіцця, якія з’яўляюцца ч. больш агульнага і складанага працэсу (напр., сярэднявечча, ранняе сярэднявечча). Самая стараж. П.г. ўзыходзіць да ўсх. і грэчаскай міфалогіі, якая разглядала гісторыю чалавецтва як паступовы пераход ад самага шчаслівага — «залатога» да самага заняпалага і адсталага — «жалезнага веку». Як альтэрнатыва ёй у Стараж. Грэцыі ўзнікла ўяўленне аб культ. прагрэсе чалавецтва і яго паступальным руху да нейкай ідэальнай мэты. Гэтай ідэяй была прасякнута іудзейска-хрысціянская канцэпцыя гісторыі. У эпоху Адраджэння (14—16 ст.) еўрап. гуманісты зрабілі першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі гісторыі. У 17 ст. канчаткова склалася класічная схема трохчасткавай еўрап. гісторыі: «Стараж. свет — Сярэднія вякі — Новы час», якая пазней у мадыфікаваным выглядзе пераўтворана ў «рабаўладанне—феадалізм—капіталізм» і была пашырана на гісторыю ўсяго чалавецтва. Паводле традыцыі, што склалася ў гіст. навуцы, развіццё нееўрап. свету таксама падзяляецца ў адпаведнасці з рамкамі еўрап. гісторыі. Разам з тым гісторыя нееўрап. свету не ўпісваецца нават у самую агульную трохчленную схему еўрап. гістарыяграфіі, паколькі дынаміка яго развіцця ў адрозненне ад лінейна-прагрэсіруючай еўрапейскай мела спіралепадобную цыклічнасць. У бел. гістарыяграфіі існуюць 2 асн. падыходы да П.г. нац. гісторыі: т.зв. дзяржаўніцкі і фармацыйны. Першы з іх аформіўся ў 1-й чвэрці 20 ст. ў працах В.Ю.Ластоўскага і У.М.Ігнатоўскага, якія, грунтуючыся на дзярж. прыналежнасці, вылучалі ў яе гісторыі полацкі, літоўска-бел. (ВКЛ), польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), рас. і сав. перыяды. У 1940—80-я г. ў бел. гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя П.г. Зараз у даследаваннях многіх бел. гісторыкаў незалежна ад іх паліт. арыентацыі назіраецца прысутнасць дзяржаўніцкага прынцыпу.

У.​С.​Кошалеў.

т. 12, с. 323

ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,

упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл. Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл. Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).

П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл. іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). Ў П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал Н размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.

П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.

В.​Ф.​Цікавы.

т. 12, с. 323

ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, значэнні якой не змяняюцца, калі да значэнняў яе аргумента дадаць (ці адняць) некаторы лік τ > 0, г.зн. 𝑓(x) = 𝑓(x + τ) = 𝑓(x − τ). Найменшы лік T з усіх лікаў τ наз. перыядам функцыі 𝑓(x). Напр. sin(x + 2π) = sinx, tg(x + π) = tgx (перыяды адпаведна 2π і π).

Для кожнай неперарыўнай П ф. 𝑓(x) ≠ const выконваецца τ = nT, дзе n = ±1, ±2, ±3, ... . Графік П.ф. атрымліваецца паслядоўнымі зрушэннямі на велічыню T у дадатным (ці адмоўным) напрамку восі Ox часткі яе графіка, пабудаванай для адрэзка axa + T. Сума, рознасць, здабытак і дзель П.ф. з аднолькавым перыядам ёсць таксама П.ф. з тым жа перыядам. Сума П.ф. з рознымі перыядамі будзе П.ф. толькі тады, калі гэтыя перыяды сувымерныя. П.ф. выкарыстоўваюцца ў фіз. і тэхн. навуках, напр., пры вывучэнні перыяд. (напр., вагальных) працэсаў.

Л.​А.​Гусак.

Да арт. Перыядычная функцыя: T — перыяд функцыі.

т. 12, с. 325

ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРОБ,

бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».

Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 325