Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛЫ́ ХІНГА́Н,

горы на Д. Усходзе. Размешчаны пераважна на ПнУ Кітая, іх паўн.-ўсх. край на тэр. Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі ад асн. ч. аддзелены скразной цяснінай р. Амур. Даўж. каля 500 км, выш. да 1150 м (г. Дуймяньшань). Складзены з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў, базальтаў. Радовішчы вугалю, графіту, золата, волава, жал. руд. Плоскія вяршыні, спадзістыя схілы, каменныя россыпы. Каля зах. падножжа — група вулканаў Удалянчы. На схілах — горныя лясы: на Пд — шыракалістыя, на Пн — ялова-бярозавая і лістоўнічная тайга. Хінганскі запаведнік (Расія), рэзерват Фынлінь (Кітай).

т. 10, с. 39

МА́ЛЬБАРА (Marlborough) Джон Чэрчыл

(Churchill; 26.5.1650, Аш, Вялікабрытанія — 16.6.1722),

англійскі палкаводзец і паліт. дзеяч, ген.-фельдцэйхмайстар (1702), герцаг (1702). У арміі з 1667, удзельнічаў у англа-галандскай вайне 1672—74. З 1685 пасол у Францыі. У 1690 кіраваў барацьбой з якабітамі (антыангл. рух) у Ірландыі. З 1701 галоўнакамандуючы англ. войскамі на кантыненце ў час вайны за іспанскую спадчыну 1701—1714, атрымаў шэраг перамог. У 1711 адхілены ад камандавання, у эміграцыі. У 1714—16 на службе ў англ. караля Георга I.

т. 10, с. 42

МА́ЛЬБАРК (Malbork),

горад у Польшчы, у Паморскім ваяводстве, у дэльце Віслы. 40 тыс; ж. (1993). Вузел чыгунак, прыстань на рукаве р. Ногат. Прам-сць: маш.-буд. (з-д вентылятараў), харч. (цукр., харч. канцэнтратаў, мясная, малочная), швейная, льноперапрацоўчая. Гатычны замак крыжакоў (13—14 ст., цяпер музей), на тэр. старога горада гатычны касцёл св. Яна (14—17 ст.), ратуша (14—15 ст.).

Каля 1274 крыжакі пачалі буд-ва замка Марыенбург (з 16 ст. паланізаваная назва — М.). Вакол замка ўзнікла паселішча, якое ў 1276 атрымала гар. правы. У 1309—1457 рэзідэнцыя вял. магістра ордэна і сталіца крыжацкай дзяржавы. Разбудова замка ў 14 ст. (адна з наймагутнейшых крэпасцей у Еўропе) паспрыяла прытоку рамеснікаў. Паводле Тарунскага міру 1466 далучаны да Польшчы, цэнтр ваяводства. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Прусіі. Эканам. развіццё М. звязана з буд-вам у 1855—57 чыгункі Берлін — Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія). Па выніках плебісцыту 1920 застаўся ў складзе Усх. Прусіі. У 2-ю сусв. вайну тут існаваў гітлераўскі канцлагер. З 1945 у складзе Польшчы, адбудаваны.

Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 10, с. 42

МАЛЬБЕ́РТ (ням. Malbrett літар. паліца для жывапісу),

драўляны або метал. станок для жывапісу, на якім на рознай вышыні пад розным нахілам мацуюць падрамнік з палатном, кардон і інш. Асн. віды М. — стацыянарны на гарыз. падстаўцы ці лёгкі складаны трыножнік для пейзажных эцюдаў.

т. 10, с. 43

МАЛЬБРА́НШ ((Malebranche) Нікала) (6.8.1638, Парыж — 13.10.1715),

французскі рэліг. філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў аказіяналізму. У 1659 уступіў у кангрэгацыю аратарыянцаў, з 1664 святар. Распрацоўваў уласную філас. сістэму, імкнуўся спалучыць картэзіянства з аўгусціянаўскай традыцыяй хрысц. філасофіі. Асн. працы: «Пошукі ісціны» (1674—75, рус. пер., т. 1—2, 1903—06), «Трактат аб прыродзе і дабрыні» (1680). Паводле М., знешнія пачуцці не могуць пазнаць сутнасці рэчы; атрыманыя з іх дапамогай успрыманні (напр., успрыманні колеру, густу і інш.) — гэта вынікі ўяўлення. Дакладнасць забяспечваюць толькі законы чыстага мыслення, якія змяшчаюцца ў матэм. паняццях і суджэннях і ў неабходнасці якіх праяўляецца Бог. У выніку гэтага свет і чалавек, паводле М., раствараецца ў Богу. Ідэалізм М. крытыкавалі Дж.Лок і франц. асветнікі 18 ст.

