Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРОХГУ́ЧЧА,

1) сугучча з 3 розных гукаў.

2) Акорд з 3 гукаў, якія могуць быць размешчаны па тэрцыях. У залежнасці ад велічыні тэрцый і ад іх узаемнага размяшчэння адрозніваюць Т. мажорнае (вял. тэрцыя + малая тэрцыя), мінорнае (малая тэрцыя + вял. тэрцыя); менш выкарыстоўваюцца паменшанае (малая тэрцыя + малая тэрцыя) і павялічанае (вял. тэрцыя + вял. тэрцыя), якія няўстойлівыя і дысанантныя.

т. 15, с. 529

ТРОХПА́ЛЬЦЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picoides tridactylus),

птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. ч., занесены ў Чырв. кнігу. Жыве ў хвойных і мяшаных лясах.

Даўж. цела 21—24 см, маса 51—69 г. Спіна белая з шырокімі чорнымі стракацінамі. Цемя ў самцоў залаціста-жоўтае, у самак брудна-белае. Ад вачэй ідзе вузкая белая паласа, ад дзюбы — чорныя вусы. Шчокі цёмныя. Крылы буравата-чорныя з белымі стракацінамі. Бруха белае, зрэдку з вузкім папярочным малюнкам. На нагах 3 пальцы (адсюль назва). Нясе 3—5 (да 7) яец. Корміцца пераважна насякомымі, што жывуць пад карой дрэў, насеннем. ягадамі.

т. 15, с. 529

ТРОХРАДКО́ЎЕ,

гл. ў арт. Тэрцэт.

т. 15, с. 529

ТРОХФА́ЗНЫ ЛАНЦУ́Г,

сукупнасць 3 аднафазных эл. ланцугоў (фаз) пераменнага току. у якіх дзейнічаюць 3 сінусаідальныя напружанні аднолькавай частаты, зрушаныя па фазе (на 120°) адна адносна другой. Найб. пашыраны сіметрычныя Т.л., утвораныя фазнымі абмоткамі трохфазнага электрычнага генератара, прыёмнікамі электраэнергіі (фазамі нагрузкі) і злучальнымі (лінейнымі) правадамі.

Калі фазныя абмоткі генератара і фазы нагрузкі злучаны зоркай, то Т.л. акрамя лінейных можа мець нулявы провад. Па ім цячэ рознасны ток асобных фаз, роўны нулю пры аднолькавых нагрузках усіх фаз і адметны ад нуля пры несіметрычнай нагрузцы Напружанні паміж лінейнымі правадамі і токі ў гэтых правадах наз. лінейнымі (Uл, Iл; токі ў фазных абмотках генератара і ў фазах нагрузкі, напружанні на іх — фазнымі (Iф, Uф). Пры злучэнні зоркай Uл = 3 Uф , токі роўныя; трохвугольнікам — Uл = Uф , Iл = 3 Iф . Магутнасць сістэмы (P) складаецца з магутнасцей усіх фаз; пры сіметрычнай нагрузцы P = 3 Uл Iл cos φ , дзе φ — вугал зруху паміж фазнымі напружаннем і токам. Т.л. больш эканамічны, чым аднафазны, дазваляе атрымаць вярчальнае магн. поле ў электрарухавіках. Распрацаваны ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім.

У.​М.​Сацута.

т. 15, с. 529

ТРОХЦА́РСТВА,

гл. ў арт. Саньго.

Трохфазны ланцуг: 1 — з абмоткамі генератара і нагрузкай, злучанымі зоркай; 2 — з абмоткамі генератара, злучанымі зоркай, і нагрузкай, злучанай трохвугольнікам; 3 — з абмоткамі генератара і нагрузкай, злучанымі трохвугольнікам; 4 — крывыя эрс; 5 — вектары эрс; Г — генератар; Н — нагрузка; A, B, C — лінейныя правады; O — нулявы провад; Uл, Uф, Iл, Iф — лінейныя і фазныя напружанні і токі; T — перыяд пераменнага току; EA, EB, EC — вектары фазных эрс.

т. 15, с. 529

ТРОХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧА ў нябеснай механіцы,

задача пра вызначэнне руху 3 цел, якія ўзаемна прыцягваюцца паводле сусветнага прыцягнення закону.

Сфармулявана І.​Ньютанам. Л.​Эйлер (1767) і Ж.Л.Лагранж (1772) знайшлі класы частковых рашэнняў агульнай (неабмежаванай) Т.ц.з., пры якіх целы адвольных мас рухаюцца па канічных сячэннях аднолькавага выгляду, а ўтвораная імі канфігурацыя ўвесь час падобная да самой сябе — целы застаюцца на адной прамой (калінеарныя эйлеравы рашэнні) ці ўтвараюць роўнастаронні трохвугольнік (трохвугольныя лагранжавы рашэнні). Астр. назіранні пацвердзілі, што гэтыя рашэнні рэалізуюцца ў прыродзе (гл. Траянцы). Агульнае рашэнне неабмежаванай Т.ц.з. знойдзена ў выглядзе бесканечных шэрагаў. З-за іх надзвычай павольнай збежнасці часцей выкарыстоўваюць якасныя ці прыблізныя лікавыя метады рашэння або разглядаюць спрошчаную (абмежаваную) Т.ц.з. Рашэнні розных тыпаў абмежаванай Т.ц.з. знайшлі шматлікія дастасаванні ў тэорыі руху Месяца і планет, дынаміцы касм. палёту.

