Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЫЯ́ЛІЗ (ад грэч. dialysis раскладанне, аддзяленне),

метад раздзялення раствораных рэчываў, малекулярныя масы якіх значна розняцца.

Засн. на рознасці скарасцей дыфузіі такіх рэчываў праз мембрану, якая аддзяляе канцэнтраваны і разбаўлены растворы: раствораныя рэчывы з рознай скорасцю дыфундзіруюць у бок разбаўленага раствору. Раздзяленне раствору на кампаненты з дапамогай Д. ўпершыню праведзена англ. хімікам Т.​Грэмам (1854). Для Д. звычайна выкарыстоўваюць плоскія мембраны на аснове цэлюлозы (цэлафан, купрафан) ці полыя валокны з полісульфону. Выкарыстоўваюць у вытв-сці штучных валокнаў (аддзяленне шчолачы ад геміцэлюлозы) і шэрагу біяхім. прэпаратаў, у медыцыне для лячэння атручэння, нырачнай недастатковасці і інш. хвароб. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення, Гемадыяліз.

А.​В.​Більдзюкевіч.

т. 6, с. 312

ДЫЯЛО́Г (ад грэч. dialogos размова, гутарка),

размова паміж дзвюма або некалькімі асобамі; функцыянальная разнавіднасць вуснай мовы. Структура Д. не нарматыўная: памеры яго могуць быць самыя розныя, рэплікі ў ім — таксама (ад маналагічна разгорнутых да ўсечаных). Ужываецца ва ўсіх відах літ. творчасці. У прозе побач з аўтарскай мовай Д. выступае адным са сродкаў слоўнага жывапісу, выконвае характаралагічную ролю. У драме Д. — найважнейшы выяўл. сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары. Драматургічны Д. удасканальваўся на працягу многіх стагоддзяў, набыў выключнае багацце «інструментоўкі»: разарванасць, дэфармаванасць знешнелагічных сувязей паміж рэплікамі, іх амбівалентнасць, шматгалоссе (перапляценне рэплік многіх персанажаў), падтэкст і інш. Д. вядомы і як самаст. публіцыст. і філас. жанр («Федр» Платона, «Размова гетэр» Лукіяна, «Размова вольных муляраў» Г.​Э.​Лесінга, «Пляменнік Рамо» Д.​Дзідро, «Сын і маці» Я.​Купалы і інш.). У пераносным сэнсе Д. — перагаворы, свабодны абмен думкамі, напр., паліт. Д.

т. 6, с. 312

ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ (ад дыя... + магнетызм),

уласцівасць рэчыва намагнічвацца насустрач знешняму магн. полю; адзін з відаў магнетызму. Уласцівы ўсім рэчывам; вызначае паводзіны для дыямагнетыкаў у магн. полі: неаднароднае поле выштурхоўвае іх у бок з меншай напружанасцю, у аднародным полі прадаўгаваты ўзор арыентуецца ўпоперак да сілавых ліній поля. У найб. ступені выяўляецца для звышправаднікоў.

Простая тэорыя Д. газу неўзаемадзейных атамаў створана П.Ланжэвэнам і заснавана на вылічэнні магн. моманту, які ўзнікае ў выніку Лармара прэцэсіі электронаў на атамных арбітах. Пры ўнясенні цела ў магн. поле ў электроннай абалонцы кожнага яго атама ўзнікаюць індуцыраваныя кругавыя токі, якія ствараюць магнітны момант, накіраваны ў адпаведнасці з Ленца правілам процілегла знешняму полю (незалежна ад таго, ці меў атам уласны магн. момант ці не і як ён быў накіраваны). Электроны праводнасці металаў і паўправаднікоў пачынаюць рухацца па спіральных квантаваных арбітах, што таксама выклікае Д. (гл. Ландау дыямагнетызм). Індуцыраваны магн. момант прапарцыянальны напружанасці знешняга магн поля і не залежыць ад т-ры ўзору (акрамя металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах, дзе назіраецца перыяд. змяненне магнітнай успрыімлівасці пры павольным павелічэнні напружанасці магн. поля — эфект Дэ Хааза — ван Альфена). Найб. значэнне магн. успрыімлівасці маюць звышправаднікі, унутр якіх магн. поле не трапляе; іх Д. абумоўлены макраскапічнымі паверхневымі токамі.

