МАЁРАЎ (Генрых Аляксандравіч) (н. 6.9.1936, г. Улан-Удэ, Расія),

артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў І.Бельскага (1967—72). З 1972 балетмайстар, з 1977 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі (Кіеў), з 1979 гал. балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Ў 1983—86 у маскоўскім Муз. т-ры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. З 1988 заг. кафедры Маскоўскага харэаграфічнага ін-та. Балеты М. вылучаюцца танцавальнасцю, жыццярадаснасцю, даступнасцю харэаграфічнай драматургіі. Майстар харэаграфічнай мініяцюры. Сярод пастановак: «Паэма досвітку» В.Касенкі (1973), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Вяртанне» на муз. Б.Ляташынскага і «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (1975), «Дзяўчына і смерць» Г.Жукоўскага (1978), «Маленькі прынц» Я.Глебава (1983, Вял. т-р і інш.), «Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага (1984) і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў «Курган» Глебава (1982), «Чыпаліна» (1985). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета і балетмайстраў у Маскве (1972).

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)