Літ.:

Рябушко А.П. Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;

Рой А.Э. Движение по орбитам: Пер. с англ. М., 1981;

Себехей В. Теория орбит: Ограниченная задача трех тел: Пер. с англ. М., 1982.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 15, с. 529

ТРО́ЦКАЯ Таісія Паўлаўна (н. 29.11.1949, в. Бобрына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механізацыі с.-г. вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1999). Скончыла БСГА (1972). З 1978 у Гродзенскім с.-г. ін-це, з 1991 у БелНДІ механізацыі сельскай гаспадаркі. З 2000 у Бел. агр. тэхн. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па ўдасканаленні тэхнал. працэсаў сушкі і перадпасяўной апрацоўкі зерня і насення ў азона-паветр. сферы.

Тв.:

Энергосберегающая технология сушки сельскохозяйственных материалов в озоновоздушной сфере. Мн., 1997;

Энергосберегающая электроозонированная сушка зерна активным вентилированием (разам з С.​М.​Карташэвічам) // Механизация уборки, послеуборочной обработки и хранения урожая сельскохозяйственных культур: Науч. тр. М., 2000. Т. 132.

Л.​В.​Бароўка.

т. 15, с. 530

ТРО́ЦКІ Леў Давыдавіч (сапр. Бранштэйн Лейба; 7.11.1879, в. Янаўка Аляксандраўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 20.8.1940),

палітычны і дзярж. дзеяч. Скончыў рэальнае вучылішча ў г. Мікалаеў (1897). У 1903—07 меншавік, пазней займаў прамежкавае становішча паміж бальшавікамі і меншавікамі і выступаў за іх аб’яднанне. У 1905 у асн. распрацаваў тэорыю «перманентнай» (няспыннай) рэвалюцыі; лічыў, што пралетарыят Расіі пасля ажыццяўлення дэмакр. (буржуазнай) рэвалюцыі адразу пачне сацыяліст. рэвалюцыю, якая пераможа толькі пры дапамозе сусв. пралетарыяту. У рэвалюцыю 1905—07 фактычны лідэр Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, рэдактар яго газ. «Известия». У 1907—17 у эміграцыі. У 1908—12 быў рэдактарам газ. «Правда». У 1-ю сусв. вайну стаяў на інтэрнацыяналісцкіх пазіцыях. У жн. 1917 на чале створанай ім Міжраённай аб’яднанай арг-цыі сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў (каля 4 тыс. чал.) уступіў у бальшавіцкую партыю. У кастр.—ліст. 1917 старшыня Петраградскага Савета, фактычны кіраўнік Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. Чл. ЦК бальшавіцкай партыі са жн. 1917 да кастр. 1927, Палітбюро ЦК (кастр. 1917, сак. 1919 — кастр. 1926). У 1917—18 нарком замежных спраў РСФСР, у 1918—25 нарком па ваен. і марскіх справах, старшыня Рэўваенсавета СССР (да 1923 — РСФСР). З 1925 чл. Прэзідыума ВСНГ СССР. У канцы 1917 — пач. 1918 узначальваў сав. дэлегацыю на мірных перагаворах з Германіяй і яе саюзнікамі (ш. Брэсцкі мір 1918), ад удзелу ў якіх адхіліў прадстаўнікоў Рады БНР. Спадзеючыся, што з прычыны рэв. ўздыму ў Германіі і Аўстра-Венгрыі іх войскі не здолеюць наступаць, Т. 10.2.1918 адмовіўся падпісаць мірны дагавор на прапанаваных аўстра-герм. блокам цяжкіх для Расіі ўмовах і пакінуў з дэлегацыяй Брэст, хоць ведаў, што гэта аўтаматычна вядзе да спынення перамір’я на фронце. 14.2.1918 пазіцыю Т. падтрымаў ЦВК РСФСР. Насуперак разлікам Т., герм.-аўстр. войскі 18.2.1918 разгарнулі наступленне па ўсім фронце. У выніку былі акупіраваны б.ч. Беларусі (да Дняпра і Зах. Дзвіны) і многія інш. тэрыторыі, а Брэсцкі мір падпісаны 3.3.1918 Р.Я.Сакольнікавым на больш цяжкіх умовах. Т. — адзін са стваральнікаў рэгулярнай Чырв. Арміі, асабіста кіраваў яе дзеяннямі на многіх франтах грамадз. вайны, шырока выкарыстоўваў жорсткія захады для падтрымання дысцыпліны і навядзення «рэв. парадку» на фронце і ў тыле. У час наступлення польскіх войск быў на Беларусі (Гомель, Мінск), выдаў шэраг загадаў, у прыватнасці аб узяцці г. Барысаў. Сэнс існавання сав. улады ў Расіі і ў СССР Т. бачыў у «падштурхоўванні», у т. л. ваен. сродкамі, сусв. пралетарскай рэвалюцыі. У 1919 ён прапаноўваў ЦК партыі «перакінуць» рэвалюцыю ў Азію, у 1923 — увесці Чырв. Армію ў Германію.

