Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІ́ВЕРЦАВА (Галіна Міхайлаўна) (н. 3.8.1947, г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Жонка В.​Я.​Сіверцава. Скончыла Уральскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1966), Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1972). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1994 дырэктар), з 1998 нам. дырэктара Цэнтра дэкар.-прыкладнога мастацтва ў Мінску. Працуе ў галіне габелена, сцэн. касцюма, сувенірных вырабаў. Творы вызначаюцца вобразнай змястоўнасцю, эмацыянальнасцю, структурным адзінствам каларыту і малюнка. Аўтар манум. габеленаў «Казкі купальскай ночы» (серыя, 1986) для Дома культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве, «Каля возера» (1998) для рэстарана «Свіцязь» у Мінску; габеленавых заслон для Дома літаратара ў Мінску (1980), для Дома культуры нафтаперапр. з-да ў Мазыры (1992), дзіцячай школы мастацтваў у Магілёве (1993). Сярод інш. твораў: габелены «Чорнае і белае» (1977), «Вехі» (1982), «Па газонах не хадзіць» (1990), «Спляценне лёсу» (1991), «Знак» (1992) і інш.

Г.Сіверцава. Фрагмент габелена з серыі «Казкі купальскай ночы». 1986.

т. 14, с. 364

СІ́ВЕРЦАЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 28.11.1945, г. Цюмень, Расія),

бел. мастак. Муж Г.​М.​Сіверцавай. Скончыў Уральскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1966), Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1971). З 1978 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе ў галінах комплекснага маст. праектавання інтэр’ераў, выставак, манум.-дэкар. мастацтва. Аўтар праектаў маст. афармлення інтэр’ераў гал. корпуса Нац. АН Беларусі (1981), рэстарана «Свіцязь» (1984), Палаца моладзі і школьнікаў (1988), рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1997—99) у Мінску; манум.-дэкар. скульптуры са зварнога металу для фасада Палаца культуры ў г. Слонім Гродзенскай вобл. (у сааўт., 1987) і інш.

В.Сіверцаў. Фрагмент фасада Дома культуры ў Слоніме. 1987.

т. 14, с. 364

СІВЕ́Ц (Nardus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 1 від — С. стаячы (N. stricta). Пашыраны ў цеплаўмераным поясе Еўразіі. Заносны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца на лясных пясчаных палянах, на ўскрайках балот, часам утварае лугі. Нар. назвы пясюк, чортава барада.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—40 см. Утварае густыя дзярніны. Сцёблы цвёрдыя, прамастойныя, без вузлоў. Лісце шчацінкападобнае, шызавата-зялёнае, шурпатае. Адмерлае лісце захоўваецца некалькі гадоў і ўтварае светлую «грыву» вакол жывых парасткаў (адсюль назва). Суквецце — аднабокі колас з сядзячымі аднакветнымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавая расліна нізкай якасці (індыкатар беднасці глебы), выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў і як дэкаратыўная.

А.​М.​Скуратовіч.

Сівец стаячы.

т. 14, с. 364

СІВІ́ЛЫ, Сібілы,

у старажытных грэкаў, рымлян і некат. інш. народаў легендарныя жанчыны-прарочыцы, якія ў экстатычным стане ў вершаванай форме «абвяшчалі» волю багоў, прадказвалі будучыню (звычайна — розныя беды). У рымлян найб. вядомасцю карысталіся т.зв. Куманская і Цібурцінская С. Іх нібыта запісаныя прадказанні («сівіліны кнігі») як вялікую таямніцу захоўвалі жрацы ў храме Юпітэра Капіталійскага і выкарыстоўвалі (да 5 ст. н.э.) у надзвычайных выпадках (паліт. крызісы, войны і інш.). Верагодна, ад імя С. выступалі невядомыя грэч., рым., іудзейскія і інш. аўтары. Да вобразаў С. звярталіся многія ант. і пазнейшыя мастакі і пісьменнікі.

т. 14, с. 364

СІ́ВІЦА,

вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калект. гаспадаркі добраахвотна аб’яднаных сялян. За 29 км на ПдУ ад горада і 46 км ад чыг. ст. Валожын, 70 км ад Мінска. 442 ж., 159 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 365

СІВІ́ЦКАЯ Людвіка Антонаўна, гл. Верас Зоська.

т. 14, с. 365

СІВІЧА́НКА,

рака ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Волка (бас. р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 37 км². Пачынаецца на зах. схілах Мінскага ўзв. за 1 км на ПдЗ ад в. Сівіца, цячэ па Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Волка за 7,8 км на ПдУ ад в. Белы Бераг Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пойма пераважна забалочаная. Рэчышча да вусця на працягу 4,1 км каналізаванае.

т. 14, с. 365

СІВУ́ЧЫ (Eumetopias),

род млекакормячых жывёл сям. вушастых цюленяў. Адзіны від у родзе — С. (E. jubatus). Пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак.

Даўж. да 3,5 м, маса да 800 кг. Афарбоўка летам рыжая, зімой бурая. Трымаецца статкамі. Размнажаюцца звычайна на камяністых берагах астравоў, самцы ўтвараюць гарэмы з 15—20 самак. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, інш. марскімі жывёламі. Нараджаюць 1 дзіцяня. Промысел дзеля шкуры і тлушчу.

Сівуч.

т. 14, с. 365

СІВУ́ШНАЕ МА́СЛА,

адходы вытв-сці этылавага спірту метадам браджэння. Масляністая вадкасць ад светла-жоўтага да чырвона-бурага колеру з непрыемным пахам. Паводле хім. саставу — сумесь ізаамілавага (гл. Амілавыя спірты), ізабутылавага і інш. аднаатамных спіртоў: з альдэгідамі, к-тамі і інш. арган. злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання асобных спіртоў. С.м. атрутнае, раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў.

т. 14, с. 365

СІВЫ́ ДЗЯ́ЦЕЛ,

гл. ў арт. Дзятлавыя.

т. 14, с. 365