Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭПУТА́Т (ад позналац. deputatus упаўнаважаны),

асоба, выбраная ў прадстаўнічы орган дзяржавы ці орган мясц. самакіравання; паўнамоцны прадстаўнік пэўнай часткі насельніцтва — выбаршчыкаў свайго выбарнага органа або ўсёй нацыі. Д. працуе ў адпаведным прадстаўнічым органе на прафес. (у большасці дэмакр. дзяржаў) або непрафес. аснове, г. зн. не парываючы з асн. дзейнасцю. Статус Д. ўстанаўліваецца канстытуцыяй і спец. законамі. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў органах дзярж. улады з’яўляюцца Д. Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Д. мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яго паўнамоцтвы пачынаюцца з дня выбрання і заканчваюцца ў дзень выбрання Д. новага склікання або датэрмінова ў адпаведнасці з заканадаўствам. Д. забяспечваюцца ўмовамі для бесперашкоднага і эфектыўнага ажыццяўлення сваіх правоў і абавязкаў, маюць пэўныя льготы і карыстаюцца дэпутацкай недатыкальнасцю (гл. Імунітэт). Пры неабходнасці Д. можа быць адкліканы сваімі выбаршчыкамі. Адкліканне Д. ажыццяўляецца на падставах, прадугледжаных законам.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 6, с. 355

ДЭПУТА́ЦКАЯ НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ,

гл. ў арт. Імунітэт.

т. 6, с. 355

ДЭРАТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + франц. rat пацук),

комплекс мерапрыемстваў па знішчэнні шкодных грызуноў (пацукоў, мышэй, суслікаў, суркоў і інш.). Прафілактычная Д. накіравана на пазбаўленне грызуноў корму і піцця, а таксама месцаў для наладжвання нораў і гнёздаў. Знішчальную Д. праводзяць механічнымі (пасткі, петлі), біял. (бактэрыяльныя культуры, драпежнікі) і хім. метадамі.

т. 6, с. 355

ДЭРБЕ́НТ,

горад, райцэнтр у Дагестане Рас. Федэрацыі. 82 тыс. ж. (1992). Порт на Каспійскім м., чыг. станцыя на лініі Махачкала—Баку. Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. абсталяванне, шліфавальныя станкі), харч. (кансервы, віно, каньяк), лёгкая (воўнапрадзенне, дываны), буд. матэрыялаў.

Пасяленні на тэр. Д. ўзніклі ў 8—6 ст. да н.э. Верагодна, уваходзіў у склад Албаніі Каўказскай, у 4 ст. да н.э. — дзяржавы Сасанідаў. У 6 ст. Д. — адзін з найважнейшых ваен.-стратэгічных пунктаў на Каўказе. У канцы 6 — пач. 7 ст. прадмет спрэчак паміж Арабскім халіфатам і Хазарскім каганатам, неаднаразова пераходзіў з рук у рукі. У 8—13 ст. буйны гандл. цэнтр і порт на Каспіі. У 10 ст. ў горадзе правіла дынастыя Хашымідаў. У 1239 заваяваны мангола-татарамі, прыйшоў у заняпад. У 16 — пач. 18 ст. ўваходзіў у склад Персіі (у 1578—1606 захоплены туркамі). У 1722 заняты рус. войскамі. Паводле Гянджынскага трактата 1735 вернуты Персіі. З 1747 сталіца Дэрбенцкага ханства. У 1806 паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 далучаны да Рас. імперыі. З 1840 павятовы, у 1846—60 губернскі горад. да 1866 цэнтр Дагестанскай вобл.

т. 6, с. 355

ДЭ́РБІ (Derby),

горад у цэнтр. Вялікабрытаніі, на З ад г. Нотынгем, на р. Дэруэнт. 227,1 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (авіярухавікі, інш. галіны трансп. машынабудавання), тэкст. (тканіны баваўняныя, шаўковыя, з хім. валокнаў), трыкат., гарбарная, фарфоравая. Вытв-сць карункаў. Арх. помнікі 14—19 ст. (царква Сент-Пітэр, Зала сходаў, сабор). Маст. галерэя.

т. 6, с. 355

ДЭ́РВІШ, дарвіш (перс. літар. бядняк, жабрак),

член мусульм. містычнага брацтва, суфій (гл. Суфізм). Сяліліся ў суфіцкіх манастырах як вандроўныя аскеты (факіры), жылі з міласціны. Брацтвы Д., заснаваныя на вучэнні суфізму, узніклі ў 11—13 ст., асабліва пашыраны ў Іране і Сярэдняй Азіі. Гал. прынцыпы Д. — беднасць, аскетызм і поўнае прысвячэнне Богу, гал. мэта — містычнае ўз’яднанне з Богам, якога імкнуліся дасягнуць шляхам рытуальнай малітвы, у некаторых брацтвах спалучанай з экстатычным танцам або акампанементам муз. інструментаў.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 355

ДЭ́РМА (ад грэч. derma скура),

злучальнатканкавая частка скуры пазваночных жывёл і чалавека, якая знаходзіцца пад эпідэрмісам; уласна скура. Развіваецца з мезадэрмы. Д. вял., ці малая рухома злучана з органамі, што ляжаць ніжэй, падскурнай рыхлай злучальнай тканкай, часта багатай тлушчавымі адкладамі. Складаецца з 2 слаёў: паверхневага сасочкавага (мае сасуды, забяспечвае жыўленне эпідэрмісу і яго вытворных) і сеткаватага (выконвае апорную функцыю).

т. 6, с. 355

ДЭРМАГРАФІ́ЗМ (ад дэрма + грэч. graphō пішу),

змена афарбоўкі скуры пры мех. яе раздражненні. Адрозніваюць Д. белы (палосы пры раздражненні белага колеру), узвышаны (палосы чырв. колеру, узвышаныя над скурай і доўга не знікаюць), чырвоны (палосы чырв. ці ружовага колеру), разліты (палосы выходзяць за межы ўчастка, які раздражнялі), рэфлектарны (шырокая паласа з чырв. і белых плям), уртыкальны (на месцы раздражнення пухіры), мясцовы (толькі месца штрыхавога раздражнення). Мае дыягнастычнае значэнне.

т. 6, с. 355

ДЭРМАТА... [ад грэч. derma (dermatos) скура], першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да скуры, скурных захворванняў, напр., дэрматалогія, дэрматаміязіт.

т. 6, с. 355

ДЭРМАТАГЕ́Н (ад дэрмата... + ...ген),

вонкавы шчыльны (без міжклетнікаў) слой клетак першаснай утваральнай тканкі (мерыстэмы) у кончыках каранёў пакрытанасенных раслін. Утварае эпіблему з каранёвымі валаскамі. У двухдольных удзельнічае ў фарміраванні каранёвага чахольчыка. На верхавінках паветраных каранёў архідных, ароідных і некат. інш. раслін Д. утварае мнагаслойную тканку (т. зв. веламен), якая збірае ваду. У голанасенных раслін функцыю Д. выконвае пратадэрма.

т. 6, с. 355