МАЛЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Чорная Натапа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад Крычава, 129 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. раз’езда Маляцічы. 416 ж., 178 двароў (1999).
Вядома з 1639 як сяло Малецічы ў ВКЛ, 28 чал. мужчынскага полу, 13 двароў, касцёл. З 1684 цэнтр маёнтка і воласці. З 1706 мястэчка ў Мсціслаўскім ваяводстве. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Належала мітрапаліту С.І.Богушу-Сестранцэвічу, потым удаве ген.-маёра Багушэўскага. З 1811 уласнасць царквы. У 1880 у М. 327 ж., 62 двары, вадзяны млын, сукнавальня, лячэбніца, нар. вучылішча, царква, малітоўная школа, 10 крам. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 цэнтр сельсавета ў Крычаўскім р-не БССР. У Вял. Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі знішчылі 75 жыхароў, у вер. 1943 спалілі вёску, знішчылі 210 жыхароў. Пасля вайны адбудавана. У 1972—308 ж., 94 двары.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
У.У.Бянько.
т. 10, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)