Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),

бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.​Вердзі, «Фауст» Ш.​Гуно, «Мефістофель» А.​Бойта, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.​Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.​Шырмай, Я.​Брылём, А.​Бажко.

Г.​Р.​Куляшова.

т. 8, с. 412

КО́НЮХ (Уладзімір Сяргеевіч) (6.8.1943, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 18.1.1997),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. навук (1992), праф. (1995). Скончыў БДУ (1965). З 1965 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (з 1973 нам. дырэктара), з 1990 у БДУ. Навук. працы ў галіне тэорыі лінейных груп. Даў поўную класіфікацыю непрыводных лакальна нільпатэнтных лінейных груп: апісаў падгрупы Сілава праектыўнай лінейнай групы, даследаваў гіпотэзу канечнасці для вырашальных лінейных груп.

Тв.:

Алгебра и алгебраическая геометрия в работах математиков Белоруссии. Мн., 1979 (разам з А.​Я.​Залескім);

Неприводимые локально нильпотентные линейные группы // Фундаментальная и прикладная математика. 1998. Т. 3, вып. 3.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 412

«КОН-ЦІ́КІ»

(назва ад імя бога інкаў),

плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс. км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.

т. 8, с. 412

Кон Вальтэр

т. 18, кн. 1, с. 409

КО́ПАЛА ((Coppola) Фрэнсіс Форд) (н. 7.4.1939, г. Дэтройт, штат Мічыган, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Паставіў фільмы «Хросны бацька I» (1972, прэмія «Оскар») пра гісторыю клана нью-йоркскай мафіі, які стаў сенсацыяй у сусв. кінамастацтве, і яго працяг «Хросны бацька II» (1974, прэмія «Оскар»), «Хросны бацька III» (1990). Адметнай антываен. стужкай у сусветным кінематографе стаў «Апакаліпсіс сёння» (1979), прысвечаны в’етнамскай вайне. Сярод інш. фільмаў «Вясёлка Файніяна» (1968), «Размова» (1972), «Аўтсайдэры» (1983), «Клуб «Катон» (1984), «Такер: чалавек і яго мара» (1988), «Дракула» (1992). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, у т. л. «Людзі дажджу» (1969), «Патон» (1970, з Э.​Нортам; прэмія «Оскар»), «Вялікі Гэтсбі» (паводле Ф.​С.​Фіцджэральда, 1974), «Ад усяго сэрца (1982), «Сады з камянёў» (1987) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 413

КО́ПАНЕЎ (Павел Ільіч) (н. 19.1.1922, в. Малыя Копані Шастакоўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец. Д-р. філал. н. (1973), праф. (1975). Скончыў Кіраўскі пед. ін-т (1942), Ленінградскі ун-т (1949). Працаваў з 1949 у Гродзенскім, з 1955 у Варонежскім пед. ін-тах. З 1961 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Навук. працы па агульным мовазнаўстве, германскіх мовах, праблемах перакладу і ўзаемадзеяння моў: «Пытанні гісторыі і тэорыі мастацкага перакладу» (1972), «Тэорыя і практыка пісьмовага перакладу. Ч. 1. Пераклад з нямецкай мовы на рускую» (1986), «Падручнік нямецкай мовы: Дзелавыя зносіны» (ч. 1—2, 1995, з М.​Г.​Хільтавым).

Тв.:

Комплементарная функция художественного перевода. Мн., 1994.

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 413

КО́ПАНКА,

назва р. Морач у верхнім цячэнні.

т. 8, с. 413

КО́ПАНЬ,

рака, гл. Чарнец.

т. 8, с. 413

КО́ПАСАЎ (Аляксей Паўлавіч) (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),

рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.​Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.​Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 8, с. 413

КО́ПАЦЬ (Юзаф) (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),

бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.​Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).

Літ.:

Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.

В.​І.​Ярмоленка.

т. 8, с. 413