ДЫХРАМА́ТЫ,
солі дыхромавай к-ты H2Cr2O7. Крышт. рэчывы аранжава-жоўтага колеру (напр., Д. натрыю Na2Cr2O7, tпл 320 °C, т-ра раскладання 400 °C). Раствараюцца ў вадзе (акрамя Д. серабра і вісмуту). Моцныя акісляльнікі. Выкарыстоўваюць як кампаненты выбуховых рэчываў, дубільнікі ў гарбарнай прам-сці, пратраву ў тэкст. прам-сці, для адбельвання маслаў, воску, атрымання арган. злучэнняў і інш. Таксічныя, напр. раствор Д. калію разбурае скурныя покрывы і храстковыя тканкі, ГДК 0,01 мг/м³ [у пераліку на аксід хрому (VI) CrO3].
т. 6, с. 304
ДЫХТА́У,
адна з гал. вяршынь Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Кабардзіна-Балкарыі, паблізу мяжы з Грузіяй. Выш. 5203 м. Складзена з крышт. парод. Ледавік. Альпінізм.
т. 6, с. 305
ДЫХТОЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,
прылада для вымярэння эфектыўнай дыхтоўнасці і інш. параметраў вагальных контураў. Бывае аналагавы і лічбавы; мае калібраваны генератар ваганняў з вымяральным вагальным контурам і індыкатар рэзанансу. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні суадносін паміж напружаннем на ўзорным кандэнсатары пры рэзанансе і напружаннем, якое пададзена на контур, або на падліку колькасці перыядаў затухальных свабодных ваганняў у контуры (лічбавыя прылады; гл. Затуханне ваганняў). Выкарыстоўваецца для вымярэння параметраў пасіўных (шпуль індуктыўнасці, кандэнсатараў, рэзістараў і інш.) і актыўных (варыкапы, тунэльныя дыёды і інш.) элементаў радыёэлектронных схем.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 305
ДЫХТО́ЎНАСЦЬ вагальнай сістэмы,
колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.
У аснову вымярэнняў Д. (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш. Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 104, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 105.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 305
ДЫ́ЦГЕН ((Dietzgen) Іосіф) (9.12.1828, г. Бланкенбург, Германія — 15.4.1888),
нямецкі філосаф. Самастойна авалодаў асновамі філас. навукі і развіваў матэрыяліст. дыялектыку. Знаходзіўся пад уплывам ідэй Л.Феербаха, К.Маркса і Ф.Энгельса. Жыў і працаваў у Германіі, Расіі і ЗША. Асн. працы «Сутнасць галаўной работы чалавека» (1869), «Экскурсія сацыяліста ў галіну тэорыі пазнання» (1887), «Аквізіт філасофіі» (1895) і інш. прысвечаны гнасеалогіі, якую Д. лічыў тэарэт. падставай даследавання сац.-эканам. праблем. Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае выснова, што мысліцельная здольнасць чалавека з’яўляецца прыроднай функцыяй яго мозга. Вывучаў таксама формы, ступені і супярэчнасці працэсу пазнання, магчымасці адлюстравання бясконцага універсуму ў формах адноснай і канкрэтнай ісціны.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. философские сочинения. М., 1941.
В.І.Боўш.
т. 6, с. 305
ДЫЦУКРЫ́ДЫ,
вугляводы — алігацукрыды, малекула якіх мае 2 астаткі монацукрыдаў, злучаных гліказіднай сувяззю. Падзяляюцца на неаднаўленчыя (цукроза, трэгалоза) і аднаўленчыя (мальтоза, лактоза, цэлабіёза). У злучэннях неаднаўленчых Д. удзельнічаюць абодва гліказідныя гідраксілы, у аднаўленчых злучэнне ажыццяўляецца паміж гліказідным гідраксілам аднаго астатку і спіртавым гідраксілам другога астатку, у малекуле захоўваецца адна напалову ацэтальная групоўка. Па здольнасці ўдзельнічаць у рэакцыях нагадваюць монацукрыды. Пашыраны ў прыродзе ў свабодным выглядзе, з’яўляюцца структурнымі кампанентамі малекул гліказідаў, аліга- і поліцукрыдаў.
т. 6, с. 305
ДЫЦЭ́НТРА, дыклітра (Dicentia),
род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды: Д. цудоўная (D. spectabilis, радзіма — Кітай, Карэя) і прыгожая, або амерыканская (D. formosa, радзіма — Паўн. Амерыка). Вырошчваюць у садах і кветніках. Размнажаюць дзяленнем кустоў і карэнішчаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамым разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце трайчаста-раздзельнае, перыстарассечанае або складанае, зялёнае ці шызавата-зялёнае. Кветкі пляскатыя, сэрцападобныя (адсюль бытавая назва расліны — «разбітае сэрца»), пераважна ружовыя або пурпуровыя, у доўгіх аднабаковых гронках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 6, с. 305
ДЫЭ́ДР,
двухграневая простая форма крышталёў з двайной воссю сіметрыі. Выкарыстоўваецца ў крышталяграфіі.
т. 6, с. 305
ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),
рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл. Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл. Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.
На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.
Літ.:
Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;
Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.
А.У.Шэлег.
т. 6, с. 305
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
велічыня, якая характарызуе здольнасць дыэлектрыка палярызавацца ў знешнім эл. полі. Уваходзіць у Кулона закон як велічыня, што паказвае, у колькі разоў змяншаецца сіла ўзаемадзеяння эл. зарадаў пры пераносе іх з вакууму ў дыэлектрык пры нязменнай адлегласці паміж імі. Для ізатропных дыэлектрыкаў Д.п. ε вызначаецца адным лікам (ε—скаляр), для анізатропных — сукупнасцю лікаў (ε—тэнзар). Нараўне з Д.п. ўласцівасці дыэлектрыкаў апісваюць дыэлектрычнай успрыімлівасцю x, якая звязана з ёй суадносінамі: ε = x + 1.
Д.п. — адна з асн. характарыстык дыэлектрыка, вызначаецца механізмам яго палярызацыі і залежыць ад палярызаванасці часціц (атамаў, малекул, іонаў), што ўваходзяць у яго склад. У непалярных дыэлектрыках Д.п. слаба залежыць ад т-ры; у палярных — залежнасць істотная, асабліва для сегнетаэлектрыкаў. Найб. пашыраныя метады вымярэння Д.п. заснаваны на вымярэнні ёмістасці кандэнсатара, запоўненага даследаваным дыэлектрыкам. Для газаў Д.п. роўна 1,0001—1,006, для вадкасцей — 1,8—81, для сегнетаэлектрыкаў — да 50000.
А.У.Шэлег.
т. 6, с. 305