Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫВА́ННЕ ДЗЕЯСЛО́ВА,

лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае на завершанасць або незавершанасць дзеяння.

У бел. і інш. слав. мовах вылучаюць 2 віды Т.дз.: незакончанае. якое выражае працягласць. паўтаральнасць дзеяння без указання на яго вынік або мяжу («жыву, жыў, буду жыць») і закончанае, якое абазначае абмежаванасць дзеяння ў часе — пачатак або канец, завершанасць дзеяння. адзін з момантаў яго працякання («пражыў, пражыву»). Дзеясловы незакончанага і закончанага трыванняў з аднолькавым лексічным значэннем утвараюць пары («вучыць — вывучыць», «жаць — зжаць»). Утварэнне трывальнай пары можа ісці двума шляхамі: перфектывацыяй (ад дзеяслова незакончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў закончанага трывання) або імперфектывацыяй (ад дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання). Трывальныя пары дзеясловаў утвараюцца пераважна з дапамогай прыставак («вячэраць — павячэраць») і суфіксаў («натхніць — натхняць»), чаргавання гукаў у словах («збіраць — сабраць», змены месца націску («накіда́ць — накі́даць»), суплетывізму асноў («гаварыць — сказаць»). Большасць дзеясловаў бел. мовы парныя паводле трывання («рабіць — зрабіць», «спазняцца — спазніцца»). Есць дзеясловы, што маюць форму толькі аднаго трывання — незакончанага («залежаць», «паважаць») або закончанага («абнародаваць», «схамянуцца»). Такія дзеясловы не ўтвараюць трывальныя пары і называюцца няпарнымі або аднатрывальнымі. У некат. дзеясловах значэнне закончанага і незакончанага Т.дз. супадае ў адной форме («атакаваць», «сігналізаваць»). Такія дзеясловы лічацца двухтрывальнымі. З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу дзеяслова.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. Мн., 1997.

Т.​Л.​Бандарэнка.

т. 15, с. 544

ТРЫВІЯ́ЛЬНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

гл. Масавая літаратура.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНАЕ НІВЕЛІ́РАВАННЕ,

геадэзічнае нівеліраванне, метад вызначэння рознасці вышынь (перавышэнняў) пунктаў на зямной паверхні. Пры Т.н. вымяраюць вуглы нахілу ν і даўжыні нахіленай лініі візіравання S або яе праекцыі s на гарызантальную плоскасць.

Перавышэнне h вылічваюць паводле формулы: h = s ∙ tg ν + ( 1 − k ) s2 / 2 R , дзе k — каэфіцыент рэфракцыі, R — радыус Зямлі як шара. На кароткія адлегласці выкарыстоўваецца формула: h = s ∙ tg ν + i − V , дзе i — вышыня прылады, V — вышыня візіравання. Для вымярэння вуглоў выкарыстоўваюць геад. прылады: кіпрэгель, тахеометр, тэадаліт; адлегласцей — рулеткі, аптычныя дальнамеры і інш. Т.н. выкарыстоўваецца пры топагеадэзічных работах на мясцовасці і маркшэйдэрскіх здымках у горных выпрацоўках, нахілы якіх большыя за 8°.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Трыганаметрычнае нівеліраванне: i — вышыня прылады; V — вышыня візіравання; n — рознасць вышынь (перавышэнне) паміж пунктамі A і B; S — лінія візіравання; s — гарызантальная праекцыя лініі візіравання; ν — вугал нахілу візірнага праменя.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне адносна трыганаметрычных функцый ад невядомага аргумента. Для рашэння Т.ў. на аснове суадносін паміж трыганаметрычнымі функцыямі яго зводзяць да ўраўнення адносна адной з іх. Пасля чаго карані Т.ў. атрымліваюць з дапамогай адваротных трыганаметрычных функцый.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,

клас элементарных функцый, да якога адносяць функцыі сінуса (sin), косінуса (cos), тангенса (tg), катангенса (ctg), секанса (sec) і касеканса (cosec). Графікі Т.ф. перыядычныя, прычым графікі tg і ctg маюць перыяд π, астатнія — 2π.