Сац.-эканам. лад Расіі і СССР Т. называў дзярж. капіталізмам, лічыў, што будаўніцтва сацыялізму тут магчыма толькі пры дапамозе вядучых краін Еўропы, дзе спачатку павінны былі перамагчы пралетарскія рэвалюцыі. Т. і яго прыхільнікі («трацкісты») актыўна ўдзельнічалі ва ўнутрыпарт. дыскусіях пач. 1920-х г., у час якіх заклікалі да пашырэння метадаў «ваеннага камунізму», адзяржаўлення і мілітарызацыі прафсаюзаў, патрабавалі пашырэння парт. дэмакратыі і разам з тым больш цэнтралізаванай гасп. палітыкі, абвяшчалі лозунгі «дыктатуры прам-сці», «звышіндустрыялізацыі» краіны за кошт сялянства, якое лічылі рэакц. класам. Барацьба за лідэрства ў партыі і дзяржаве (пасля адыходу ў канцы 1922 ад спраў хворага У.А.Леніна) скончылася перамогай прыхільнікаў І.В.Сталіна. XIII парт. канферэнцыя (студз. 1924) асудзіла погляды Т. («трацкізм»), XV з’езд ВКП(б) (1927) абвясціў іх несумяшчальнымі з членствам у партыі, выключыў з партыі Т. разам з групай найб. актыўных прыхільнікаў. У 1928 Т. высланы ў Алматы, у 1929 — за мяжу. Жыў у Турцыі, з 1937 — у Мексіцы. Рэзка крытыкаваў палітыку тагачаснага кіраўніцтва СССР. Ініцыятар стварэння «Інтэрнацыянала 4-га» (1938). Забіты агентам сав. НКУС іспанцам Р.​Меркадэрам. У наш час прыхільнікі ідэй Т. дзейнічаюць у многіх краінах свету.

Тв.:

К истории русской революции. М., 1990;

Политические силуэты. М., 1990;

Сталин. Т. 1—2. М., 1990;

Литература и революция. М., 1991;

Моя жизнь. М., 1991.

Літ.:

Ленін У.І. Пісьмо да з’езду // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч.;

Т. 45);

Васецкий Н.А. О Троцком и троцкизме. М., 1989;

Яго ж. Троцкий: опыт политич. биогр. М., 1992;

Дойчер И. Троцкий в изгнании: Пер. с англ. М., 1991;

Кушинг Гранвилл Дж. Л.​Д.​Троцкий и Четвертый Интернационал: Пер. с англ. М., 1993;

Воейков М.И. Теоретическое наследие Л.​Троцкого и современность. М., 1994;

Космач Г.А., Космач Е.Н. Трагедия кумиров революции. Мн., 1994;

Лев Троцкий. Мн., 1998;

Волкогонов Д.А. Троцкий. Кн. 1—2. М., 1999.

У.​А.​Бажанаў.

т. 15, с. 530

ТРО́ШКІ [ад грэч. tropikos (kyklos) круг павароту],

геаграфічныя паралелі, адлеглыя на 23°27′ на Пн і на П ад экватара. Называюцца адпаведна Паўночны, або Т. Рака, і Паўднёвы, або Т. Казярога. У дзень летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.) Сонца знаходзіцца ў поўдзень у зеніце для месц, якія ляжаць на Паўн. Т., у дзень зімовага сонцастаяння (21—22 снежня) — для месц, якія ляжаць на Паўд. Т. Часам Т. наз. усю шыротную зону, якая заключана паміж Паўн. і Паўд. Т. — экватарыяльны пояс і 2 трапічныя паясы Зямлі.

т. 15, с. 528

ТРО́ШЧА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 16 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,51 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 38,2 м, даўж. берагавой лініі 3,24 км, пл. вадазбору 2,4 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—14 м (на ПдЗ да 20 м, на Пн і Пд зніжаюцца да 6 м), усх. — разараныя, зах. — пад лесам. Пойма высокая, сухая, шыр. да 5 м, на Пн і Пд забалочаная, шыр. да 40—150 м. Берагі выш. 0,5—1 м, пясчаныя і супясчаныя, пад лесам і хмызняком, на ПдЗ і ПдУ зліваюцца са схіламі, на Пд на невял. участку сплавінныя. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—50 м.

т. 15, с. 530