Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАДЫЛЬЯ́НІ ((Modigliani) Франка) (н. 18.6.1918, Рым),

эканаміст ЗША. Д-р сац. н. (1944). Скончыў ун-т у Рыме (1939). Працаваў у амер. каледжах і ун-тах (Ілінойскім, Чыкагскім, Карнегі-Мелана, Паўн.-Заходнім, Гарвардскім), у Новай школе сац. даследаванняў, Масачусецкім тэхн. ін-це. З 1966 навук. кансультант Савета кіраўнікоў Федэральнай рэзервовай сістэмы, з 1971 — старшы саветнік Брукінгскай камісіі па эканам. актыўнасці. Навук. працы ў галіне аналізу праблем зберажэнняў і фін. рынкаў; распрацаваў тэорыі асабістых фінансаў і фінансаў карпарацый. Адзін з аўтараў кн. «Кошт капіталу, фінансы карпарацый і тэорыя інвестыцый» (1958). Нобелеўская прэмія 1985.

т. 9, с. 493

МА́ДЫСАН (Madison),

горад на Пн ЗША. Адм. ц. штата Вісконсін. Засн. ў 1836. 194,6 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс. ж. (1997). Важны трансп. вузел (чыгункі і аўтадарогі). Прам-сць: харч., паліграф., прыладабуд., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Каляровая металургія. Вытв-сць с.-г. машын. Ун-т (з 1848). Неарэнесансавы капітолій, унітарыянская царква (1947—52, арх. Ф.Л.Райт).

т. 9, с. 493

МАДЫФІКАВА́ННЕ металаў,

увядзенне ў расплавы металаў (сплаваў) невялікай колькасці (звычайна не больш за дзесятыя долі працэнта) спец. рэчываў — мадыфікатараў. Садзейнічае здрабненню структурных часцінак, якія ўтвараюцца ў працэсе крышталізацыі расплаву, іх раўнамернаму размеркаванню ў злітку, што паляпшае мех. ўласцівасці металаў. Выкарыстоўваюць пры вытв-сці высокатрывалага чыгуну і алюмініевых сплаваў.

т. 9, с. 493

МАДЫФІКА́ЦЫІ ў біялогіі,

змена прыкмет арганізма (яго фенатыпу), што ўзнікае пад уплывам навакольнага асяроддзя і не звязана са зменай генатыпу. Фактары М. — асвятленне, вільготнасць, т-ра і інш. Напр., пігментацыя скуры ў чалавека (загар) пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў, форма лісця ў стрэлкаліста (надводнае — стрэлападобнае, што плавае — шырокае, падводнае — стужкападобнае). Узнікаюць М. ў межах нормы рэакцыі арганізма на змену асяроддзя і абмежаваны спадчыннымі задаткамі. Звычайна не перадаюцца наступным пакаленням, з’яўляюцца адаптыўнай рэакцыяй (павялічваюць прыстасаванасць да ўмоў існавання). Адрозніваюць М. ўзроставыя, сезонныя і экалагічныя. Асн. ўласцівасць — масавасць (аднолькавыя фактары выклікаюць амаль аднолькавыя змены ў генатыпічна падобных асобін). Выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы і заатэхніцы для павелічэння прадукцыйнасці раслін і жывёл. Прыватны выпадак М. — марфозы і фенакопіі.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 493

МАДЫФІКА́ЦЫЯ (ад позналац. modificatio змяненне),

1) відазмяненне чаго-н., якое адзначаецца з’яўленнем новых уласцівасцей.

2) Адна з некалькіх форм рэчыва, якая характарызуецца пэўнай структурай і ўласцівасцямі (гл. Алатропія, Полімарфізм).

т. 9, с. 493

МАДЫФІКА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,

мэтанакіраванае змяненне фіз.-хім. і хім. уласцівасцей палімераў.

Адрозніваюць хім. М.п. і фіз., ці структурную. Хімічная М.п. — увядзенне ў макрамалекулы нязначнай колькасці фрагментаў інш. хім. прыроды. Ажыццяўляюць на стадыі сінтэзу палімера (напр., увядзенне звёнаў з гідраксільнымі, аміна- ці карбаксільнымі групамі паляпшае адгезію палімераў да палярных паверхняў, іх здольнасць да афарбоўвання, павышае т-ру шклавання і цвёрдасць палімераў). Уключае таксама хім. пераўтварэнні сінтэзаваных макрамалекул (напр., паверхневая М.п. — апрацоўка паверхні палімернага вырабу для надання ёй неабходных уласцівасцей — гідрафільнасці ці гідрафобнасці, устойлівасці да атм. уздзеянняў, антыстатычных і інш.). Фізічная М.п. — змяненне іх фіз.-мех. уласцівасцей пры захаванні хім. будовы макрамалекул ці пераўтварэнне надмалекулярнай структуры палімера. Яе ажыццяўляюць знешнімі мех. ўздзеяннямі на палімерныя плёнкі і валокны, зменай тэмпературна-часавага рэжыму структураўтварэння цвёрдага палімера з расплаву, зменай прыроды растваральніку і рэжыму яго выдалення пры ўтварэнні пакрыццяў, плёнак, валокнаў з раствораў палімераў, увядзеннем у палімер нязначнай колькасці структураўтваральнікаў, якія ўплываюць на кінетыку крышталізацыі і марфалогію палімера.

М.Р.Пракапчук.

