Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПО́РАЗАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны 19 ст. ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Размешчана каля дарогі на в. Гарнастаевічы. У ансамбль уваходзяць сядзібны дом і парк. Сядзібны дом — прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У архітэктуры будынка спалучаюцца рысы барока і класіцызму. Дом пастаўлены на падмурку з драўляных брусоў. Тры рызаліты (над сярэднім — мансарда) вылучаны на гал. фасадзе выступамі, на паркавым — гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны 2 двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтр. ўваход аформлены 4-слуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Інтэр’еры не захаваліся. Парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Перад гал. фасадам дома размешчаны круглы партэр.

С.​А.​Друшчыц, Ю.​А.​Якімовіч.

Поразаўская сядзіба.

т. 12, с. 511

ПО́РАЗАЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1825—28 з цэглы і бутавага каменю. Прамавугольны ў плане будынак накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам. Сцены складзены з абчасанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон гал. фасада цагляныя, атынкаваныя. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (18 ст.) — характэрныя ўзоры нар. манум.-дэкар. мастацтва. У падбрамнай званіцы — звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749.

С.​А.​Друшчыц.

Поразаўскі Міхайлаўскі касцёл.

т. 12, с. 511

ПО́РАЗАЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай, з 20.9.1944 у Гродзенскай абл. Цэнтр — г.п. Поразава. Падзяляўся на 7 сельсаветаў: Крапіўніцкі (утвораны 16.7.1954 са скасаваных Дашкавіцкага, Нізянскага, Лескаўскага, Хрустаўскага, Шчурыцкага с/с), Кукліцкі, Лаўрынавіцкі, Міхайлаўскі, Навадворскі, Падароскі, Поразаўскі. 20.1.1960 скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў Свіслацкі раён.

т. 12, с. 511

«ПО́РАЙ», «Ружа»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бярнацкія, Ваўжэцкія, Гедройцы, Малдрыкі, Міцкевічы, Немаеўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай 5-пялёсткавай ружы з зялёнымі лістамі. Клейнод — над прылбіцай з каронай такая самая ружа. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Порай».

т. 12, с. 512

ПО́РАЎНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 19 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 430 м, даўж. берагавой лініі 1,72 км. Пл. вадазбору 8,75 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м, спадзістыя, пад лесам. Берагі нізкія.

т. 12, с. 512

ПОРАЎТВАРА́ЛЬНІКІ,

асобныя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для атрымання порыстых (газанапоўненых) матэрыялаў. П. з’яўляюцца арган. (т.зв. парафоры) і неарган. злучэнні (напр., гідракарбанат натрыю), што вылучаюць газы пры тэрмічным раскладанні. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў (гл. Газанапоўненыя пластыкі), сітаватай гумы, пенабетону і інш.

т. 12, с. 512

ПО́РАХ,

цвёрдая сумесь хім. злучэнняў (арган. і неарган.), здольная ўстойліва (без пераходу ў дэтанацыю) гарэць без доступу паветра і ў паветры пры знешнім ціску ад 0,1 да 1000 МПа. Адносіцца да кідальных выбуховых рэчываў. Выкарыстоўваюць як крыніцу энергіі для надання снарадам, ракетам і да т.п. неабходнай скорасці пры палёце да цэлі.

Для стварэння рэжыму ўстойлівага гарэння з рэгламентаванай скорасцю цепла- і газавыдзялення П. фармуюць у маналітныя шчыльныя зарады з высокай мех. трываласцю, што засцерагае іх ад разбурэння ў ствале гарматы пры выстрале ці пры гарэнні ў ракетным рухавіку. Гарыць П. паслойна-паралельна ў напрамку перпендыкулярным да паверхні зарада. У ствольных сістэмах згарае за сотыя і тысячныя долі секунды, у ракетных рухавіках — за дзесяткі секунд. Пры гарэнні вылучаецца вял. колькасць (да 1 м³ /кг)газаў з т-рай 1200—3700 °C. Асн. энергет. характарыстыкі П. — цеплата згарання (2,5—5,4 МДж/кг) і працаздольнасць: для ствольных сістэм т.зв. сіла П. (для піраксілінавых порахаў каля 10​6 Нм/кг), для ракетных сістэм — адзінкавы імпульс, які адпавядае лікаваму значэнню ўдзельнай цягі, што развівае ракетны рухавік пры згаранні 1 кг П. Паводле хім. саставу адрозніваюць П. нітрацэлюлозныя (бяздымныя nopaxi) і сумесевыя. Сумесевыя П. — гетэрагенныя кампазіцыі з крышт. акісляльніку (звычайна перхларат амонію NH4ClO4, 70—80% па масе) і гаручага палімернага сувязнага (пераважна сінт. каўчукі і смолы, 10—20%). Іх выкарыстоўваюць у ракетных рухавіках і называюць сумесевымі цвёрдымі ракетнымі палівамі. Да сумесевых адносіцца таксама дымны порах.

А.​П.​Герасімчык, А.​В.​Урублеўскі.

т. 12, с. 512

ПО́РАХАЎ (Фёдар Фёдаравіч) (10.7.1914, в. Падгорная Ферганскай вобл., Узбекістан — 4.4.1998),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1957), праф. (1959). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1974). Скончыў Арэнбургскі агравет. ін-т (1937). У 1964—93 у Віцебскім вет. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па этыяпатагенезе, прафілактыцы і лячэнні ўнутр. незаразных хвароб с.-г. жывёлы.

Тв.:

Внутренние незаразные болезни сельскохозяйственных животных. 5 изд. М., 1976 (у сааўт.);

Незаразные болезни молодняка. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 12, с. 512

ПО́РК’ЮПАЙН (Porcupine),

рака ў Канадзе і ЗША (на Алясцы), правы прыток р. Юкан. Даўж. 953 км, пл. басейна 78 тыс. км². Вытокі ў гарах Нахані (сістэма Макензі). Сярэдні расход вады 320 м³/с, летняе разводдзе. Ледастаў ад кастр. да крас.—мая. У межах Аляскі суднаходная для дробных суднаў.

т. 12, с. 512

ПО́РПЛІШЧА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Докшыцы—Глыбокае, чыг. раз’езд на лініі Маладзечна—Полацк. Цэнтр сельсавета і племзавода «Порплішча». За 10 км на ПнЗ ад г. Докшыцы, 197 км ад Віцебска. 784 ж., 279 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 12, с. 512