т. 10, с. 43

МА́ЛЬВА (Malva),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя М.: выразаная (M. excisa, нар. назва палявая ружа), кучаравая (M. crispa), лясная (M. sylvestris), нізкая (M. pusilla). Трапляюцца каля жылля, у пасевах, на пустках. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. штокружавая (M. alcea).

Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Лісце суцэльнае або пальчата-рассечанае. Кветкі ў пазухах лісця, белыя, ружовыя ці пурпуровыя. Плод — зборная сямянка. Харч., кармавыя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Мальва лясная.

т. 10, с. 43

МАЛЬВІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,

тое, што Фалклендскія астравы.

т. 10, с. 43

МА́ЛЬДЗІС (Адам Восіпавіч) (н. 7.8.1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літ.-знавец, крытык, празаік, публіцыст. Д-р філал. н. (1987), праф. (1990). Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у друку, з 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1991 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны (у 1991—98 дырэктар). Друкуецца з 1954. Даследуе гісторыю бел. культуры і л-ры 17—19 ст., бел.-польскія і бел.-літоўскія літ. ўзаемасувязі. Адзін з аўтараў кніг «Садружнасць літаратур» (1968), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Шляхі вялі праз Беларусь» (1980, з В.Грыцкевічам), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988, з А.Лапінскене). Складальнік зб-каў «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча (1969) і «Творы» Я.Дылы (1981). Падрыхтаваў для выдання рукапіс перакладу Б.Тарашкевіча на бел. мову паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1981). Аўтар гіст. аповесці «Восень пасярод вясны» (1984). З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Бел. фонду культуры, з 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў, з 1996 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнар. АН Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95) і час. «Кантакты і дыялогі» (з 1996). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).

Тв.:

Творчае пабрацімства. Мн., 1966;

Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст. Мн., 1972;

Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Астравеччына, край дарагі... Мн., 1977;

На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982;

3 літаратуразнаўчых вандраванняў. Мн., 1987;

Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;

Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн.,1990;

І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. Мн., 1994.

С.С.Лаўшук.

А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 43

МАЛЬДЫ́ВЫ (Дывехі Раджы),

Мальдыўская Рэспубліка (Дывехі Раджэйгі Джумхурыя), дзяржава ў Паўд. Азіі, на Мальдыўскіх а-вах у паўн.-зах. ч. Індыйскага ак. Пл. 298 км2. Нас. 290,2 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — мальдыўская (дывехі). Сталіца — г. Мале.

Падзяляецца на 20 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца прэзідэнтам з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу. На чале 20 адм. акруг стаяць кіраўнікі, прызначаныя прэзідэнтам. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе мін-ва па справах атолаў.

Прырода. Астравы нізінныя, каралавага паходжання, утвараюць 2 паралельныя ланцугі. Складаюцца з 26 атолаў, уключаюць каля 2 тыс. дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар’ернымі рыфамі. Найб. выш. 24 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра ўвесь год 24—28°C. Ападкаў каля 2500 мм за год. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва складаюць мальдыўцы (саманазва дывехі), гавораць на мове, якая адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і. Жывуць невял. групы сінгалаў, дравідаў, арабаў, афрыканцаў. Вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 3,47% (1977). Сярэдняя шчыльн. 974 чал. на 1 км2. Заселены толькі 202 буйнейшыя астравы. Каля 30% насельніцтва жыве ў адзіным горадзе М. — Мале (63 тыс. ж., 1995), 54% працаздольнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, 25% — у рыбалоўстве і сельскай гаспадарцы, 21% — у прам-сці.

