Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),

французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.

Літ.:

Петрочук О.К. А.Майоль. М., 1977;

Апчинская Н.В. А.Майоль. М., 1981.

А.Маёль. Іль-дэ-Франс. 1920—25.

т. 9, с. 500

МАЁМАСНАЕ СТРАХАВА́ННЕ,

страхаванне, аб’ектам якога з’яўляюцца матэрыяльныя каштоўнасці: будынкі, збудаванні, абсталяванне, жылыя памяшканні, хатняя маёмасць, ураджай с.-г. культур, жывёла і г.д. Адзін з відаў М.с. — трансп. страхаванне, аб’ектамі якога з’яўляюцца трансп. сродкі і грузы, што імі перавозяцца. Гэта можа быць маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці або ў валоданні ці распараджэнні страхавальніка. Таму страхавальнікамі могуць быць не толькі ўласнікі, але і інш. юрыд. або фіз. асобы. У выпадку ўзнікнення шкоды пры М.с. выплачваецца не страхавая сума (як пры асабістым страхаванні), а страхавое пакрыццё.

т. 9, с. 500

МАЁМАСНЫЯ ПРАВЫ́,

суб’ектыўныя правы ўдзельнікаў праваадносін, звязаныя з валоданнем, карыстаннем і распараджэннем маёмасцю, а таксама з тымі матэрыяльнымі (маёмаснымі) патрабаваннямі, якія ўзнікаюць паміж удзельнікамі цывільнага абароту ў сувязі з размеркаваннем і абменам гэтай маёмасці (таварамі, паслугамі, работамі, каштоўнымі паперамі, грашамі і інш.). Да М.п. належаць правамоцтвы ўласніка, правы гасп. вядзення, аператыўнага кіравання (рэчавыя М.п.) і абавязацельныя (у т.л. права на пакрыццё шкоды, нанесенай жыццю або здароўю грамадзяніна, а таксама шкоды, нанесенай маёмасці фіз. або юрыд. асобы), права аўтараў і вынаходнікаў на ўзнагароду за створаныя імі творы (зробленыя вынаходствы), спадчынныя правы.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 9, с. 500

МАЁМАСНЫ НАЁМ,

у цывільным праве дагавор, паводле якога наймадавец абавязваецца прадаставіць наймальніку маёмасць у часовае карыстанне за плату (гл. Арэнда). Дагавор М.н. паміж грамадзянамі на тэрмін больш за 1 год павінен заключацца ў пісьмовай форме. Тэрмін дагавору вызначаецца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Калі наймальнік працягвае карыстацца маёмасцю пасля сканчэння тэрміну дагавора пры адсутнасці пярэчанняў з боку наймадаўца, дагавор лічыцца адноўленым на няпэўны тэрмін. Правы і абавязкі бакоў дагавору М.н. вызначаны заканадаўствам. Найб. пашыраным відам М.н. з’яўляюцца бытавы пракат, наём жылля, а таксама арэнда зямельных участкаў (гл. Арэнда зямлі).

Э.І.Кузьмянкова.

т. 9, с. 500

МАЁМАСЦЬ у праве,

1) сукупнасць рэчаў і матэрыяльных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. або юрыд. асобы, дзяржавы, або належаць арг-цыі на правах гасп. вядзення ці аператыўнага кіравання. У склад М. ўваходзяць таксама грошы і каштоўныя паперы.

2) Маёмасныя правы на атрыманне рэчаў або маёмаснага задавальнення ад інш. асоб (актыў). З) Сукупнасць рэчаў, маёмасных правоў і абавязкаў, якія характарызуюць маёмаснае становішча іх носьбіта (актыў і пасіў). З гэтым разуменнем М. звязана універсальнае правапераемства (пераход ад адной асобы да другой актыву і пасіву — правоў і абавязкаў) пры атрыманні ў спадчыну і спыненні юрыд. асоб у выніку рэарганізацыі.

т. 9, с. 500

МАЁН (Мауоп),

вулкан на ПдУ в-ва Лусон у Ціхім ак. (тэр. Філіпін). Правільны конус выш. 2462 м, складзены пераважна з андэзітаў. Частыя вывяржэнні. Нац. парк Маён-Волькана.

т. 9, с. 500

МАЁНТАК,

агульная назва землеўладання з панскай гаспадаркай (жылыя і гасп. будынкі, прадпрыемствы і г.д.) у феад. і капіталіст. грамадствах. Гл. таксама Вотчына, Памесце, Латыфундыі.

т. 9, с. 500

МАЁР (ад лац. major большы, старшы),

воінскае званне старшых афіцэраў ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Упершыню чын М. паявіўся ў 16 ст. ў Іспаніі і герм. дзяржавах; у рас. арміі існаваў у 17—19 ст. Да канца 18 ст. званне было ў арміі ВКЛ. У Сав. Арміі званне М. ўведзена ў 1935 і захавалася ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.

т. 9, с. 500

МАЁРАЎ (Генрых Аляксандравіч) (н. 6.9.1936, г. Улан-Удэ, Расія),

артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў І.Бельскага (1967—72). З 1972 балетмайстар, з 1977 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі (Кіеў), з 1979 гал. балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Ў 1983—86 у маскоўскім Муз. т-ры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. З 1988 заг. кафедры Маскоўскага харэаграфічнага ін-та. Балеты М. вылучаюцца танцавальнасцю, жыццярадаснасцю, даступнасцю харэаграфічнай драматургіі. Майстар харэаграфічнай мініяцюры. Сярод пастановак: «Паэма досвітку» В.Касенкі (1973), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Вяртанне» на муз. Б.Ляташынскага і «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (1975), «Дзяўчына і смерць» Г.Жукоўскага (1978), «Маленькі прынц» Я.Глебава (1983, Вял. т-р і інш.), «Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага (1984) і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў «Курган» Глебава (1982), «Чыпаліна» (1985). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета і балетмайстраў у Маскве (1972).

т. 9, с. 500

МА́ЖА,

рака ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Морач (бас. р. Прыпяць). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 319 км². Пачынаецца за 3 км на У ад г. Капыль, цячэ праз горад (на рацэ і ўпадаючым у яе ручаі ў межах горада створаны сажалкі пл. 22 га і 11 га), у межах Капыльскай грады і па Клецкай раўніне. Даліна скрынкападобная, месцамі трапецападобная. Пойма пераважна двухбаковая. Шыр. рэчышча 2—5 м. На рацэ створана Цімкавіцкае вадасховішча.

т. 9, с. 501