Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАКУНЫ́ (Cicindela),

род жукоў сям. жужаляў (вылучаюць і падсям. С. — Cicindelinae). Каля 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць на травяністых месцах, на пяску. Перамяшчаюцца скачкападобнымі пералётамі (адсюль назва). На Беларусі адзіны від — С. пясчаны, або арэнарыя (C. arenaria), занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 6,5—22 мм. Цела ярка афарбаванае, пераважна з белым малюнкам на надкрылах. Галава вял., вочы пукатыя, сківіцы серпападобныя. Дзённыя драпежнікі, кормяцца пераважна насякомымі.

Скакуны: 1 — пурпуровы; 2 — шасцікрапінкавы; 3 — пясчаны, або арэнарыя; 4 — лічынка.

т. 14, с. 432

СКАКУНЫ́, павукі-скакуны (Salticidae),

сямейства павукоў. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Трапляюцца на глебе, дрэвах, у траве і інш. На Беларусі каля 15 відаў.

Даўж. цела 2—9 мм. Покрыва шчыльнае, часта стракатае і ярка афарбаванае, асабліва ў самцоў. Галавагрудзі спераду прыўзнятыя. ззаду сплюшчаныя. Вочы размешчаны ў 3 рады, у пярэднім — 4 вокі, у задніх — па 2. Актыўныя ўдзень. Характэрны т.зв. «шлюбныя танцы». Кормяцца насякомымі. На здабычу скачуць, перамяшчаюцца скачкамі (адсюль назва).

Скакуны (павукі): 1 — геліяфанус энеус; 2 — еліяфанус купрэус; 3 — эрыс трыкалор: 4 — фіяле флавагугатус.

т. 14, с. 432

«СКАКУ́ХА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Танец імправізацыйнага характару, выконваецца весела, разгульна, пад прыпеўкі гумарыст. зместу. Дробныя рухі ног (дробушкі) спалучаюцца з хуткімі вярчэннямі і размахваннем хусткай. «С.» танцуюць жанчыны на дажынках, «каравайніцы» на вяселлях (т.зв. бабскія скакухі). Зафіксаваны ў 1-й пал. 19 ст., быў вельмі пашыраны на Беларусі са значнымі рэгіянальнымі адрозненнямі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 14, с. 432

СКАЛАБА́Н (Віталь Уладзіміравіч) (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык, літаратуразнавец. Канд. гіст. н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1972 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1992—95 заг. рэдакцыі). З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.​Скарыны, з 2002 у Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел. нац. руху, культуры 19 — пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст.зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918—1919 гг.», укл. з В.​Дз.​Селяменевым, 2000) і інш. Адзін са складальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.​М.​Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Р.​П.​Платонаў» (2000), «М.​В.​Доўнар-Запольскі» (2001). Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. фільмаў пра Ц.​Гартнага, У.​Ігнатоўскага, Я.​Купалу і інш.

Тв.:

Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. №2;

Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1986;

«Хай ведаюць патомкі...»: Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. // Роднае слова. 1997. №8;

Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: прабл. збору, захавання і выдання // Архівы і справаводства. 2000. №1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 432

СКАЛАЛА́ЖАННЕ спартыўнае,

праходжанне скальных маршрутаў з улікам хуткасці і складанасці пад’ёму; від альпінізму. Уключае індывід. ўзыходжанні без прыстасаванняў і камандныя — двух спартсменаў, якія ўзаемадзейнічаюць у звязцы пры выкарыстанні спец. прылад і рыштунку. Спаборніцтвы праводзяцца на крутых скалах выш. каля 100 м. Узнікла С. ў СССР у 1930-я г. На Беларусі Федэрацыя альпінізму і скалалажання існуе з 1955. Чэмпіянаты рэспублікі па С. праводзяцца з 1973. Найб. актыўна развіваецца С. ў гарадах Бабруйск, Барысаў, Гомель, Жлобін, Ліда, Магілёў, Мінск, Пінск. Штучныя скаладромы пабудаваны ў Гомелі і Мінску. У міжнар. спаборніцтвах найб. вызначыліся Дз.​Бычкоў, А.​Дыбанаў, В.​Хананаў, С.​Шафераў (1999—2001) і інш.

