Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́РЫ ((Peri) Якопа) (20.8.1561, Рым — 12.8.1633),

італьянскі кампазітар, спявак; адзін з заснавальнікаў жанру оперы. Прадстаўнік т.зв. фларэнційскай камераты (гуртка). Напісаў (з Я.​Корсі) музыку першай оперы «Дафна» (на тэкст паэта А.​Рынучыні; паст. 1597—98; фрагменты музыкі П. не зберагліся), оперы «Эўрыдыка» (паст. 1600; выканаў у ёй партыю Арфея). Аўтар духоўнай музыкі, камерна-вак. твораў.

т. 12, с. 319

ПЕРЫ... (ад грэч. peri навокал, побач, каля), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: каля, навокал, напр., перыястыт, перыгей.

т. 12, с. 319

ПЕРЫАРТЭРЫІ́Т ВУЗЕ́ЛЬЧЫКАВЫ, хвароба Кусмаўля-Маера,

інфекцыйна-алергічнае захворванне злучальнай тканкі артэрый (пераважна дробных і сярэдніх). Адносіцца да рэўматычных хвароб, таксама да сістэмных васкулітаў (запаленне крывяносных сасудаў). Найчасцей пашкоджваюцца сасуды нырак, радзей — каранарныя артэрыі сэрца, брыжэйкі, печані, галаўнога мозга. Пры пашкоджанні злучальнай тканкі ў сценках артэрый могуць развіцца ачагі фібрыноіднага некрозу з эксудатыўным і прадукц. запаленнем (напр., прадукц. васкуліты). Адрозніваюць П.в. востры (інфаркты і кровазліцці ў органах) і хранічны (склератычныя змены з далейшай недастатковасцю органаў). У нырках развіваецца падвостры ці хранічны гламеруланефрыт — двухбаковае дыфузнае запаленне.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 319

ПЕРЫБЛЕ́МА (ад грэч. periblēma покрыва, абалонка),

слой ініцыяльных мерыстэматычных клетак конуса нарастання кораня, з якіх узнікаюць клеткі першаснай кары. У голанасенных з П. ўтвараецца пратадэрма.

т. 12, с. 320

ПЕРЫГЕ́Й (ад перы... + грэч. gē Зямля),

бліжэйшы да цэнтра Зямлі пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі; процілеглы апагею. Адлегласць ад П. да цэнтра Зямлі наз. перыгейнай адлегласцю. Адрэзак часу паміж двума праходжаннямі Месяца праз П. наз. анамалістычным месцам, які роўны 27,5546 сярэдніх сонечных сут.

т. 12, с. 320

ПЕРЫГЕ́ЛІЙ (ад перы... + грэч. helios Сонца),

бліжэйшы да Сонца пункт арбіты нябеснага цела, якое рухаецца вакол яго па адным з канічных сячэнняў: эліпсе, парабале або гіпербале; процілеглы афелію. Адлегласць П. ад цэнтра Сонца наз. перыгелійнай адлегласцю.

т. 12, с. 320

ПЕРЫДАТЫ́Т (франц. péridotite ад péridot перыдот, алівін),

магматычная поўнакрышталічная горная парода ультраасноўнага саставу. Складаецца з алівіну (70—30%) і піраксену (30—70%), радзей з рагавой падманкай ці слюдой. Мае ўкрапаннікі магнетыту, ільменіту, храміту, гранату і інш. У залежнасці ад мінер. складу вылучаюцца віды П.: гарцбургіт, верліт, лерцаліт, рогаваабманкавы П. Колер цёмна-зялёны, цёмна-шэры да чорнага. Пры выветрыванні пераўтвараецца ў серпенцініт. Трапляецца ў асацыяцыі з асноўнымі габравымі інтрузіямі. З габрава-перыдатытавымі фармацыямі звязаны радовішчы плаціны, нікелю, кобальту, хрому і інш.

т. 12, с. 320

ПЕРЫДЫНЕ́І,

атрад прасцейшых, гл. Панцырныя жгуціканосцы.

т. 12, с. 320

ПЕРЫДЭ́РМА (ад перы... + дэрма),

другасная покрыўная тканка сцёблаў і каранёў шматгадовых (радзей аднагадовых) раслін. Складаецца з корку (фелемы), феладэрмы (унутр. слоя П.) і фелагену (часам адсутнічае, напр., у відаў паслёну). Клеткі П. паветра- і воданепранікальныя, газаабмен і выпарэнне адбываюцца праз чачавічкі. У органах раслін звычайна ўтвараецца некалькі разоў. З цягам часу вонкавыя П. і тканкі, што знаходзяцца паміж імі, адміраюць і ўтвараюць корак.

т. 12, с. 320

ПЕРЫЁСТ,

тое, што надкосніца.

т. 12, с. 320