СІВЕ́Ц (Nardus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 1 від — С. стаячы (N. stricta). Пашыраны ў цеплаўмераным поясе Еўразіі. Заносны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца на лясных пясчаных палянах, на ўскрайках балот, часам утварае лугі. Нар. назвы пясюк, чортава барада.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—40 см. Утварае густыя дзярніны. Сцёблы цвёрдыя, прамастойныя, без вузлоў. Лісце шчацінкападобнае, шызавата-зялёнае, шурпатае. Адмерлае лісце захоўваецца некалькі гадоў і ўтварае светлую «грыву» вакол жывых парасткаў (адсюль назва). Суквецце — аднабокі колас з сядзячымі аднакветнымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавая расліна нізкай якасці (індыкатар беднасці глебы), выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў і як дэкаратыўная.

А.​М.​Скуратовіч.

Сівец стаячы.

т. 14, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)