СІВІ́ЛЫ, Сібілы,

у старажытных грэкаў, рымлян і некат. інш. народаў легендарныя жанчыны-прарочыцы, якія ў экстатычным стане ў вершаванай форме «абвяшчалі» волю багоў, прадказвалі будучыню (звычайна — розныя беды). У рымлян найб. вядомасцю карысталіся т.зв. Куманская і Цібурцінская С. Іх нібыта запісаныя прадказанні («сівіліны кнігі») як вялікую таямніцу захоўвалі жрацы ў храме Юпітэра Капіталійскага і выкарыстоўвалі (да 5 ст. н.э.) у надзвычайных выпадках (паліт. крызісы, войны і інш.). Верагодна, ад імя С. выступалі невядомыя грэч., рым., іудзейскія і інш. аўтары. Да вобразаў С. звярталіся многія ант. і пазнейшыя мастакі і пісьменнікі.

т. 14, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)