ТРО́ЦКІ Леў Давыдавіч (сапр. Бранштэйн Лейба; 7.11.1879, в. Янаўка Аляксандраўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 20.8.1940),

палітычны і дзярж. дзеяч. Скончыў рэальнае вучылішча ў г. Мікалаеў (1897). У 1903—07 меншавік, пазней займаў прамежкавае становішча паміж бальшавікамі і меншавікамі і выступаў за іх аб’яднанне. У 1905 у асн. распрацаваў тэорыю «перманентнай» (няспыннай) рэвалюцыі; лічыў, што пралетарыят Расіі пасля ажыццяўлення дэмакр. (буржуазнай) рэвалюцыі адразу пачне сацыяліст. рэвалюцыю, якая пераможа толькі пры дапамозе сусв. пралетарыяту. У рэвалюцыю 1905—07 фактычны лідэр Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, рэдактар яго газ. «Известия». У 1907—17 у эміграцыі. У 1908—12 быў рэдактарам газ. «Правда». У 1-ю сусв. вайну стаяў на інтэрнацыяналісцкіх пазіцыях. У жн. 1917 на чале створанай ім Міжраённай аб’яднанай арг-цыі сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў (каля 4 тыс. чал.) уступіў у бальшавіцкую партыю. У кастр.—ліст. 1917 старшыня Петраградскага Савета, фактычны кіраўнік Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. Чл. ЦК бальшавіцкай партыі са жн. 1917 да кастр. 1927, Палітбюро ЦК (кастр. 1917, сак. 1919 — кастр. 1926). У 1917—18 нарком замежных спраў РСФСР, у 1918—25 нарком па ваен. і марскіх справах, старшыня Рэўваенсавета СССР (да 1923 — РСФСР). З 1925 чл. Прэзідыума ВСНГ СССР. У канцы 1917 — пач. 1918 узначальваў сав. дэлегацыю на мірных перагаворах з Германіяй і яе саюзнікамі (ш. Брэсцкі мір 1918), ад удзелу ў якіх адхіліў прадстаўнікоў Рады БНР. Спадзеючыся, што з прычыны рэв. ўздыму ў Германіі і Аўстра-Венгрыі іх войскі не здолеюць наступаць, Т. 10.2.1918 адмовіўся падпісаць мірны дагавор на прапанаваных аўстра-герм. блокам цяжкіх для Расіі ўмовах і пакінуў з дэлегацыяй Брэст, хоць ведаў, што гэта аўтаматычна вядзе да спынення перамір’я на фронце. 14.2.1918 пазіцыю Т. падтрымаў ЦВК РСФСР. Насуперак разлікам Т., герм.-аўстр. войскі 18.2.1918 разгарнулі наступленне па ўсім фронце. У выніку былі акупіраваны б.ч. Беларусі (да Дняпра і Зах. Дзвіны) і многія інш. тэрыторыі, а Брэсцкі мір падпісаны 3.3.1918 Р.Я.Сакольнікавым на больш цяжкіх умовах. Т. — адзін са стваральнікаў рэгулярнай Чырв. Арміі, асабіста кіраваў яе дзеяннямі на многіх франтах грамадз. вайны, шырока выкарыстоўваў жорсткія захады для падтрымання дысцыпліны і навядзення «рэв. парадку» на фронце і ў тыле. У час наступлення польскіх войск быў на Беларусі (Гомель, Мінск), выдаў шэраг загадаў, у прыватнасці аб узяцці г. Барысаў. Сэнс існавання сав. улады ў Расіі і ў СССР Т. бачыў у «падштурхоўванні», у т. л. ваен. сродкамі, сусв. пралетарскай рэвалюцыі. У 1919 ён прапаноўваў ЦК партыі «перакінуць» рэвалюцыю ў Азію, у 1923 — увесці Чырв. Армію ў Германію.

Сац.-эканам. лад Расіі і СССР Т. называў дзярж. капіталізмам, лічыў, што будаўніцтва сацыялізму тут магчыма толькі пры дапамозе вядучых краін Еўропы, дзе спачатку павінны былі перамагчы пралетарскія рэвалюцыі. Т. і яго прыхільнікі («трацкісты») актыўна ўдзельнічалі ва ўнутрыпарт. дыскусіях пач. 1920-х г., у час якіх заклікалі да пашырэння метадаў «ваеннага камунізму», адзяржаўлення і мілітарызацыі прафсаюзаў, патрабавалі пашырэння парт. дэмакратыі і разам з тым больш цэнтралізаванай гасп. палітыкі, абвяшчалі лозунгі «дыктатуры прам-сці», «звышіндустрыялізацыі» краіны за кошт сялянства, якое лічылі рэакц. класам. Барацьба за лідэрства ў партыі і дзяржаве (пасля адыходу ў канцы 1922 ад спраў хворага У.А.Леніна) скончылася перамогай прыхільнікаў І.В.Сталіна. XIII парт. канферэнцыя (студз. 1924) асудзіла погляды Т. («трацкізм»), XV з’езд ВКП(б) (1927) абвясціў іх несумяшчальнымі з членствам у партыі, выключыў з партыі Т. разам з групай найб. актыўных прыхільнікаў. У 1928 Т. высланы ў Алматы, у 1929 — за мяжу. Жыў у Турцыі, з 1937 — у Мексіцы. Рэзка крытыкаваў палітыку тагачаснага кіраўніцтва СССР. Ініцыятар стварэння «Інтэрнацыянала 4-га» (1938). Забіты агентам сав. НКУС іспанцам Р.​Меркадэрам. У наш час прыхільнікі ідэй Т. дзейнічаюць у многіх краінах свету.

Тв.:

К истории русской революции. М., 1990;

Политические силуэты. М., 1990;

Сталин. Т. 1—2. М., 1990;

Литература и революция. М., 1991;

Моя жизнь. М., 1991.

Літ.:

Ленін У.І. Пісьмо да з’езду // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч.;

Т. 45);

Васецкий Н.А. О Троцком и троцкизме. М., 1989;

Яго ж. Троцкий: опыт политич. биогр. М., 1992;

Дойчер И. Троцкий в изгнании: Пер. с англ. М., 1991;

Кушинг Гранвилл Дж. Л.​Д.​Троцкий и Четвертый Интернационал: Пер. с англ. М., 1993;

Воейков М.И. Теоретическое наследие Л.​Троцкого и современность. М., 1994;

Космач Г.А., Космач Е.Н. Трагедия кумиров революции. Мн., 1994;

Лев Троцкий. Мн., 1998;

Волкогонов Д.А. Троцкий. Кн. 1—2. М., 1999.

У.​А.​Бажанаў.

т. 15, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)