Узніклі ў сувязі з даследаваннямі ў астраноміі і геаметрыі. Суадносіны паміж адрэзкамі трохвугольніка і акружнасці сустракаюцца ў 3 ст. да н.э. ў працах Эўкліда, Архімеда, Апалонія Пергскага і інш. матэматыкаў Стараж. Грэцыі. Т.ф. разглядаліся як адрэзкі і ў такой форме выкарыстоўваліся Арыстархам, Гіпархам, Пталамеем і Менелаем (1 ст. да н.э.) пры рашэнні сферычных трохвугольнікаў (гл. Сферычная трыганаметрыя). Раскладанне Т.ф. у ступенныя шэрагі атрымаў І.Ньютан (1669). Сучасную форму тэорыі Т.ф. надаў Л.Эйлер. Яму належаць таксама вызначэнне Т.ф. для сапраўдных і камплексных аргументаў, сімволіка. сувязі з паказнікавай функцыяй (гл. Эйлера формулы), артаганальнасць сістэмы сінусаў і косінусаў, формулы раскладання сінуса і косінуса ў бясконцыя здабыткі, катангенса — на элементарныя дробы. Т.ф. сапраўднага аргумента разглядаюць з дапамогай акружнасці адзінкавага радыуса (трыганаметрычнага круга), зададзенай на каардынатнай плоскасці. Вугал вымяраецца ў градусах або радыянах (радзей градах), можа змяняцца ў межах ад -∞ да +∞ і лічыцца дадатным, калі ён адлічаны супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі. Для вострых вуглоў Т.ф. вызначаюцца таксама праз суадносіны паміж. старанамі прамавугольнага трохвугольніка. Суадносіны паміж Т.ф. вызначаюцца формуламі: tg x = sin x cos x , ctg x = cos x sin x , cosec x = 1 sin x , sec x = 1 cos x ; паміж Т.ф. і гіпербалічнымі функцыямі ад уяўнага аргумента — формуламі: sin z = −i   sh   iz , cos z = −i   ch   iz , tg z = −i   th   iz . Т.ф. камплекснага аргумента z = x + iy , дзе х i y — сапраўдныя лікі, можна выразіць праз трыганаметрычныя і гіпербалічныя функцыі, напр., sin ( x + iy ) = sin x ch y + icos x sh y . Існуюць таксама формулы. якія даюць магчымасць знайсці выразы Т.ф. вял. аргументаў. палавінных, падвойных і кратных (гл. Муаўра формула) значэнняў аргумента, выразіць здабытак Т.ф. праз іх суму і інш. Вытворныя Т.ф. выражаюцца праз Т.ф., напр., ( sin x )′ = cos x , ( cos x )′ = −sin x , першаісныя — праз Т.ф. ці іх лагарыфмы, напр., для sinx і tgx першаісныя адпаведна −cosx і lnsecx. Раскладанне Т.ф. ў ступенныя шэрагі выкарыстоўваецца пры набліжаным вылічэнні іх значэнняў. напр., з дакладнасцю да 0,0003 cos x = 1 − x2 2! + x4 4! пры 0 < x < π/4, а таксама пры вызначэнні Т.ф. ад камплексных пераменных. Т.ф. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі. напр., для апісання перыядычных (у т. л. вагальных) працэсаў.

А.​А.​Гусак.