т. 6, с. 312

ДЫЯМАГНЕ́ТЫК,

рэчыва, якое намагнічваецца ў напрамку, процілеглым знешняму магн. полю. Пад уздзеяннем поля кожны атам Д. набывае магн. момант, прапарцыянальны полю і накіраваны насустрач яму (гл. Дыямагнетызм; пры адсутнасці знешняга поля Д. немагнітны). Д. з’яўляюцца інертныя газы, азот, вадарод, вісмут, цынк, медзь, золата і інш. элементы, многія арган. і неарган. злучэнні.

т. 6, с. 312

ДЫЯМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

тое, што цыклатронны рэзананс.

т. 6, с. 312

ДЫЯМЕ́НТ (ням. Diamant літар. алмаз),

1) адна з назваў алмазу, брыльянт. 2) Друкарскі шрыфт, кегель (памер) якога роўны 4 пунктам (1,5 мм).

т. 6, с. 312

ДЫЯ́МЕТР (ад грэч. diametros папярочнік) акружнасці

(круга),

адрэзак прамой, які злучае 2 пункты акружнасці і праходзіць праз яе цэнтр, а таксама даўжыня гэтага адрэзка. Даўжыні ўсіх Д. акружнасці аднолькавыя і роўныя 2 радыусам. Д. канічнага сячэння — прамая, якая праходзіць праз сярэдзіны яго паралельных хордаў. Усе Д. эліпса і гіпербалы праходзяць праз іх цэнтры. Д. парабалы паралельныя яе восі. Д. адвольнай замкнёнай фігурынайб. адлегласць паміж двума пунктамі гэтай фігуры. У гэтым сэнсе Д., напр., эліпса роўны даўжыні яго вялікай восі; Д. куба — даўжыні яго дыяганалі.

Дыяметр: а — эліпса; б — гіпербалы; в — парабалы.

т. 6, с. 312

ДЫЯ́НА,

у рымскай міфалогіі багіня расліннасці, жаноцкасці, заступніца шлюбу і дзетанараджэння, увасабленне Месяца — Селены. Мела эпітэт Трывія — «багіня трох дарог», як знак трайной улады на небе, зямлі і пад зямлёй. Д. лічылі таксама апякункай Лацінскага саюза. Свяцілішчы Д. былі на гары Тыфаце (вобласць Кампанія, адсюль Д. Тыфаціна) і на Авенціне, дзе 13 жн. быў заснаваны храм (гэты дзень лічыўся святочным для рабоў). У грэч. міфалогіі Д. атаясамлівалі з Артэмідай і Гекатай.

Да арт. Дыяна. Вяртанне Дыяны з палявання. Мастак П.​П.​Рубенс. Каля 1615.

т. 6, с. 312

ДЫЯНЕ́Я (Dionaea),

манатыпны род кветкавых раслін сям. расянкавых. 1 від — Д. венерына мухалоўка (D. muscipula). Пашыраны на Атлантычным узбярэжжы Паўн. Амерыкі. Расце на мохавых балотах і вільготных пясках.

Шматгадовая насякомаедная травяністая расліна з кароткім бязлістым сцяблом (стрэлкай) і разеткай лісця. Кожны ліст мае крылаты чаранок і двухлопасцевую авальную пласціну, у цэнтры якой знаходзяцца 3 адчувальныя валаскі. Калі насякомае дакранаецца да гэтых валаскоў, лопасці ліста змыкаюцца, утрымліваюць ахвяру і выдзяляюць стрававальную вадкасць, якая ператраўляе яе. Кветкі дробныя, белыя, сабраныя ў парасонападобны шчыток на доўгім кветаносе-стрэлцы. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. і дэкар. расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Да арт. Дыянея. Венерына мухалоўка.

т. 6, с. 312

ДЫЯНІ́С,

у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.​Альтдорфера, Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).

Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.

т. 6, с. 313