МАЛЯ́ЎКА,
рыба на ранняй стадыі развіцця (пасля лічынкавай стадыі), якая мае ўсе органы дарослай рыбы. Цела ўкрыта луской. Кормяцца пераважна планктонам; М. драпежных рыб (шчупака і інш.) паядаюць таксама лічынак рыб. Стан М. працягваецца да наступлення палавой спеласці.
т. 10, с. 52
МАЛЯ́ЎКА (Мікола) (Мікалай Аляксандравіч; н. 13.12.1941, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі, у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты, на Бел. радыё і тэлебачанні, настаўнічаў. З 1980 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1957. У зб-ках паэзіі «Едуць маразы» (1966), «Жалеза» (1970), «Лотаць» (1973), «Круг» (1977), «Эстакада» (1982), «Дар» (1985), «Зімні дождж» (1991) і інш. услаўляе чалавека працы, раскрывае думы і пачуцці сучасніка, мінулае роднай зямлі, апявае каханне. Піша паэмы, балады, казкі, апавяданні, нарысы. Аўтар кніг для дзяцей «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987), «Вясёлая азбука» (1992, з К.Камейшам), «Дзе жывуць казкі» (1994), «Запрашаем на калядкі» (1998).
Тв.:
Аднавякоўцы. Мн., 1988;
Ручнічок на крыжы. Мн., 1995.
І.У.Саламевіч.
т. 10, с. 52
МАЛЯ́ЎСКІ (Георгій Рафаілавіч) (н. 16.10.1946, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Карыстаючыся вострым сцэнічным малюнкам, захоўвае рысы рэальнага праўдападабенства вобразаў, нават створаных у гратэскава-камед. плане. Найб. значныя ролі: Ян Дабровіч («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), А.А. («Эмігранты» С.Мрожака). З інш. роляў: Ксяндзоў («Апошні шанц» паводле В.Быкава), Малюцін («Апошні журавель» А.Дударава, А.Жука), Міхалка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Папскі нунцый («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Антоніо («Бура» У.Шэкспіра), Клеант («Тарцюф» Мальера), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), доктар Магнуш («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера), паштмайстар Шпекін («Рэвізор» М.Гогаля), Бургамістр («Дракон» Я.Шварца), цесць Худзякова («Характары» паводле В.Шукшына).
В.С.Грыбайла.
т. 10, с. 52
МАЛЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Чорная Натапа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад Крычава, 129 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. раз’езда Маляцічы. 416 ж., 178 двароў (1999).
Вядома з 1639 як сяло Малецічы ў ВКЛ, 28 чал. мужчынскага полу, 13 двароў, касцёл. З 1684 цэнтр маёнтка і воласці. З 1706 мястэчка ў Мсціслаўскім ваяводстве. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Належала мітрапаліту С.І.Богушу-Сестранцэвічу, потым удаве ген.-маёра Багушэўскага. З 1811 уласнасць царквы. У 1880 у М. 327 ж., 62 двары, вадзяны млын, сукнавальня, лячэбніца, нар. вучылішча, царква, малітоўная школа, 10 крам. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 цэнтр сельсавета ў Крычаўскім р-не БССР. У Вял. Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі знішчылі 75 жыхароў, у вер. 1943 спалілі вёску, знішчылі 210 жыхароў. Пасля вайны адбудавана. У 1972—308 ж., 94 двары.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
У.У.Бянько.
т. 10, с. 52