Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАЛАТО́Е ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

залогавыя каштоўнасці ў выглядзе залатога запасу, якія выкарыстоўваюцца цэнтр. банкамі для забеспячэння выканання ўзятых абавязацельстваў і пакрыцця банкнот. У сувязі з ліквідацыяй функцыі золата як грошай эканам. значэнне З.з. змяншаецца, яно адыгрывае пераважна ролю часткі золатавалютных рэзерваў краіны.

т. 6, с. 510

«ЗАЛАТО́Е КАЛЬЦО́ РАСІ́І»,

турысцкі маршрут, які ўключае стараж. гарады Уладзімір, Суздаль, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Угліч, Яраслаўль, Кастраму, Сергіеў Пасад і інш. Пачынаецца звычайна з Масквы, праходзіць па Маскоўскай, Уладзімірскай, Іванаўскай, Яраслаўскай і Кастрамской абласцях. Працягласць больш за 1000 км. На «З.к.Р.» помнікі рус. гісторыі і культуры, якія складаюць яе «залаты фонд» (адсюль назва) і маюць сусв. значэнне. Усе гарады «З.к.Р.» развіваюцца як цэнтры турызму. Помнікі Уладзіміра, Суздаля, арх. ансамбль Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 510

ЗАЛАТО́Е РУНО́,

у грэчаскай міфалогіі залатая воўна барана. Паводле міфаў, Нефела, жонка цара Фіваў Афаманта, атрымала барана ад Гермеса і аддала сваім дзецям Фрыксу і Геле. На спіне гэтага барана Фрыкс прыбыў (Гела па дарозе загінула) да цара Ээта ў Калхіду, дзе ахвяраваў жывёлу Зеўсу, а скуру барана павесіў у гаі Арэса. Потым З.р., якое ахоўваў дракон, укралі арганаўты. У пераносным сэнсе З.р. — багацце, якім імкнуцца завалодаць.

т. 6, с. 510

ЗАЛАТО́Е СЯЧЭ́ННЕ, залатая прапорцыя, гарманічнае дзяленне,

дзяленне адрэзка на 2 часткі, пры якім меншая частка адносіцца да большай, як большая да ўсяго адрэзка. Тэрмін «З.с.» ўвёў Леанарда да Вінчы (канец 15 — пач. 16 ст.). Алг. вызначэнне З.с. адрэзка даўжынёй a зводзіцца да рашэння ўраўн. a/x=x/ax(ax) (гл. Гарманічная прапорцыя). Дзель x/a можна набліжана выявіць дробамі 2/3, 3/5, 5/8, 8/13, 13/21, дзе 2, 3, 5, 8, 13, 21, ... — лікі Фібаначы. З.с. сустракаецца ў «Асновах» Эўкліда (3 ст. да н.э.). Прынцыпы З.с. выкарыстоўваюцца ў архітэктуры (асабліва антычнай эпохі Адраджэння) і выяўл. мастацтве.

Залатое сячэнне.
Залатое сячэнне x/a адрэзка AB.

т. 6, с. 510

ЗАЛАТУ́ХА,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр Чкалаўскага с/с. За 50 км на ПнУ ад г. Калінкавічы, 98 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Васілевічы, 661 ж., 288 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі Залатухінскае радовішча нафты.

т. 6, с. 511

ЗАЛАТУ́ХІН (Юрый Дзмітрыевіч) (н. 2.6.1932, г. Кіраваград, Украіна),

бел. вучоны ў галіне буд-ва. Канд. тэхн. н. (1968), праф. (1991). Скончыў Адэскі гідратэхн. ін-т (1956). З 1967 у Бел. дзярж. ун-це транспарту (г. Гомель). Навук. працы па даследаванні і выпрабаванні жалезабетонных канструкцый, рэканструкцыі і павелічэнні эксплуатацыйнай надзейнасці збудаванняў.

Тв.:

Испытание строительных конструкций. Мн., 1983;

Испытание сооружений. Мн., 1992 (у сааўт.).

т. 6, с. 511

ЗАЛАТУ́ХІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Залатуха. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1973, Паклады нафты пл. 15,6 км2 прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 1950—3615 м. Пароды-калектары — кавернава-трэшчынаватыя мергелі, вапнякі, даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, высокасмалістая, парафінавая, з удз. в. 0,84—0,87 г/см³.

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 511

ЗАЛАТЫ́Я ВАРО́ТЫ (Golden Gate),

праліў, які яднае бухту Сан-Францыска на зах. беразе ЗША з Ціхім ак. Даўж. 8 км, шыр. 1,5—3 км, глыб. да 43 м. На паўн. беразе — фарты, на паўд.г. Сан-Францыска. Цераз праліў пабудаваны ў 1937 вісячы мост даўж. 3100 м.

т. 6, с. 511

ЗАЛАТЫ́Я ПЯСКІ́, Златні-Пясцы,

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. На беразе Чорнага м., за 17 км на ПнУ ад г. Варна. Спрыяльныя прыродныя ўмовы (марскі клімат, мяккая зіма, гарачае сонечнае лета з марскімі брызамі, пляжы з дробным залаціста-жоўтым пяском) забяспечваюць эфектыўную клімата- і таласатэрапію неспецыфічных хвароб органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай, апорна-рухальнай і нерв. сістэм, нырак, абмену рэчываў. Вял. прыродны парк, летні т-р, непадалёку стараж. манастыр Аладжа (засн. ў 3 ст.).

т. 6, с. 511

ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн. прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 511