т. 9, с. 493

МАДЭ́ЙРА (Madeira),

рака ў Балівіі і Бразіліі, найбуйнейшы правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3230 км (з р. Мамарэ), пл. бас. 1391 тыс. км². Пачынаецца ў Андах ад зліцця рэк Бені і Мамарэ, у верхнім цячэнні агінае Бразільскае пласкагор’е, утварае парогі і вадаспады, ад г. Порту-Велью (Бразілія) цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ў кастр.—маі (сезон дажджоў і раставанне снегу ў Андах). Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 21 800 м​3/с. Суднаходная (1060 км) ад вусця да г. Порту-Велью. Ha М. гарады Порту-Велью, Умайта, Манікарэ.

т. 9, с. 494

МАДЭ́ЙРА (Madeira),

група астравоў у Атлантычным ак., на ПнЗ ад Афрыкі. Тэр. Партугаліі. Пл. 797 км². А-вы М. — вяршыні падводных вулканаў. Самы буйны з іх в-аў Мадэйра (выш. да 1860 м, вулкан Піку-Руйву). Клімат марскі міжземнаморскі. Зараснікі маквісу, гаі каштанавых, лаўровых дрэў, хвой. Трапічнае земляробства (цукр. трыснёг, садавіна), вінаградарства, вінаробства (мадэра), рыбалоўства. Рамёствы. На М. — зімовыя кліматычныя курорты і цэнтры турызму. Гал. горад і порт — Фуншал.

т. 9, с. 494

МАДЭ́ЛІ ў біялогіі,

структуры, з’явы, працэсы, якія ствараюцца і выкарыстоўваюцца для мадэліравання біял. утварэнняў, функцый і працэсаў на розных узроўнях арганізацыі жывога: ад малекулярнага да папуляцыйна-біяцэнатычнага. Ствараюцца таксама М. біял. феноменаў, умоў жыццядзейнасці арганізмаў, папуляцый і экасістэм. М. спрашчаюць біял. з’явы і працэсы, але іх стварэнне і выкарыстанне мае вял. значэнне ў развіцці тэарэт. біялогіі, біёнікі, медыцыны і інш. Адрозніваюць М біял.. матэм (логіка-матэм., імітацыйныя) і фізіка-хімічныя.

М. біялагічныя ўзнаўляюць на лабараторных жывёлах пэўныя станы або захворванні, якія сустракаюцца ў чалавека ці жывёл, што дае магчымасць вывучаць у эксперыменце механізмы ўзнікнення, працякання і зыходу стану або хваробы, уздзейнічаць на арганізмы (напр., штучна выкліканыя генет. парушэнні, інфекц. працэсы, інтаксікацыі, злаякасныя новаўтварэнні, гіпер- або гіпафункцыі некат. органаў, неўрозы і інш.). Выкарыстоўваюцца ў генетыцы, фізіялогіі, фармакалогіі. М. матэматычныяматэм. і логіка-матэм. апісанні структуры, сувязей і заканамернасцей функцыянавання жывых сістэм, якія ўяўляюць сабой ураўненні, што апісваюць працэс ці з’яву. Пры іх стварэнні ў асн. выкарыстоўваюць метады матэм. статыстыкі. сістэмы дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў. Яны будуюцца па выніках эксперыменту або абстрактна, фармалізавана апісваюць гіпотэзу, тэорыю ці заканамернасць біял. феномена, што патрабуе далейшай праверкі эксперыментам (прыклад матэм. М. — фізіял. з’явы — М. узбуджэння нерв. валакна). М. імітацыйныя — логіка-матэм. прадстаўленні сістэм, якія запраграмаваны для рашэння з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій. Такія М. выкарыстоўваюць для мадэліравання ўмоўных рэфлексаў, распазнавання вобразаў, працэсаў навучання. М. фізіка-хімічныя ўзнаўляюць фіз. або хім. сродкамі біял. структуры, функцыі або працэсы і з’яўляюцца далёкім падабенствам біял. з’явы, што мадэліруецца. Больш складаныя М. будуюцца на прынцыпах электратэхнікі і электронікі, напр., электронныя схемы, якія мадэліруюць біяэл. патэнцыялы ў нерв. клетцы, мех. машыны з электронным кіраваннем, што мадэліруюць складаныя акты паводзін (утварэнне ўмоўнага рэфлексу, працэсы цэнтр. тармажэння і інш.). М. фіз.-хім. умоў існавання жывых арганізмаў або іх органаў ці клетак імітуюць унутр. асяроддзе арганізма і падтрымліваюць існаванне ізаляваных органаў або клетак, культывуемых па-за арганізмам. М. біялагічных мембран дазваляюць вы вучаць фіз.-хім. асновы працэсаў транспарту іонаў і ўздзеянне на іх розных фактараў.

Літ.:

Процессы и структуры в открытых системах: Сб. науч. тр. М., 1992;

Биомоделирование. М., 1993;

Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотац. справ.). Мн., 1997.

т. 9, с. 494

МАДЭЛІ́ЗМ СПАРТЫ́ЎНЫ,

адзін з тэхнічных відаў спорту, які ўключае канструяванне, стварэнне і спаборніцтвы дзеючых і стэндавых мадэляў аўтамабіляў, лакаматываў, лятальных апаратаў, суднаў і інш. Развівае канструктарскія здольнасці, тэхн. кругагляд. Спаборніцтвы праводзяцца на пяршынствы свету, кантынента, краіны. Гл. таксама Авіямадэлізм, Аўтамадэлізм, Суднамадэльны спорт.

т. 9, с. 494