Сувязь трыганаметрычных функцый вострага вугла: 1 — са старанамі прамавугольнага трохвугольніка (sinα = a/c, cosα = b/c, tgα = = a/b, ctgα = b/a, secα = c/b, cosecα = c/a); 2 — з адрэзкамі, звязанымі з акружнасцю адзінкавага радыуса (sinα = AB, cosα = OB, tgα = CD, ctgα = EF, secα = OC, cosecα = OF, I—IV — чвэрці).
Графікі трыганаметрычных функцый: 1 — y = sinx; 2 — y = cosx; 3 — y = tgx, 4 — y = ctgx; 5 — y = secx; 6 — y = cosecx.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, трыянгуляцыйны пункт,

геадэзічны пункт, каардынаты якога атрыманы метадам трыянгуляцыі. Дакладнае яго становішча на мясцовасці замацоўваецца ў зямлі бетоннай або метал. пірамідай і над зямлёй маяком або вышкай; наносіцца на тапаграфічныя карты. Гл. таксама Геадэзічны пункт, Геадэзічныя знакі, Сігнал геадэзічны.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНЫ ШЭ́РАГ функцыянальны шэраг па сінусах і косінусах кратных дуг. Уведзены Л.Эйлерам (1744). У матэм. запісе маюць выгляд: a0 / 2 + ∑ k=1 ∞ ( ak cos kx = bk sin kx ) або ў камплекснай форме ∑ k = −∞ ∞ ck eikx , дзе ak, bk і ck — каэфіцыенты Т.ш. Асобная форма Т.ш. — Фур’е шэраг. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе, тэорыі лікаў і інш.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. trigōnon трохвугольнік + ...метрыя),

раздзел матэматыкі, які вывучае трыганаметрычныя функцыі і іх дастасаванні да геаметрыі. Элементы Т. сустракаюцца ў Эўкліда (3 ст. да н.э.); значнае развіццё атрымала ў працах арабскіх і індыйскіх матэматыкаў (9—13 ст.). Сучасны выгляд набыла ў працах Л.Эйлера (18 ст.).

Падзяляецца на плоскую і сферычную трыганаметрыю. Калі a, b, c — стораны трохвугольніка. A, B, C — процілеглыя вуглы і ўсе стораны і вуглы раўнапраўныя, то асн. формулы плоскай Т. маюць выгляд: a sin A = b sin B = c sin C (тэарэма сінусаў), a2 = b2 + c2 − 2bc ∙ cos A (тэарэма косінусаў), a − b a + b = tg A − B 2 : A + B 2 (тэарэма тангенсаў).

Плошчу трохвугольніка вылічваюць паводле формул: S = 1 2 a b sin C = a2 2 ∙ sin B ∙ sin C sin ( B + C ) = p2 ∙ tg A2 ∙ tg B2 ∙ tg C2 , дзе p — паўперыметр трохвугольніка.

А.​А.​Гусак.

т. 15, с. 545

ТРЫГАТРО́Н [ад трыгер + (элек)трон],

высакавольтная іонная (газаразрадная) прылада; трохэлектродны кіравальны разраднік. Мае анод, халодны катод і дапаможны (падпальны) электрод. Бывае адкрыты (разрад адбываецца ў паветры) і герметызаваны (электроды размешчаны ў шкляной ці керамічнай абалонцы, запоўненай інертным газам). Выкарыстоўваецца ў асн. для фарміравання эл. імпульсаў для мадуляцыі высокачастотных ваганняў у магутных генератарных лямпах і магнетронах.

т. 15, с. 545

ТРЫ́ГЕР (англ. trigger),

спускавая схема з 2 (радзей больш) станамі ўстойлівай раўнавагі; адзін з асн. элементаў лічыльнікаў, вылічальных машын, фарміравальнікаў імпульсаў і інш. Стан раўнавагі Т. захоўваецца.

Мае 2 выхады — асноўны (прамы) і інверсны. Асн. параметры: хуткадзеянне (найб. лік пераключэнняў за адзінку часу), час спрацоўвання (час пераходу з аднаго стану ў другі), узроўні ўваходных і выхадных сігналаў. Пераход Т. з аднаго стану ў другі (перакульванне) адбываецца пры падачы кіроўных сігналаў на розныя ўваходы (установачны запуск) ці паслядоўна на адзін і той жа (лічыльны запуск). Найб. пашыраны электронныя Т. на аснове электравакуумных, газаразрадных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем. Выкарыстоўваюцца як адны з найб. універсальных элементаў лагічных і выліч. прылад.

т. 15, с. 545