КО́ПАЛА ((Coppola) Фрэнсіс Форд) (н. 7.4.1939, г. Дэтройт, штат Мічыган, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Паставіў фільмы «Хросны бацька I» (1972, прэмія «Оскар») пра гісторыю клана нью-йоркскай мафіі, які стаў сенсацыяй у сусв. кінамастацтве, і яго працяг «Хросны бацька II» (1974, прэмія «Оскар»), «Хросны бацька III» (1990). Адметнай антываен. стужкай у сусветным кінематографе стаў «Апакаліпсіс сёння» (1979), прысвечаны в’етнамскай вайне. Сярод інш. фільмаў «Вясёлка Файніяна» (1968), «Размова» (1972), «Аўтсайдэры» (1983), «Клуб «Катон» (1984), «Такер: чалавек і яго мара» (1988), «Дракула» (1992). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, у т. л. «Людзі дажджу» (1969), «Патон» (1970, з Э.Нортам; прэмія «Оскар»), «Вялікі Гэтсбі» (паводле Ф.С.Фіцджэральда, 1974), «Ад усяго сэрца (1982), «Сады з камянёў» (1987) і інш.

Г.У.Шур.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)