Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Залеўская Ніна Канстанцінаўна

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗАЛІ́Ў,

частка акіяна, мора ці возера, якая дастаткова глыбока ўразаецца ў сушу, але мае свабодны водаабмен з асн. вадаёмам. У залежнасці ад прычын узнікнення, памераў, канфігурацыі, звязанасці з асн. вадаёмам адрозніваюць бухты, гафы, лагуны, фіёрды і эстуарыі. Часам З. называюць асобныя ч. Сусветнага ак., якія па сваім гідралагічным рэжыме належаць да мораў (напр., Мексіканскі, Гудзонаў).

т. 6, с. 514

ЗАЛІ́ЎСКІ (Юзаф) (1797, Віленшчына — 1.9.1855),

удзельнік польскага нац. вызв. руху 1820 — пач. 1830-х г., адзін з лідэраў польскай паліт. эміграцыі ў Францыі. З 1817 служыў у войску Каралеўства Польскага, чл. нелегальных арг-цый — Саюза вольных палякаў, Патрыятычнага т-ва і інш. Удзельнік паўстання 1830—31. У ноч на 30.11.1830 кіраваў захопам арсенала ў Варшаве, удзельнічаў у стварэнні паўстанцкіх атрадаў, у баях, меў чын палкоўніка. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе зблізіўся з рухам карбанарыяў. У 1832 перайшоў на тэр. Галіцыі, дзе арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена на 20-гадовае зняволенне. У 1848 амнісціраваны, выехаў у Парыж, дзе і памёр.

В.Ф.Шалькевіч.

т. 6, с. 514

ЗАЛІ́Ў СТАРЫ́К,

возера на мяжы Мазырскага і Нараўлянскага р-наў Гомельскай вобл., на пойме р. Прыпяць, за 7 км на Пд ад г. Нароўля. Пл. 0,43 км2, даўж. 4,2 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 9,5 км. Старычнае. Берагі высокія, месцамі абразійныя, пад хмызняком. Злучана ручаём з воз. Старык. У веснавое разводдзе злучаецца з Прыпяццю.

т. 6, с. 514

ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),

удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт. Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.

М.Б.Ласінскі.

т. 6, с. 514

ЗАЛО́Г, заклад,

1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.

2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т.л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.

3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.

т. 6, с. 514

ЗАЛО́ЖНІКІ,

асобы, проціпраўна затрыманыя сілай з мэтай прымусіць дзяржаву, арганізацыю ці інш. асоб выканаць пэўныя дзеянні ці абавязкі. У міжнар. праве — грамадзяне захопленай ворагам краіны, якія неправамерна ўтрымліваюцца акупац. ўладамі пад пагрозай іх знішчэння, калі насельніцтва акупіраванай тэрыторыі не выканае патрабаванняў акупац. улад. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб ахове грамадз. насельніцтва ў час вайны забараняе захоп З. і разглядае такія дзеянні як міжнар. злачынствы.

т. 6, с. 514

ЗАЛО́ЗІСТЫЯ ТКА́НКІ раслін,

утварэнні, якія служаць для назапашвання і выдзялення з расліны кропельна-вадкай вады і розных рэчываў. Вылучаюць З.т.: гідатоды, нектарнікі, алейныя, камедзевыя, слізевыя, смаляныя і стрававальныя. Стрававальныя З.т. ў насякомаедных раслін выдзяляюць стрававальныя сокі, здольныя ператраўляць арган. рэчывы. Алейныя, смаляныя, слізевыя і камедзевыя залозкі (органы выдзялення або сховішча выдзяленняў) выдзяляюць бальзам, камедзь, смолы, эфірны алей, слізь і інш.

т. 6, с. 515

ЗАЛО́ЗНІЦА (Scrophularia),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 310 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічнай ч. Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца З. вузлаватая (S. nodosa) і ценявая (S. umbrosa). Растуць па берагах рэк, вадаёмаў, у цяністых месцах, лясах, каля дарог і на пустках.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае, рэдка кальчаковае, цэласнае, перыстараздзельнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, малапрыкметныя, звычайна зеленавата-бурыя ці жоўтыя, двухполыя, двухгубыя, сабраны па 2—10 у паўпарасонікі, што ўтвараюць канцавыя агульныя мяцёлчатыя або гронкападобныя суквецці. Плод — 2-гнездавая каробачка. Лек. і меданосныя расліны. Ядавітыя.

Залозніца вузлаватая.

т. 6, с. 515

ЗАЛОЗНІЦАКВЕ́ТНЫЯ (Scrophulariales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. 12 сям., больш за 1 тыс. родаў і 12 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераных, субтрапічных і трапічных абласцях. На Беларусі 5 сям.: залознікавыя, заразіхавыя, паслёнавыя, плывунцовыя, трыпутнікавыя, 32 роды. Сярод іх больш за 100 дзікарослых і 30 інтрадукаваных відаў, у т.л. важныя харч. (бульба, памідоры), тэхн. (тытунь, махорка), лек. (аўран, залозніца, красаўка, трыпутнік), дэкар. (будлея, ільвіны зеў, петунія), меданосныя расліны; ёсць насякомаедныя (тлушчанка), ядавітыя і пустазелле.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, радзей кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, іншы раз кальчаковае, без прылісткаў. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, пераважна няправільныя, 5-членныя, са зрослапялёсткавым вяночкам. Тычынак 5—4 (іншы раз 2). Гінецэй звычайна з 2 (радзей 5) зрослых пладалісцікаў. Завязь двух- ці аднагнездавая, з многімі семязародкамі. Плод — каробачка, іншы раз ягада. Насенне з эндаспермам. Г.У.Вынаеў.

т. 6, с. 515