Гісторыя. У 3—1 ст. да н.э. М. засялілі выхадцы з Шры-Ланкі і Індыі. Да сярэдзіны 12 ст. пануючай рэлігіяй быў будызм. У 1153 прапаведнік Мухамад ул-Абдала схіліў насельніцтва М. да ісламу, заснаваў на М. султанат і абвясціў сябе султанам. У 1558 партугальцы захапілі в-аў Мале, але ў 1573 выгнаны. У 16—17 ст. султанат знаходзіўся ў залежнасці ад галандскіх, а з пач. 19 ст.англ. улад Цэйлона (цяпер — Шры-Ланка); з 1887 — брыт. пратэктарат. У 1953—54 М. — рэспубліка, потым манархія. З 1956 на М. існавала буйная база брыт. ВПС. 27.7.1965 абвешчана незалежнасць М. З 11.11.1968 — рэспубліка на чале з прэзідэнтам І.Насірам. У 1976 выведзены ўсе брыт. войскі. У 1978 рэферэндум ухваліў назначэнне прэзідэнтам М.А.Гаюма, які ліквідаваў спробы дзярж. пераваротаў у 1980, 1981 і 1988. У лют. 1990 абвешчана праграма шырокай дэмакратызацыі паліт. жыцця ў краіне. Пачалося стварэнне апазіцыйных партый. З 1.1.1998 увайшла ў сілу новая канстытуцыя М., якая прадугледжвае шырокае кола дэмакр. праў і свабод грамадзян. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1993.

М. — чл. ААН (з 1965), Садружнасці (з 1985), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі (з 1985).

Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чалавека складае каля 900 дол. ЗША.. Аснова эканомікі — замежны турызм, рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. На М. створаны 2 турыстычныя цэнтры на а-вах Курумба і Бандас. У краіне штогод бывае каля 325 тыс. турыстаў пераважна з Зах. Еўропы, Японіі, Індыі. У 1998 прыбытак ад гэтай галіны склаў 287 млн. дол. Турыстаў прывабліваюць маляўнічыя ўзбярэжжы атолаў, купанні ў цёплым моры, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1996 вылаўлена 105,6 тыс. т рыбы (пераважна тунец). Рыбалоўны флот налічвае каля 5 тыс. невял. ветразевых і маторных суднаў і лодак. З галін прам-сці найб. развіты суднабудаванне (буд-ва невял. суднаў), харч. (мукамольная, рыбакансервавая), тэкст., швейная. Здабыча пяску і каралаў. Новая галіна — зборка электронных кампанентаў. Шырока развіты разнастайныя рамёствы: кавальскае, выраб прадметаў хатняга ўжытку, драўляных лодак, цыновак, кошыкаў, рыбалоўных сетак з валакна какосавых арэхаў, разьбярства па дрэве, выраб упрыгожанняў і сувеніраў з каралаў і ракавін. Ёсць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на імпартаваным паліве і выпрацоўваюць штогод каля 60 млн. кВтгадз электраэнергіі. Важная крыніца даходу — выпуск паштовых марак. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 тыс. га. Вырошчваюць какосавую пальму (збор штогод каля 10 млн. шт. арэхаў), хлебнае дрэва, цытрусавыя, манга, бананы, агародніну (перац, цыбуля, памідоры), караняплоды (ямс, батат), збожжавыя (проса). Жывёлагадоўля не развіта з-за адсутнасці кармавых угоддзяў. Птушкагадоўля. Транспарт пераважна марскі. Гандл. флот М. налічвае 19 суднаў. 2 міжнар. аэрапорты (каля г. Мале і на в-ве Ган). На астравах 10 км аўтадарог. У 1995 экспарт склаў 50 млн. дол., імпарт 268 млн. долараў. М. экспартуе пераважна рыбу і морапрадукты (50 % па кошце), копру, тэкст. і электронныя вырабы. У імпарце пераважаюць прамысл. і харч. тавары, паліва. Асн. знешнегандл. партнёры: Сінгапур, Індыя, Шры-Ланка, Японія. Краіна атрымлівае дапамогу ад асобных дзяржаў і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — мальдыўская руфія.

А.А.Дабрыцкая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мальдываў.

т. 10, с. 43

МАЛЬДЫ́ЎСКІЯ АСТРАВЫ́,

група астравоў на ПнЗ Індыйскага ак. Пл. 298 км2. На астравах дзяржава Мальдывы.

т. 10, с. 44