В.​С.​Кахнепка.

т. 14, с. 433

СКАЛАПЕ́НДРАВЫЯ (Scolopendromorpha, або Scolopendrida),

атрад беспазваночных жывёл кл. губаногіх. 2 сям.: крыптапіды (Cryptopidae) і скалапендры (Scolopendridae). Каля 900 відаў. Большасць пашыраны ў тропіках і субтропіках, глебавыя С. трапляюцца ў стэпавай і лясной зонах Усх. Еўропы. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у расколінах скал, глебы і інш.

Даўж. да 30 см. Цела пляскатае ў спінна-брушным напрамку, складаецца з членікаў, на большасці якіх ёсць дыхальцы. Спіна скурыстая, звычайна цямнейшая за брушка. Скалапендры па баках галавы маюць вочы, якія складаюцца са скопішчаў простых вочак, крыптапіды — сляпыя. Развіццё з эпімарфозам. Кормяцца ў асн. беспазваночнымі, буйныя — і дробнымі пазваночнымі. Многія ядавітыя, ядомыя.

т. 14, с. 433

СКАЛЕКАДО́НТЫ [Scolecodontes ад грэч. scōlēx чарвяк + odys(odontos) зуб],

выкапнёвыя рэшткі сківіц драпежных многашчацінкавых чарвей. Маюць выгляд чорных вызубленых скрыўленых пласцінак даўж. 0,3—3 мм. Складаюцца з хіцінавага рэчыва, часам з уключэннямі вапны. На тэр. Беларусі выяўлены ў адкладах ардовіку, сілуру, дэвону, карбону (каля 500 млн. г. назад і пазней). Служаць для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.

т. 14, с. 433

СКАЛІЁЗ,

тое, што скрыўленне пазваночніка.

т. 14, с. 433

СКАЛІ́СТЫЯ ГО́РЫ (Rocky Mountains),

усходняя частка сістэмы Кардыльер Паўн. Амерыкі на З Канады і ЗША, паміж 60° і 32° паўн. шыраты. Даўж. каля 3200 км, шыр. да 700 км. Сфарміраваліся ў ларамійскую складкаватасць. Паводле характару рэльефу падзяляюцца на 3 часткі: Паўночную (на Пн ад 45°), якая характарызуецца кампактнасцю і працягласцю хрыбтоў, складзеных з гранітаў, шырокім развіццём ледавіковых форм, выш. да 3954 м (г. Робсан); Сярэднюю (паміж 45° і 41° паўн. ш.) з шырокімі хрыбтамі са згладжанымі вяршынямі, падзеленымі шырокімі тэктанічнымі паніжэннямі і плато; Паўднёвую (на Пд ад 41° паўн. ш.) найб. шырокую і высокую (г. Элберт, 4399 м), перасечаную глыбокімі каньёнамі рэк Кароткія хрыбты размешчаны кулісападобна, складзены з вапнякоў, гліністых сланцаў і пясчанікаў, чаргуюцца з вялізнымі басейнамі — «паркамі». Радовішчы малібдэну, фасфарытаў, медзі, золата, серабра, поліметалаў, нафты, каменнага вугалю. Вулканічныя з’явы (гейзеры, тэрмальныя крыніцы), землетрасенні. Клімат кантынент., умераны, на Пд субтрапічны, сухі, асабліва ў паніжэннях і на ўсх. схілах. На вяршынях і зах. схілах ападкаў да 1000 мм за год. Выш. снегавой мяжы 4000 м на Пд, 2500 м на Пн. С.г. — водападзел паміж бас. Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Тут бяруць пачатак рэкі: Місуры, Каларада, Рыо-Грандэ, Снейк, Арканзас і інш. Расліннасць — пераважна лясы, на Пн — горнатаежныя, падымаюцца да выш. 1500 м, і рэдкалессі, горная тундра; на Пд хваёвыя лясы — да выш. 3600 м, вышэй субальпійскія, альпійскія лугі і вечныя снягі. У далінах — стэпы і паўпустыні. Буйныя нац. паркі: Джаспер, Банф, Іоха, Глейшэр (Канада), Йелаўстонскі, Рокі-Маўнтын (ЗША).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 433

СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,

рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.

т. 14, с. 433